viasna on patreon

Рэчы кампаніі «Гавары праўду!» сталі рэчавымі доказамі па справе аб масавых беспарадках

2011 2011-05-07T15:29:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gavary_praudu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзіўныя рэчы адбываюцца ў беларускіх праваахоўных органах: у маі 2010 года ў аднаго з каардынатараў кампаніі «Гавары праўду!», вядомага грамадскага дзеяча і навукоўца Юрыя Варонежцава пры ператрусе канфіскавалі камп'ютэрную тэхніку і носьбіты інфармацыі, а зараз, амаль праз год, міліцыя дала адказ на запыт аб лёсе ноўтбукаў, што яны далучаны як рэчавыя доказы па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у снежні 2010 года ў Мінску. Прычым ноўтбукі міліцыя забірала ў Юрыя Варонежцава па месцу жыхарства ў Гомелі, і амаль год камп'ютэрная тэхніка знаходзілася ў міліцыі, але ў той жа час нехта невядомы, відаць, скарыстаў яе, каб падрыхтаваць масавыя беспарадкі ў Мінску.

Таксама ў адказе з ГУУС Мінгарвыканкама гаворыцца, што рэчавымі доказамі па абвінавачванні Някляева, Фядуты, Рымашэўскага, Палажанкі і Вазняка стала і друкаваная прадукцыя з лагатыпам «Гавары праўду!», зноў жа, сканфіскаваная ў маі 2010 года ў Варонежцава. «Цікавая акалічнасць: усю друкаваную прадукцыю з лагатыпам «ГП» мне вярнулі ў красавіку, як і іншыя камп'ютэры, за выключэннем дарагіх ноўтбукаў. А зараз пішуць, што і друкаваная прадукцыя далучана да крымінальнай справы. Можа, пракуратура разбярэцца, што робіцца ў міліцыі – туды я накіраваў скаргу і прыклаў гэты адказ з міліцыі», - патлумачыў грамадскі дзеяч.

8 красавіка, амаль праз год пасля ператрусу, міліцыянеры вярнулі Юрыю Варонежцаву рэчы і грошы, канфіскаваныя пры вобыску. У той дзень, праводзячы вобшук, міліцыянеры забіралі ўсе, што траплялася на вочы: носьбіты інфармацыі, буклеты, кнігі, мабільныя тэлефоны, мапу Еўразвязу, статут АГП. Адных кніг ды буклетаў было канфіскавана каля 8 кг. Забралі падчас вобшуку і грошы — каля 5 тыс. даляраў, якія, дарэчы, належылі жонцы навукоўца, Ларысе Варонежцавай. Жанчына прайшла некалькі судовых інстанцый, пісала скаргі ў Генеральную пракуратуру, следчыя аддзелы, суд, але так і не змагла вярнуць свае грошы.

Міліцыянеры вярнулі старыя камп'ютэры Варонежцава, а два дарагія па коштах ноўтбукі недзе прапалі, прычым адзін з іх быў новы, і ніякой інфармацыі, якая магла б зацікавіць следчых, на ім не было. На пытанне: дзе ноўтбукі, міліцыянеры паціснулі плячыма, маўляў, няма, таямніча зніклі. Тады Варонежцаў накіраваў скаргу ў ГУУС, на якую і атрымаў такі адказ, што яго ноўтбукі, знаходзячыся ў міліцыі, ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

 

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства