Суд над вайсковай фельчаркай і арышт маёмасці экс-палітвязня: хроніка пераследу 21-22 студзеня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-22 студзеня 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" выяву з тэкстам "ніколі не губляйце сваю ўсмешку"
Гаворка пра выяву "ніжняй частцы чэрапа са скрыжаванымі ззаду косткамі і размешчаным зверху надпісам "Never lose your smile". Адпаведнае рашэнне прынятае 14 студзеня судом Цэнтральнага раёну Гомеля.
Таксама спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты "Польский студент", "Mister Frostovik", "Беларусь комiкс", "Жодино канал", "ЗЕБГ+", "North Side Group", "Strike Drone Company";
- Instagram старонкі "stachkombelaruskalii", "2025calendar", "razam.niedersachsen", "smthnhappened", "filin.bу", "streetwind", "Квартал Запад-2 TUT", "ПТСР Дiда", "MURAMASA", "Біле ⨁ Сонце";
- Facebook-старонка "Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя: Брэсцкая вобласць";
- Старонка ў "Х" "Пульс Беларуси";
- Сайт "Povestka помощь призывникам" — no-army.cоm;
- Youtube-каналы "Народны дэпутат", "Экономика здравого смысла | Ярослав Романчук";
- Старонкі ў сацсетках праекту "Мiнiстэрства сепультуры";
- Старонкі ва "Укантакце" "Антология Сибирского Панка", "Студэнты.bу | Студэнты Беларусi", "Сацыяльна-хрысцiянскi рух";
- Старонкі ў "Аднакласніках" "Мы против диктаторских режимов 2", "Иван Столяров", "Общее дело";
- Старонка ў TikTok "blueeyedone3257".
У Чашніках у пяты раз судзілі спартоўца-аматара Канстанціна Чарнова
Судовы ціск у дачыненні да мужчыны распачаўся яшчэ ў снежні мінулага года: 6 снежня, 11 снежня, 17 снежня і 21 студзеня яго судзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), а 19 снежня — за "несанкцыянавае пікетаванне" (ч. 1 арт. 24.23 КаАП).
Цягам апошніх месяцаў "экстрэмісцкімі" былі прызнаны старонкі Канстанціна ў сацсетках, у тым ліку тройчы — яго акаўнт у ТікТок, паведаміла 22 студзеня "Віцебская вясна".
Пад Гомелем затрымалі экс-кандыдата ў дэпутаты, блогера-правакатара і фермера Юрыя Ганцэвіча
"Гомельская вясна" 22 студзеня даведалася пра затрыманне ў вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёна Юрыя Ганцэвіча – мясцовага фермера, экс-кандыдата на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе, удзельніка ролікаў блогера-палітвязня Сяргея Ціханоўскага.
Пазней Ганцэвіч таксама стаў блогерам, а пасля пачаў выкарыстоўваць у інтэрнэце правакацыі, каб пакараць іншых удзельнікаў анлайн-гутарак і спагнаць з іх грошы.
Жывёлы, якіх гадуе фермер Ганцэвіч, на гэты момант застаюцца без догляду.
У Лепелі за "распаўсюд экстрэмізму" судзілі жанчыну, якая служыць у войску
У судзе Лепельскага раёна 21 студзеня разглядалі справу ў дачыненні да Ганны Ігараўны Траян. Жанчыну асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Працэс узначальвала суддзя Ірына Кручыніна, паведаміў тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю!".
Паводле ўсіх прыкмет, жанчына служыць у 231-й артылерыйскай брыгадзе, якая дыслакуецца ў Бароўцы Лепельскага раёна.
У 2021 годзе Міністэрства абароны Беларусі пісала пра прапаршчыка Ганну:
"Ганна — прадаўжальніца вайсковай дынастыі. З 2016 года дзяўчына служыць фельчарам у гарматным самаходна-артылерыйскім дывізіёне артылерыйскай брыгады. За час службы дзяўчына паспела атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю і заслужыць рэпутацыю выдатнага спецыяліста".
Былы палітзняволены блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) распавёў аб арышце ягонай маёмасці
Пра гэта ён напісаў 21 студзеня ў Instagram.
Нагадаем, палітзняволены блогер выйшаў на волю 29 чэрвеня 2024-га году, цалкам адбыўшы тэрмін. Яму прызначылі 3 гады пазбаўлення волі за "абразу дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 КК) і "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 КК). У жніўні Ермашук паведаміў пра анкалагічнае захворванне.
Пазней ягоную старонку ў Instagram прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі", пасля чаго блогер з'ехаў з краіны.