Затрыманы на Дзень Волі: капітан міліцыі цягаў мяне па падлозе і наступаў на мяне нагамі
Затрыманы падчас акцыі на Дзень Волі жыхар Мінскага раёну Павел Лях з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” рыхтуе скаргу ў ГУАБ МУС на дзеянні капітана міліцыі Віталя Мазнёва, які ўжываў у дачыненні да яго катаванні. Павел просіць праверыць законнасць дзеянняў міліцыянта і, калі ў іх будуць выяўленыя прыкметы злачынства, распачаць крымінальную справу па арт. 426 КК РБ (перавышэнне службовых паўнамоцтваў).
25 сакавіка каля трох гадзін дня Павел Лях быў затрыманы АМАПам ля Акадэміі навук. Па словах Паўла, у той момант ён проста прагульваўся па вуліцы і не збіраўся ўдзельнічаць у акцыі.
“Да мяне падбеглі чатыры супрацоўнікі АМАПу, ударылі па нагах, заламілі рукі і панеслі ў аўтазак. Яны не прадставіліся, службовыя пасведчанні не паказалі, падставы затрымання не патлумачылі. Седзячы ў аўтазаку, я спрабаваў даведацца, чаму мяне затрымалі і куда вязуць, а таксама прасіў паведаміць сваякам пра маё затрыманне. Пасля гэтых маіх пытанняў да мяне падляцеў амапавец, пачаў біць па галаве, разбіў мне твар. Усё гэта суправаджалася нецэнзурнай лаянкай у мой адрас”.
Паўла Ляха даставілі ў Першамайскі РУУС, дзе яго разам з іншымі затрыманымі паставілі да сцяны “на расцяжку”. Павел адмовіўся стаяць у такой позе, чым раззлаваў міліцыянтаў. Яны адвялі яго ў асобны пакой, дзе было яшчэ некалькі міліцыянтаў, у тым ліку і капітан міліцыі Віталь Мазнёў. Менавіта ён пачаў катаваць Паўла.
“Ён надзеў на мяне кайданкі і, утрымліваючы за іх, цягаў мяне па падлозе. Пасля ён працягнуў мае ногі за кайданкі і паставіў у позу “ластаўкі”. Міліцыянт чатыры разы ўдарыў мяне па галаве. У такой нязручнай позе я стаяў дзесьці поўгадзіны. Далей, перад тым, як выйсці папаліць, Мазнёў каля сямі разоў моцна наступіў мне на спіну, з-за чаго ў мяне забалелі рэбры. Яшчэ каля 20 хвілін я правёў у кабінеце, лежачы на падлозе. Напрацягу ўсяго часу, пакуль адбываліся катаванні, капітан Мазнёў абражаў мяне, называў “крымінальнікам”.
Калі катаванні скончыліся, Павел Лях каля трох гадзін прастаяў у кабінеце тварам да сцяны, пасля чаго яго пасадзілі ў машыну і адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна. Там, падчас медычнага дагляду, лекарка прапанавала апрацаваць яму раны на твары, аднак чалавек у цывільным, які знаходзіўся побач, забараніў ёй гэта рабіць. Скаргі Паўла на боль у рэбрах таксама засталіся без увагі.
27 сакавіка суд Першамайскага раёну прыняў рашэнне арыштаваць Ляха на 11 сутак за парушэнне артыкулаў 17.1 і 23.4 КаАП РБ (дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).