“Залатому льву” зноў адмовілі ў рэгістрацыі
Напрыканцы красавіка заснавальнікі Культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Залаты леў” (г. Слонім) атрымалі ад галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама чарговую адмову ў рэгістрацыі арганізацыі. Трэба зазначыць, што гэта была ўжо другая па ліку спроба рэгістрацыі аб’яднання.
Яшчэ ў верасні 2009 года 11 слонімскіх актывістаў правялі ўстаноўчы сход па стварэнні ў горадзе грамадскай арганізацыі, якая вяла б культурна-асветніцкую працу на Слонімшчыне, і падалі дакументы на рэгістрацыю. Асноўнымі мэтамі аб’яднання з’яўляюцца: павышэнне культурна-асветніцкай грамадскай актыўнасці жыхароў Слоніма для вырашэння грамадска значных праблем мясцовасці; аб’яднанне грамадзянаў, якія выступаюць за духоўнае, нацыянальнае і культурнае адраджэнне беларускага грамадства; павышэнне культурна-асветніцкай ролі моладзі ў працэсе фарміравання грамадзянскай супольнасці. Аднак галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама адмовіла ў рэгістрацыі арганізацыі на падставе таго, што дакументы, прадстаўленыя ў рэгіструючы орган, не адпавядалі дзеючаму заканадаўству. Заснавальнікі грамадскага аб’яднання не пагадзіліся з гэтым і абскардзілі рашэнне ўпраўлення юстыцыі спачатку ў абласным, пасля ў Вярхоўным судзе. Судовыя інстанцыі прызналі незаконнымі шэраг падставаў для адмовы ў рэгістрацыі, што былі пазначаны ўпраўленнем юстыцыі. У тым ліку былі знятыя прэтэнзіі рэгіструючага органа да назвы аб’яднання. Але агульную адмову ў рэгістрацыі суд прызнаў правамоцнай, спаслаўшыся на недахопы ў статуце навостворанай арганізацыі.
У сакавіку 2011 году слонімцы паўторна правялі ўстаноўчы сход па стварэнні Культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Залаты леў”. Былі ўнесены ўсе неабходныя праўкі ў дакументы з улікам ранейшых патрабаванняў упраўлення юстыцыі і адбыўшыхся ў заканадаўстве змен. Аднак галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама сваім рашэннем ад 20 красавіка 2011 года за № 04/11-14 зноў адмовіла ў рэгістрацыі арганізацыі. Паказальна, што ў якасці падставы для адмовы ў рэгістрацыі былі пазначаныя і тыя прэтэнзіі да ўстаноўчых дакументаў, якія былі прызнаны неабгрунтаванымі судовымі інстанцыямі падчас абскарджання першай адмовы ў рэгістрацыі “Залатога льва”.
Па словах лідэра аб’яднання Алеся Масюка, рашэнне ўпраўлення юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі аказалася прадказальным: “Па ўсім відаць, што перад рэгіструючым органам пастаўлена задача не дапусціць рэгістрацыі нашай арганізацыі. Бо калі было б не так, нам бы далі час на выпраўленне ўсіх недахопаў у рэгістрацыйных дакументах. Але нам ужо другі раз запар па надуманых прычынах адмаўляюць у рэгістрацыі. Складваецца такое ўражанне, што справа тут зусім не ў дакументах - рэгіструючы орган усё адно знойдзе на падставе чаго адмовіць нам у рэгістрацыі”. Аднак негледзячы на чарговую адмову ў рэалізацыі канстытуцыйнага права на стварэнне аб’яднання, слонімцы не губляюць надзеі на легалізацыю грамадзкай ініцыятывы. “Мы будзем далей спрабаваць зарэгістраваць арганізацыю, а пакуль рашэнне галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама абскардзім у судзе” - заявіў Алесь Масюк.