viasna on patreon

Затрыманыя ўчора расійскія праваабаронцы павінны сёння пакінуць Беларусь

2011 2011-05-07T10:49:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/na_miazhy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Затрыманыя ўчора ўвечары грамадзянкі Расіі Любоў Захарава, Ірына Пайкачова і Кацярына Карасцялёва былі адпушчаныя ўчора каля апоўначы з прадпісаннямі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на працягу 24-х гадзін у сувязі з іх унясеннем у спіс асоб, уезд на тэрыторыю рэспублікі якіх забаронены або непажаданы, - аналагічнымі тым, якія да гэтага ў розны час атрымалі іх калегі па Місіі Андрэй Юраў, Іван Кандраценка, Вікторыя Громава і Аляксандр Мнацаканян.

Адзначым, што двое з іх - Любоў Захарава і Ірына Пайкачова - былі затрыманыя ўвечары 4-га траўня ў офісе праваабарончага цэнтра "Вясна", дзе планавалася правядзенне прэзентацыі даклада Спецыяльнага дакладчыка па падзеях 19-га снежня, аднак праз некалькі гадзінаў былі адпушчаныя без складання пратаколаў і прад'яўлення абвінавачванняў.

Як паведамляе Камітэт міжнароднага кантролю, пра здарэнне былі аператыўна праінфармаваны супрацоўнікі расійскага пасольства. Супрацоўнікі міліцыі па тэлефоне адмовіліся даваць каментары пра прычыны затрымання праваабаронцаў, сцвярджаючы, што ніякага затрымання не было, а яны былі папросту запрошаныя ў РУУС "для гутаркі". "Гутарку" па наяўнай інфармацыі праводзіў старшы лейтэнант А.А. Буткевіч, які двума месяцамі раней падпісаў загад кіраўніку Міжнароднай назіральнай місіі Андрэю Юраву пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Камітэт міжнароднага кантролю звяртае ўвагу на тое, што інцыдэнт адбыўся літаральна праз некалькі гадзін пасля публікацыі ў СМІ каментара афіцыйнага прадстаўніка МЗС Расіі А.К. Лукашэвіча, у якім ён выказаў шкадаванне з нагоды выдачы 4-га мая двум іншым расейскім праваабаронцам, Вікторыі Громавай і Аляксандру Мнацаканяну, прадпісанні пакінуць Беларусь "без матываваных тлумачэнняў". Па словах Лукашэвіча, Масква разлічвае, што беларускі бок прыме меры па недапушчэнні падобнага роду інцыдэнтаў. Аднак улады Беларусі ў чарговы раз прадэманстравалі поўнае грэбаванне не толькі сваімі міжнароднымі абавязальніцтвамі, але і афіцыйнай пазіцыяй дзяржавы, з якой у Рэспублікі Беларусь заключаны і дзейнічае Саюзная дамова.

У сітуацыі, калі за апошнія два месяцы ўезд у Беларусь быў забаронены ў агульнай складанасці ўжо 10 расейцам і ўкраінцам - прадстаўнікам Міжнароднай назіральнай місіі, яе кіраўнік, дырэктар па развіцці Маскоўскай Хельсінкскай групы Андрэй Юраў заявіў наступнае: "У сувязі з апошнімі абставінамі прынята рашэнне аб пераходзе Місіі ў іншы рэжым працы. Гэта забяспечыць больш высокі ўзровень бяспекі для яе прадстаўнікоў і памочнікаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства