viasna on patreon

Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (2-8 траўня)

2011 2011-05-09T15:44:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На мінулым тыдні ў чатырох судах сталіцы праходзілі крымінальныя працэсы над абвінавачанымі за ўдзел у паслявыбарчым мітынгу пратэсту 19 снежня 2010 году, разглядаліся справы ў дачыненні да 22 чалавек. Суддзя Ала Булаш Кастрычніцкага райсуду сталіцы прызнала віноўнымі ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 КК Паўла Вінаградава, Алеся Кіркевіча, Дзмітрыя Дразда, Андрэя Пратасеню і Уладзіміра Хамічэнку і вынесла вельмі жорсткі прысуд: Вінаградаву і Кіркевічу – па 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, астатнім – па 3 гады калоніі таксама ўзмоцненага рэжыму. Суды над іншымі абвінавачанымі працягваюцца. З Беларусі выправаджаны яшчэ пяцёра праваабаронцаў – прадстаўнікоў Міжнароднай назіральнай місіі. Па-ранейшаму парушаецца права на свабоду асацыяцыяў і свабоду слова, працягваецца адміністрацыйны пераслед.

 

Палітычна матываваны крымінальны пераслед 

З 4 траўня пасля перапынку ў Партызанскім райсудзе сталіцы працягваўся працэс па справе Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменкі. Суды над удзельнікамі Плошчы ёсць выпрабаваннем не толькі для палітвязняў і іх сем’яў, але і для грамадства ў цэлым. 

5 траўня ў Кастрычніцкім райсудзе сталіцы ў апошні пяты дзень судовага паседжання над удзельнікамі Плошчы, абвінавачанымі ў масавых беспарадках, з апошнімі словамі выступілі Алесь Кіркевіч, Павел Вінаградаў, Дзмітрый Дразд, Андрэй Пратасеня і Уладзімір Хамічэнка. Суддзя Ала Булаш прызнала ўсіх абвінавачаных вінаватымі ў здзяйсненні злачынства паводле ч.2 арт. 293 КК і прыгаварыла: П. Вінаградава і А. Кіркевіча – да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дз. Дразда, У. Хамічэнку і А. Пратасеню – да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Каментуючы вынесеныя прысуды праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які адсочваў увесь працэс па крымінальнай справе гэтых удзельнікаў Плошчы-2010, адзначыў: «Доказаў таго, што ў Менску 19 снежня былі масавыя беспарадкі, суду не было прадстаўлена. Не даказана віна гэтых людзей у здзяйсненні злачынства па частцы 2 артыкула 293-га, а менавіта ў тым, што яны прынялі непасрэдны ўдзел у масавых беспарадках. Гэтыя прысуды зьяўляюцца незаконнымі і павінны быць адмененыя. І мы настойваем на вызваленьні ўсіх асуджаных па 293-м артыкуле і прызнаем іх безумоўна палітвязьнямі. Праваабронцы падрыхтавалі аналітычны агляд гэтага судовага працэсу з высновамі.

5 траўня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальных справаў Уладзіміра НякляеваВіталя Рымашэўскага, Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Насты Палажанка і Сяргея Вазняка па абвінавачванню ў арганізацыі і падрыхтоўкцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 КК РБ). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 3 гадоў зняволення. На працэс не змаглі патрапіць некалькі дзесяткаў чалавек з-за адсутнасці месцаў – малой залы. За два дні былі дапытаныя фігуранты крымінальнай справы, з-за кепскага самадчування шпіталізаваны А. Фядута. У судзе абвяшчаны перапынак да 10 траўня. Высветлілася, што кампутарная тэхніка і носьбіты інфармацыі, канфіскаваныя амаль год таму ў вядомага грамадскага дзеяча і навукоўца Юрыя Варонежцава, далучаныя ў якасці рэчавых доказаў па крымінальнай справы аб масавых беспарадках.

5 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся крымінальны працэс па ч.2 арт.293 –  масавыя беспарадкі ў дачыненні да Дзмітрыя Дароніна, Сяргея КазаковаУладзіміра Лобана, Віталя Мацукевіча, Яўгена Сакрэта і Алега Федаркевіча. Суддзя Алена Шылько.

5 траўня адбылося першае паседжанне ў судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска па справе падпала мясцовага КДБ. На ім разглядалі справы адразу трох падазраваныхЯўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Паўла Сырамолатава. Другое судовае паседжанне па гэтай справе адбудзецца 17 траўня. 

11 траўня пачнуцца яшчэ два судовых працэса над 10 удзельнікамі Плошчы: Ірына Халіп, Павал Севярынец і Сяргей Марцалеў абвінавачваюцца па ч. 1 арт. 342 КК РБ,  Мікалай Статкевіч, Дзмітры Ус, Андрэй Пазняк, Аляксандр Класкоўскі, Аляксандр Квяткевіч, Арцём Грыбкоў і Дзмітры Буланаў ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Пераслед праваабаронцаў

4 траўня ў офісе Праваабарончага цэнтру "Вясна" была запланаваная прэзентацыя дакладу Спецыяльнага дакладчыка Камітэта міжнароднага кантролю «Папярэдняя ацэнка падзеяў 19 снежня 2010 года ў Менску (Беларусь) з пункту гледжання правоў чалавека».  Агучыць ацэнкі міжнародных экспертаў не ўдалося, бо правядзенне запланаванага мерапрыемства было сарвана: недзе за гадзіну да пачатку прэзентацыі ў памяшканне завіталі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Паводле іх словаў, яны атрымалі сігнал, што ў офіс заносілі вялікія скрыні, таму трэба праверыць наяўнасць  выбуховых рэчываў.  Нічога падозранага знойдзена не было, аднак у выніку аказаліся затрыманыя расійскія праваабаронцы Любоў Захарава і Вікторыя Громава. Пазней у Першамайскі РУУС таксама даставілі Ірыну Пайкачову, грамадзяніна Украіны Уладзіміра Чамярыса, Аляксандра Мнацаканяна і Юрыя Джымбладзэ, якія паспелі проста на вуліцы перад уваходам даць імправізаваную прэс-канферэнцыю для шматлікіх журналістаў, у тым ліку расійскіх.

6 траўня супрацоўнікі міграцыйнай службы ў цывільным затрымалі ў кватэры па вул. Чырвонай у Менску прадстаўніц Міжнароднай назіральнай місіі Любоў Захараву, Ірыну Пайкачову і Кацярыну Карасцялёву. З Савецкага РУУС яны былі адпушчаныя каля апоўначы з прадпісаннямі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на працягу 24-х гадзін у сувязі з іх унясеннем у спіс асобаў, уезд на тэрыторыю рэспублікі якім забаронены альбо непажаданы, - аналагічнымі тым, якія да гэтага ў розны час атрымалі іх калегі па Місіі Андрэй Юраў, Іван Кандраценка, Вікторыя Громава і Аляксандр Мнацаканян. Камітэт міжнароднага кантролю звяртае ўвагу на тое, што інцыдэнт адбыўся літаральна праз некалькі гадзін пасля публікацыі ў СМІ каментара афіцыйнага прадстаўніка МЗС Расіі А.К. Лукашэвіча, у якім ён выказаў шкадаванне з нагоды выдачы 4-га мая двум іншым расейскім праваабаронцам, Вікторыі Громавай і Аляксандру Мнацаканяну, прадпісанні пакінуць Беларусь "без матываваных тлумачэнняў". У сітуацыі, калі за апошнія два месяцы ўезд у Беларусь быў забаронены ў агульнай складанасці ўжо 10 расейцам і ўкраінцам - прадстаўнікам Міжнароднай назіральнай місіі, яе кіраўнік, дырэктар па развіцці Маскоўскай Хельсінкскай групы Андрэй Юраў заявіў наступнае: "У сувязі з апошнімі абставінамі прынята рашэнне аб пераходзе Місіі ў іншы рэжым працы. Гэта забяспечыць больш высокі ўзровень бяспекі для яе прадстаўнікоў і памочнікаў".

 

Затрыманні і  адміністрацыйныя пакаранні

5 траўня суддзя Ленінскага райсуду сталіцы Міхаіл Хома прызнаў аднаго з арганізатараў акцыі супраць падвышэння коштаў на паліва “Стоп-бензін 2” Арцёма Шаркова віноўным у парушэнні парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў ці пікетаваньня (арт. 23.34 КаАП РБ) і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыч. руб.) Лідэр інфармацыйна-асветніцкай установы "За Аўто" А.Шаркоў быў затрыманы міліцыянтамі 28 красавіка на менскай аўтазапраўцы канцэрна "Белнафтахім", але ў хуткім часе адпушчаны. Праз некалькі дзён на яго быў складзены адміністрацыйны пратакол і ўручана позва ў суд.

Суддзя Глыбоцкага райсуду Станіслаў Трапук пакараў мясцовага актывіста Яраслава Берніковіча штрафам у памеры 20 базавых велічыняў за ўсталяванне намёту, у якім пікетоўцы складалі агітацыйныя матэрыялы. Пікет праходзіў у райцэнтры Глыбокае 19 сакавіка – якраз праз тры месяцы пасля менскай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Гэта была адзіная на Віцебшчыне санкцыянаваная акцыя салідарнасці і, верагодна, дазвольнае рашэнне  Глыбоцкага райвыканкаму  раскрытыкавала вышэйшае начальства, таму арганізатара вырашылі “паказальна” пакараць. 

 

Абмежаванні свабоды слова

Следчы Гарадзенскай абласной пракуратуры Арсень Нікольскі адхіліў хадайніцтва журналіста Андрэя Пачобута аб змяненні меры стрымання. Карэспандэнт польскай «Gazety Wyborczaj» А. Пачобут абвінавачваецца адразу па двух крымінальных артыкулах: 368 – частка 1 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і 367 – частка 1 (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), і  знаходзіцца ў СІЗА ўжо цэлы месяц. Не дапамаглі і больш за сорак зваротаў грамадзянаў, якія браліся паручыцца за дзеянні Пачобута ў выпадку вызвалення яго з-за кратаў да пачатку судовага працэсу. Адметна, што следчыя дзеянні ў дачыненні да Андрэя Пачобута дагэтуль зусім не праводзяцца

Рашэння суда аб закрыцці “Нашай Нівы” яшчэ няма, а падпіска на газету ў Полацку і ​​Полацкім раёне ў аддзяленнях сувязі больш не прымаецца. Падпісантам вяртаюць грошы за падпіску, кажучы, што такой газеты больш не будзе.

Шэраг грамадскіх дзеячаў сталіцы шахцёраў накіравалі свае лісты ў абарону газет “Наша Ніва” і “Народная воля” былому “галоўнаму ідэолагу” а цяпер міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму. Яны звяртаюцца да міністра з патрабаваннем кіравацца Канстытуцыяй Беларусі і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ды ў тэрміновы парадку адклікаць іскі  Міністэрства інфармацыі супраць дадзеных газет.

6 траўня ў рэзідэнцыі амбасадара Вялікабрытаніі пры падтрымцы амбасады гэтай краіны прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў конкурсу «Вольнае слова-2010». Творчае спаборніцтва чацвёрты год запар ладзіла ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». «Такога цяжкога года для журналістыкі і для вольнага слова я, па шчырасці, не памятаю, — прызналася старшыня ГА „БАЖ“ Жанна Літвіна. «За вольнае слова беларускія журналісты плацяць надзвычай высокі кошт. Сярод пераможцаў конкурсу — Ірына Халіп і Сяргей Вазняк, якім пагражае турэмнае зняволенне, а таксама нашы калегі з выданняў, якія апынулся на мяжы закрыцця — „Наша Ніва“ і „Народная воля“. Спробам ператварыць беларускае грамадства ў закрытае журналісты супрацьпастаўляюць высокія прафесійныя стандарты і адэкватнае разуменне ролі СМІ ў грамадстве. Ва ўмовах сістэмнага крызісу вольнае слова набывае асаблівае значэнне», — падкрэсліў старшыня журы Юрась Карманаў.

 

Абмежаванні права на свабоду мірных сходаў

Дзяржаўтаіспекцыя Віцебску забараніла ўладальнікам ровараў правесці акцыю, мэта якой – стварэнне ў горадзе адмысловых дарожак і парковак. Супрацоўнікі ДАІ папярэдзілі, што традыцыйны вясновы прабег на роварах будзе расцэнены як несанкцыянаваная акцыя, калі роварысты статуюць усе разам. “Пазіцыя ДАІ дзіўная, бо мы выступаем якраз за бяспеку вулічнага руху, каб можна было ездзіць, не ствараючы праблем ні пешаходам, ні іншаму транспарту”, - упэўнены ўдзельнік акцыі Уладзімір Рамановіч. Ён лічыць, што трэба працягваць змаганне за “правы раварыстаў” у Віцебску, а таму прапанаваў правесці літаратурны конкурс на тэму “Мой дзень з роварам”. 

 

Парушэнні права на свабоду асацыяцыяў 

Культурна-асветніцкаму грамадскаму аб’яднанню “Залаты леў” (г. Слонім) у другі раз адмоўлена ў рэгістрацыі.  Сярод асноўных мэтаў арганізацыі – павышэнне культурна-асветніцкай грамадскай актыўнасці жыхароў Слоніма для вырашэння грамадска значных праблем мясцовасці;  духоўнае, нацыянальнае і культурнае адраджэнне беларускага грамадства і павышэнне культурна-асветніцкай ролі моладзі ў працэсе фармавання грамадзянскай супольнасці. Чыноўнікі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму ў якасці падставы для адмовы ў рэгістрацыі пазначылі і тыя прэтэнзіі да ўстаноўчых дакументаў, якія былі прызнаны неабгрунтаванымі судовымі інстанцыямі падчас абскарджання першай адмовы ў рэгістрацыі “Залатога льва”. 

Брэсцкае ўпраўленне юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Баранавіцкаму грамадскаму аб’яднанню ўкраінцаў “Кабзар”. Гэта стала вядома з ліста, які 5 траўня атрымаў старшыня аргкамітэту па стварэнні арганізацыі Мікалай Чарнавус.

6 траўня суддзя Гаспадарчага суду сталіцы Алена Мельнікава не задаволіла пазоў партыі БНФ і грамадзкай арганізацыі БНФ "Адраджэнне" да ЖРЭА Савецкага раёну Менску. Пазоўнікі дамагаліся праз суд прымусіць камунальныя службы заключыць дамову аб арэндзе памяшкання па былым адрасу, у сваю чаргу, ЖРЭА звярнулася ў суд, каб вызваліць арандаваную сядзібу. Дамова арэнды памяшкання, якое партыя займала больш за 20 гадоў, скончылася 31 сакавіка.

 

“Праваабарончая хроніка”

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства