viasna on patreon

Аналітычны агляд судовага працэсу па крымінальнай справе Вінаградава, Кіркевіча, Дразда, Хамічэнкі, Пратасені

2011 2011-05-09T11:04:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy-ploshcha-vinagradau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд над П. Вінаградавым, А. Кіркевічам, Дз. Драздом, У. Хамічэнкам, А. Пратасенем

Суд над П. Вінаградавым, А. Кіркевічам, Дз. Драздом, У. Хамічэнкам, А. Пратасенем

Высновы:

  1. Падчас разгляду справы ў судзе не прадстаўлена доказаў, што 19 снежня 2010 г. у Мінску на пл. Незалежнасці мелі месца масавыя беспарадкі, якія суправаджаліся сукупнасцю такіх дзеянняў як: падпалы, пагромы, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў прадстаўнікам праваахоўных органаў улады.

  2. У судзе не прадстаўлена доказаў здзяйснення абвінавачанымі  злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а менавіта непасрэднага  здзяйснення імі аднаго ці некалькіх супрацьпраўных дзеянняў, характэрных для масавых беспарадкаў (падпалы, пагромы, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў прадстаўнікам праваахоўных органаў улады).

  3. Суду не было прадстаўлена доказаў таго, што А. Кіркевіч непасрэдна нанёс хаця б адзін удар па драўляных канструкцыях (сталах), якімі былі загароджаныя дзвярныя  праёмы Дома Ураду. Доказаў здзяйснення іншых супрацьпраўных дзеянняў А. Кіркевічам прадстаўлена не было.

  4. Дзяенні У. Хамічэнкі, Дз. Дразда, П. Вінаградава, А. Пратасені носяць характар правапарушэння, аднак, на нашую думку, не ўтвараюць складу злачынства паводле ч. 2 арт. 293 КК. Так, у прыватнасці:

 Нанясенне Дз. Драздом трох удараў мегафонам па драўляных канструкцыях (сталах) у дзвярных праёмах Дома Ураду не магло прывесці да іх знішчэння. Акрамя таго, дадзеныя канструкцыі не былі ўказаныя грамадзянскім ісцом (ГГУ Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) у пераліку знішчанай маёмасці, не была праведзеная іх ацэнка і калькуляцыя стратаў.

Вырыванне шчыта міліцыянта і нанясенне ўдараў па шчытах, якімі былі заблакаваныя праёмы вокнаў Дома Ураду, А. Пратасенем не з’яўляюцца ўзброеным супрацівам супрацоўнікам міліцыі, неабходным для кваліфікавання дзеянняў А. Пратасені па ч. 2 арт. 293 КК.

Дзеянні П. Вінаградава па нанясенні ўдараў па драўляных загароджах (сталах) у праёмах дзвярэй Дома Ураду не з’яўляецца знішчэннем маёмасці, паколькі дадзеныя канструкцыі не былі ўказаныя грамадзянскім ісцом (ГГУ Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) у пераліку знішчанай маёмасці і не былі знішчаныя ў выніку дзеянняў абвінавачанага П. Вінаградава.

Дзеянні У. Хамічэнкі па нанясенні ўдараў па драўляных загароджах, ужо пабітым шкле  рукамі, нагамі, а затым  і ледарубам з’яўляюцца дзеяннямі па пашкоджанні маёмасці, носяць характар правапарушэння, аднак не ўтвараюць складу злачынсват паводле ч. 2 арт. 293 КК.

  1. Доказаў здзяйснення іншых супрацьпраўных дзеянняў абвінавачанымі на пл. Незалежнасці 19-га снежня 2010 г. суду не прадстаўлена.

  2. Абвінавачаны А. Кіркевіч, які ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ, не меў неабходай колькасці спатканняў з адвакатам у перыяд правядзення папярэдняга следства па справе. Дадзеная акалічнасць расцэньваецца намі як парушэнне права на абарону А. Кіреквіча, гарантаванага яму арт. 62 Канстытцыі Рэспублікі Беларусь, нормамі КПК.

  3.  Дзяржаўныя СМІ (газета “Советская Белоруссия”, дзяржаўныя ТВ-каналы) неаднаразова дэманстравалі некаторых абвінавачаных, указвалі прозвішчы іх як “пагромшчыкаў” Дома Ураду задоўга да пачатку судовага разбіральніцтва, што груба парушае прынцып прызумпцыі невінаватасці ў дачыненні да асуджаных.

  4. Публікацыі матэрыялаў папярэдняга следства да яго заканчэння і ўстанаўлення віны абвінавачаных судом у газеце “Советская Белоруссия” рабіліся па ўказанні кіраўніка дзяржавы, што яскрава сведчыць аб палітычным характары дадзенай крымінальнай справы, падкрэслівае абвінаваўчы ўхіл як папярэдняга следства, так і судовага разбіральніцтва.

У сувязі з гэтым мы лічым:

1. Асуджэнне абвінавачаных Дз. Дразда, П. Вінаградава, А. Кіркевіча, А. Пратасені, У. Хамічэнкі па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь незаконным і палітычна матываваным.

2. Па палітычных матывах тэрміны і ўмовы адбыцця пакарання абвінавачанымі Дз. Драздом, П. Вінаградавым, А. Пратасенем, У. Хамічэнкам, вынесеныя ім паводле прысуду суда, з’яўляюцца жортскім і непрапарцыйным пакараннем у параўнанні са здзейсненымі імі правапарушэннямі.

Кароткае апісанне судовага працэсу

27 красавіка 2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёна г. Мінска распачаліся слуханні па крымінальнай справе, якая была ўзбуджаная па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (удзел у масавых беспарадках) у дачыненні да Паўла Вінаградава, Аляксандра Кіркевіча, Дзмітрыя Дразда, Уладзіміра Хамічэнкі, Андрея Пратасені. Акрамя таго, Павел Вінаградаў абвінавачваўся згодна з арт. 370 КК Рэспублікі Беларусь (знявага дзяржаўных сімвалаў). Працэс працягваўся шэсць дзён – з 27.04. 2011 г. па 30.04.2011 г. і з 04.05.2011г. па 05.05.2011г. (з перапынкам у сувязі з выходнымі  днямі).

Справу разглядала суддзя Ала Булаш. Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе падтрымліваў намеснік пракурора Кастрычніцкага раёна г.Мінска Бароўскі.

Абарону абвінавачаных ажыццяўлялі адвакаты Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Святлана Гарбаток, Наталля Мацкевіч, Алена Пугачова, Валерый Зінкевіч, Наталля Александровіч.

27.04.2011 г. суддзя распачала судовае паседжанне.

Адвакатамі быў заяўлены шэраг хадайніцтваў. Сярод іх - хадайніцтва аб запатрабаванні з Цэнтра відэаназірання аператыўна-дзяжурнай часткі ГУУС Мінгарвыканкама запісу падзеяў 19 снежня на пл. Незалежнасці з 18.00 да 24.00, а таксма хадайніцтва аб выкліку сведкі Язэпа Янушкевіча і экспертаў, якія праводзілі экспертызу стану У. Хамічэнкі.

Суддзя задаволіла хадайніцтвы аб выкліку сведкі і экспертаў, хадайніцтва аб запатрабаванні відэазапісаў адхіліла.

Адвакатам А.Кіркевіча было накіравана пісьмовае хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго. Дадзенае хадайніцтва было таксама адхіленае судом.

 
Абвінавачванне

 Дзяржаўны абвінаваўца зачытаў абвінавачванне, згодна з якім у траўні 2007 г. абвінавачаны П. Вінаградаў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, зняважыў дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь шляхам ягонага спалення. Ён жа 19.12.2010 г. сумесна з іншымі абвінавачанымі, іншымі асобамі, прыняў удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Выкарыстоўваючы надуманыя падставы аб недэмакратычнасці выбараў Прэзідэнта, прыняў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выкарыстоўваючы спецыяльныя прыставанні, знішчалі маёмасць ГГУ, здзейснілі гвалт над асобай, аказалі ўзброены супраціў супрацоўнікам міліцыі, у выніку чаго ім былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні. З’яўляючыся актыўным удзельнкіам масавых беспарадкаў, ажыццявіў сілавыя дзеянні па пранікненні ў Дом Ураду, нанёс не меньш за пяць удараў па драўляных загароджах.

З’яўляючыся ўдзельнікам масавых беспарадкаў, абвінавачаны Дз.Дрозд ажыццявіў сілавыя дзеянні, якія былі накіраваныя на пранікненне ў Дом Ураду, нанёс не меньш за тры ўдары па драўляных загароджах у дзвярах Дома Ураду і пабоі супрацоўнікам міліцыі.

Абвінавачаны А. Кіркевіч, з’яўляючыся актыўным удзельнікам масавых беспарадкаў, ажыццявіў сілавыя дзеянні, скіраваныя на пранікненне ў Дом Ураду, нанёс не меньш за адзін удар па драўляных загароджах у дзвярах Дома Ураду, здзяйсняў іншыя актыўныя дзеянні.

Абвінавачаны А. Пратасеня, апрануўшы абарончую экіпіроўку, ажыццявіў сілавыя дзеянні, скіраваныя на пранікненне ў Дом Ураду, нанёс не меньш за 15 удараў па шкле ў ваконных праёмах Дома Ураду, вырываў шчыты ў супрацоўнікаў міліцыі, наносіў удары па шчытах міліцыі.

Абвінавачаны У. Хамічэнка, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, ажыццявіў сілавыя дзеянні, скіраваныя на пранікненне ў Дом Ураду, узламваў уваходныя дзверы ў Дом Ураду. Нанёс не меньш за два удары па дзвярах Дома Ураду.

Абвінавачаны Дз. Дрозд віну не прызнаў у поўным аб’ёме. Абвінавачаны У. Хамічэнка –часткова прызнаў віну, абвінавачаны А. Кіркевіч цалкам не прызнаў віну, П. Вінаградаў цалкам не прызнаў віну па ч. 2 арт. 293 КК і часткова па арт. 370 КК (знявага дзяржаўных сімвалаў).

Дзяржабвінаваўца заявіў, што віна абвінавачаных цаклам пацвярджаецца іх паказаннямі, паказаннямі сведкаў і іншымі матэрыяламі па справе.

Вытворчасць па абвінавачванні па арт. 370 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да П. Вінаградава была спыненая ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці, вызначаных  КК. Паводле вызначэння суда было ўстаноўлена, што ў траўні 2007 г. П. Вінаградаў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, на дачным участку зняважыў дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Аднак П. Вінаградаў вызваляецца ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў, вызначаных арт. 83 КК Рэспублікі Беларусь.

 

Паказанні абвінавачаных падчас судовага следства

Паказанні абвінавачанага Андрэя Пратасені

 Падчас допыту абвінавачаны А. Пратасеня паведаміў, што каля 19:30 19.12.2010 г. сустрэўся з сябрамі і братам на Кастрычніцкай плошчы для ўдзелу ў мірнай дэманстрацыі, прысвечанай выбарам. Знаходзіўся ў цэнтры плошчы, кандыдатаў не чуў. Калона рухался да пл. Незалежнасці праз праезжую частку. Мітынгоўцаў было каля 20.000 чалавек. На пл. Незалежнасці прыйшоў каля 21:00. Ішлі па праезжай часцы. На плошчы крычалі лозунгі, што канкрэтна - не чуў. Прыйшоў на плошчу, паколькі да гэтага заклікалі кандыдаты. На плошчы выступоўцы заклікалі званіць сябрам і запрашаць усіх на плошчу. Праз некаторы час пачуў удары па дзвярах Дома Ураду, затым звон шкла. Падышоў бліжэй да будынку. Каля вокнаў убачыў шчыты, супрацоўнікаў міліцыі не бачыў. Наносіў удары па шчытах, каб імі завалодаць, прычыніць шкоду супрацоўнікам міліцыі не хацеў. Убачыў вуду, круціў і ўбраў яе. Абарону надзеў, каб не атрымаць пашкоджанні. Не намагаўся пранікнуць у Дом Ураду. Журналісты пачалі здымаць тое, што адбывалася, абвінавачанага ўцягнулі да дзвярэй Дома Ураду. Паддаўшыся дзеянню натоўпа, здзейсніў тыя дзеянні, якія яму інкрымінуюць. Віну ў нанясенні 15 удараў не прызнае, сцвярджае, што нанёс толькі два ўдары.

На пытанні абаронцы паведаміў, што мэты на пранікненне ў Дом Ураду не меў. Маёмасць знішчалі на пачатку два чалавекі, затым - каля 10 чалавек. Бутэлек з запальваючай сумессю не бачыў. Заклікаў на пранікненне не чуў.

На пытанні судзі патлумачыў, што ўбачыў шчыт у вакне, не думаў, што за ім можа быць супрацоўнік міліцыі. У яго кепскі зрок, а акуляраў не было. Не сыйшоў падчас біцця шкла, паколькі паддаўся эфекту натоўпа.

Суддзя агалошвае паказанні, дадзеныя абвінавачаным на папярэднім следстве, згодна з якімі ён нанёс не больш за чатыры ўдары па шчытах. Пратасеня адказаў, што не памятае.

Паказанні абвінавачанага Уладзіміра Хамічэнкі

 19.12.2010 г. знаходзіўся ў Мінску. Прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу каля 16:00, гуляў. Каля 20:00 на плошчу прыйшоў натоўп, блізка да яе не падыходзіў. Затым натоўп рухаўся да пл. Незалежанасці. Знаёмых на плошчы не было. На плошчы проста глядзеў, нічога не рабіў. Каля касцёла размаўляў з маладымі людзьмі. Чуў заклікі званіць родным і знаёмым. Пабочных прадметаў у людзей не бачыў, бачыў іх толькі падчас біцця шкла. Калі пачалі біць шкло, падыйшоў бліжэй. Ударыў два разы нагой, потым ледарубам. Там ужо ўсё было разбіта. Не ведае, адкуль узяўся ледаруб. Не ведае, навошта біў шкло, хацеў сыйсці, але не сыйшоў. Прызнае часткова, што пашкодзіў маёмасць, але нікога з супрацоўнікаў міліцыі не біў. Нанёс два удары рукой, пяць - нагой, два - ледарубам. Адарваў дзвярны ўплатняльнік з гумкай. Пажараў і вогнішча не бачыў. Затым з дзвярэй выйшлі супрацоўнікі міліцыі, нанеслі яму некалькі ўдараў дубінкай, было балюча, ён зваліўся. Пасля яго затрымалі. Пры затрыманні не хацеў ісці, абураўся. Агрэсіўных дзеянняў з боку людзей не назіраў. Супраціву супрацоўнікам міліцыі не бачыў.

Паказанні абвінавачанага Дзмітрыя Дразда

19.12.2010 г. быў у Мінску на мітынгу. Прыйшоў чакаць агалошвання вынікаў выбараў. Мітынгоўцы выйшлі на дарогу і накіраваліся да Дома Ураду. Людзі ішлі акуратна, ДАІ регулявала рух. Ніхто не намагаўся спыніць мітынгоўцаў. У людзей былі сцягі. Ні ў кога каністраў, металічных прадметаў не было. Біць шкло пачалі яшчэ да прыходу кандыдатаў. Усе скандавалі “Правакацыя!”, “Спыніцеся!”. Супрацоўнікаў міліцыі не было, самі дэманстранты не маглі затрымаць правакатараў. Паўгадзіны білі шкло, зразумеў, што будуць затрымліваць. Падыйшоў да дзвярэй, дзе білі шкло. Мэты пранікнуць у Дом Ураду не было. Нанёс удары па драўляных агароджах мегафонам, які трымаў у руках, ад адчаю ад таго, што адбылося. Бачыў, як адбываліся выбары, яны былі нячэснымі. Падставы для акцыі былі не “надуманыя”, як указана ў абвінавачванні. Закрыў камеру аператара ГУУС, але па руках яго не біў.

На пытанні адваката адказаў, што часткай натоўпу сябе не адчуваў. Стаяў з пачатку далёка, быў упэўнены, што гэта правакацыя.
Паведаміў, што сем гадоў жыў у Маскве, у 2009 годзе вярнуўся у Мінск, напісаў кнігу “Землеўладальнікі Мінскай губерні”.

На пытанне суддзі, што аспрэчвае ў абвінавачванні, адказаў, што не аспрэчвае, што нанёс удары па драўляных загароджах Дома Ураду.

Паказанні абвінавачанага Аляксандра Кіркевіча

19.12.2010 г. быў у Мінску на мітынгу ў ахове кандыдата ў прэзідэнты В. Рымашэўскага. Мэта сходу - падтрымаць кандыдатаў. Натоўп рушыў на пл. Незалежнасці. Мэта паходу на пл. Незалежнасці – здзівіць улады. Заклікаў да гвалту не было. Згубіў Рымашэўскага каля касцёлу. Пабочных прадметаў у мітынгоўцаў не было. Калі натоўп хлынуў да Дома Ураду, пайшоў туды. Не бачыў, як б’юцца шыбы. Звону шкла не памятае. Бачыў бліскавіцы фотакамер журналістаў, натоў перад дзвярыма. Людзі падштурхнулі ззаду - апынуўся наперадзе. Удараў па загароджы не наносіў, упіраўся ў дзверы, каб не прыдушылі. Каля дзвярэй быў дзесці каля адной хвіліны. Пасля з’яўлення ланцугу спезназу сышоў з плошчы і на цягніку паехаў дадому. Абвінавачаны пацвердзіў, што на відэа зафіксаваны ён.

На пытанні адваката абвінавачаны патлумачыў, што калі прыйшоў спецназ, ён быў перад прыступкамі Дома Ураду. Заклікаў увайсці ў будынак ён не чуў, дзеянняў па знішэчэнні маёмасці не бачыў. Людзей каля дзвярэй было не шмат, удараў дэманстрантаў па супрацоўніках міліцыі не бачыў. Не згодны з кваліфікацыяй падзеяў як масавых беспарадкаў. Лічыць, што максімум мела меца хуліганства.

Абвінавачаны Павел Вінаградаў адмовіўся ад дачы паказанняў у судзе.


Паказанні пацярпелых

 Усе 29 пацярпелых па справе з’яўляліся супрацоўнікамі ПМСП, якія 19-га снежня 2010 г. ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку і прыбылі да Дома Ураду, каб спыняць супрацьпраўныя дзеянні дэманстрантаў, якія білі шыбы ў Доме Ураду.  Варта нагадаць, што гэтыя ж пацярпелых праходзілі раней па справах грамадзянаў РФ І. Гапонава і А. Брэуса, а таксама Дз. Мядзведзя, М. Ліхавіда.

Большасць пацярпелых у сдовы працэс не з’явіліся, паколькі знаходзіліся ў працоўным адпачынку ці на бальнічных. Дапытаныя ў працэсе 9 супрацоўнікаў ПМСП далі паказанні, падобныя да тых, што і ў папярэдніх судовых працэсах па абвінавачванні ў масавых беспарадках. Усе яны не ведалі абвінавачаных і нічога адносна іх дзеянняў 19 снежня 2010 г. на пл. Незалежнасці патлумачыць не могуць, якіх-небудзь прэтэнзій да абвінавачаных не маюць.

Толькі паказанні аднаго пацярпелага датычыліся абвінавачанага Дз. Дразда. Так, пацярпелы Шылко Мікалай, старэйшы інспектар ЭКЦ ГУУС Мінгарвыканкама, відэааператар. Ён паказаў, што 19 снежня фіксаваў парушэнні грамадскага парадку на пл. Незалежнасці. Здымаў агульны план, выступы кандыдатаў. Гвалтоўных дзеянняў на пл. Незалежнасці не бачыў. Рухаўся за дэманстрантамі да моманту, пакуль яму нехта з дэманстрантаў не зламаў камеру. Ён пайшоў яе мяняць. Узяўшы другую камеру, працягнуў фіксацыю падзеяў на пл. Незалежнасці. Фіксаваў біццё шла не з пачатку. Убачыў у натоўпе Саннікава і пайшоў за ім. Бачыў Хамічэнку, ледаруба ў яго яшчэ не было. Выбудаваўся ланцужок са спецназу, ён вырашыў зняць твары мітынгуючых на відэа. Калі праходзіў паміж дэманстрантамі і спецназам, людзі наносілі ўдары, у тым ліку і абвінавачаны Дз. Дрозд. Ён яго запомніў, бо абвінавачаны быў невялікага росту. Дрозд нанёс удар, але гэта была спроба ўдару ці спроба закрыць камеры, ён не ведае. Камеру пашкодзілі нязначна. Прэтэнзій да абвінавачанага ён не мае. На пытанне адваката патлумачыў, што не можа ўзгадаць, ці нанёс Дрозд яму удар па руках.

Паказанні пацярпелых, якія не з’явіліся ў судовы працэс, былі агучаныя судом. Адвакаты пярэчылі гэтаму, паколькі не лічылі прычыну няяўкі ў суд паважнай.

У сваіх паказаннях пацярпелыя ўказвалі, што ім паступіў загад “ачысціць” ад людзей тэрыторыю, якая прылягала да ганку Дома Ураду. Хто і як пачаў біць шыбы, яны не бачылі, прыбылі, калі шыбы ўжо былі разбітыя. Большасць пацярпелых паказала, што ў дачыненні да іх дэманстрантамі выкарыстоўваўся гвалт: ім наносілі ўдары нагамі і рукамі па шчытах, некаторых выхоплівалі з ланцугу і наносілі ўдары рукамі і прадметамі па галаве і целе, супраць двух выкарысталі парашковы вогнетушыльнік. Фактычна ўсе пацярпелыя пацвердзілі, што колькасць людзей, якія здзяйснялі актыўныя дзеянні  на ганку перад дзвярыма Дома Ураду, складала ад 35 да 50 чалавек - з улікам карэспандэнтаў з фота- і відэаабсталяваннем.

Пацярпелыя сцвярджалі, што атрымалі пашкоджанні рознай ступені цяжкасці і былі вымушаныя звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў ведамасны шпіталь МУС. Там ім аказалі дапамогу, іх агледзелі лекары і ўстанавілі дыягназы. Аднак у 24 выпадках з 29 пацярпелым не  былі пацверджаныя і не ўстаноўленыя пашкоджанні праведзенай судова-медыцынскай экспертызай.


Паказанні сведкаў                      

 Усяго па справе было дапытана 13 сведкаў. З боку абвінавачання былі дапытаныя сведкі супрацоўнікі міліцыі Карпёнак Аляксандр, Рыцік Алег (затрымлівалі абвінавачанага Хамічэнку). Абодва паказалі, што затрымлівалі Хамічэнку разам, ён упіраўся, не хацеў ісці.

Астатнія сведкі альбо нічога не маглі сказаць аб канкрэтных дзеяннях абвінавачаных каля ганку Дома Ураду, альбо проста характарызавалі асобы абвінавачаных.

У якасці сведкі выступіў старшныя БХК Алег Гулак. У сваіх паказаннях ён, у прыватнасці, адзначыў, што з’яўляўся назіральнікам за правядзеннем мірнага сходу, паколькі БХК праводзіць маніторынг выканання правоў чалавека на сходах. На Кастрычніцкую плошчу прыйшоў каля 19:20. Інцыдэнтаў не бачыў. На плошчы быў заліты каток і асноўная група мітынгоўцаў знаходзілася каля Палацу прафсаюзаў. Ніякіх незвычайных прадметаў у мітынгуючых не бачыў. Міліцыя рэгулявала рух, канфліктаў не было. Каля гарвыканкама калона спынілася. Статкевіч прапанаваў ісці да касцёлу. Далей Саннікаў заклікаў ісці да Дома Ураду, але ён не заклікаў да гвалтоўных дзеянняў. На плошчы было каля 30 тысяч чалавек. Нейкія асобы пачалі біць шкло ў Доме Ураду. Сведка падыйшоў да будынку на 20 метраў і ўбачыў, як шкло ў дзвярах б’юць 3-4 чалавекі. Падыйшлі журналісты. Сведку здзівіў факт таго, што шкло білі працяглы час без аніякай рэакцыі з боку міліцыі. Затым шкло білі 15-20 чалавек. Справа ад ўваходу сведка ўбачыў групу людзей, якія, на ягоную думку, былі міліцэйскім начальствам. Сведка спытаў у іх, чаму яны не рэагуюць. Яны адказалі, што яны не камандзіры.


Допыт экспертаў

 Па хадайнітцву адваката У. Хамічэнкі агучванне экспертызы асобы Хамічэнкі і допыт экспертаў, якія яе рабілі, праходзілі ў рэжыме закрытага судовага паседжання.

 

Пісьмовыя матэрыялы па справе і рэчавыя доказы

 Пісьмовыя матэрыялы па справе ўключалі ў сябе пратаколы аглядаў месца здарэння, вынікі экспертызаў. У якасці рэчавых доказаў у справе фігуравалі 8 дыскаў з відэа- і фотафайламі, вынятыя падчас ператрусу ў абвінавачаных асабістыя рэчы (вопратка, маска, шапкі і г.д.).

Асаблівую ўвагу абароны выклікалі пратаколы аглядаў месца здарэння (пл. Незалежнасці). Так, згодна з першым пратаколам агляду месца здарэння, які праходзіў з 00:00 гадзінаў да 04:00 20.12.2010 г. шляхам франтальнага агляду (згодна з дадзенай схемай аглядалася ўся тэрыторыя плошчы), было знойдзена толькі сем прадметаў, з іх тры - сурвэткі з плямамі бурага колеру. Згодна з другім пратаколам агляду, з месца здарэння нічога не вымалася, але вялася відэаздымка (відэа ў суд прадстаўлена). Згодна з трэцім пратаколам агляду, які праводзіўся ў 15:00 20.12.2010 г. (праз больш за 15 гадзінаў пасля разгону мітынгу) на плошчы знаходзіліся каністры з нейкай вадкасцю, бутэлькі з вадкасцю (папярэдне з гаручай), жалезныя арматуры, рыдлёўкі, сякера, ледарубы, газавыя балончыкі, шумавыя гранаты і г.д. Інфармацыі аб прынятых мерах па недапушэчэнні праходу пабочных асобаў на месца здарэння, яго ачапленні ў матэрыялах справы няма.

Згодна з матэрыяламі экспертызаў вынятых з месца здарэння прадметаў, яны не адносяцца да катэгорыі халоднай зброі, выбуховых ці гаручых рэчываў.

У судзе былі прагледжаныя відэа- і фотафайлы.

Большасць з іх датычылася падзеяў на пл. Незалежнасці. Акрамя таго былі прадэманстраваныя асабістыя фота і відэа П. Вінаградава. На адным з такіх відэафайлаў бачна, як гарыць драўляная канструкцыя, на якую налеплены фотаздымак А. Лукашэнкі. У нізе гэтая канструкцыя абматаная тканінай чырвона-зялёнгага колеру. Візуальна пры гэтым устанавіць, што гэтая тканіна з’яўляецца палотнішчам дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, немагчыма.

На прагледжаных відэаматэрыялах бачна, як абвінавачаны Дз. Дрозд наносіць як мінімум два ўдары мегафонам па драўляных загароджах (сталах) у праёмах дзвярэй Дома Ураду. Таксама на відэа бачна, як абвінавачаны А. Пратасеня вырывае міліцэйскі шчыт, якім быў застаўлены аконны праём Дома Ураду, наносіць некалькі ўдараў па шчытах, як у адказ супрацоўнікі міліцыі адбіваюцца з-пад шчытоў дубінкамі. Абвінавачаны П. Вінаградаў зафіксаваны каля дзвярэй Дома Ураду, дзе ён у масцы наносіць удары малатком па драўляных загароджах у праёмах Дома Ураду. Таксама прадстаўленыя фота, дзе П. Вінаградаў сфатаграфаваны ў гэтай жа вопратцы, што і на відэа. Абвінавачаны А. Кіркевіч знаходзіцца ў натоўпе людзей, які відавочна напірае на яго. Непасрэдна перад ім знаходзіцца асуджаны раней В. Парфянкоў, які здзяйсняе актыўныя дзеянні (наносіць удары па драўляных загароджах). З прадэманстраванага відэа цяжка зрабіць выснову пра тое, наносіў адзін удар па драўляных загароджах А. Кіркевіч ці не. У. Хамічэнка засняты ў шматлікіх ракурсах, дзе ён спачатку б’е па шкле, затым па дзвярных канструкцыях і загароджах, у тым ліку, з выкарыстаннем шкрабка для снегу, ламае уплатніцель на дзвярах. Адкуль ён узяў шкрабок, з відэа не бачна.

Удзелу абвінавачаных у гвалце над асобай, падпалах, узброеным супраціве супрацоўнікам міліцыі, знішчэнні маёмасці відэа не зафіксавала.

Прадстаўленае відэа паказвае ў асноўным толькі невялікі кавалак плошчы, непасрэдна каля дзвярэй Дома Ураду. На відэа фатктычна няма агульных планаў, якія б давалі уяўленне аб маштабнасці таго, што адбывалася на плошчы, аб колькасці ўдзельнікаў, колькасці дэманстрантаў, якія здзяйсняюць актыўныя дзеянні. Відэа відавочна змантавана з некалькіх відэакамер. На ім няма хранаметражу, даты, таму цяжка атрымаць уяўленне аб працягласці моманту біцця шкла, пачатку гэтага і заканчэння. Дзеянні ПМСП (першага ланцугу), які выбег і выбудаваўся перад ганкам Дома Ураду, заснята з таго боку, дзе фактычна не адбывалася ніякіх сутчак з дэманстрантамі. На іншым баку ланцуга бачныя сутычкі з дэманстрантамі, але сказаць, што там адбываецца, фактычна немагчыма. Відэа не пацвярджае паказанні пацярпелых пра гвалт у дачыненні да іх з боку дэманстрантаў (на відэа не бачна выцягвання міліцыіянтаў з ланцугу ў натоўп, зрывання шлемаў, нанясення ўдараў і г.д.). Асобная частка відэа знятая ўнутры будынку Дома Ураду, дзе бачныя міліцыянты, якія забарыкадзіравалі дзверы і вокны Дома Ураду шчытамі і драўлянымі сталамі. На відэа таксама не было бачна, каб дэманстранты выкарыстоўвалі супраць міліцыі нейкія спецыяльныя прыстасаванні (сякеры, рыдлёўкі, арматуры, бутэлькі), не зафіксавана падпалаў ці падрыхтоўкі да іх.

Абарона адзначала, што ў справе няма належнага, згодна з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, апісання дадзенага відэаматэрыяла: кім і на якім абсталяванні выраблена, каму перададзена, хто рабіў нарэзку кадраў і г.д. Абарона лічць, што пры такіх абставінах відэа не можа з’яўляцца дапушчальным доказам і мусіць быць вынята з доказнай базы па справе.

Абарона заяўляла хадайніцтва аб запатрабаванні з Цэнтра відэаназірання аператыўна-дзяжурнай часткі ГУУС Мінгарвыканкама запісу падзеяў 19 снежня на пл. Незалежнасці з 18:00 да 24:00. Таксама адвакаты заяўлялі аб далучэнні відэаматэрыялаў, якія прадстаўлены БХК і іншымі незалежнымі крыніцамі. Абарона абгрунтоўвала дадзеныя хадайнітцвы тым, што дадзеныя відэаматэрыялы ўтрымліваюць іншыя, адрозныя ад прадстаўленых следствам, ракурсы і агульны від, што з’яўляецца важным для вызначэння кваліфікацыі падзеяў 19 снежня 2010 г. Аднак суд не задаволіў дадзеныя хадайніцтвы.

Пракурор заявіў хадайніцтва аб далучэнні да пісьмовых матэрыялаў справы двух судовых прысудаў, якія ўступілі ў законную сілу (па справе В. Парфянкова і па справе Малчанава, Новіка, Атрошчанкава), паколькі, згодна з нормамі КПК, факты, устаноўленыя ў папярэдніх судовых працэсах, не падлягаюць даказванню і носяць абавязковы характар для суда. Па меркаванні пракурора, дадзенымі прысудамі ўстаноўлены факт масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. на пл. Незалежнасці. Абарона выступіла супраць заяўленага хадайніцтва, паколькі дадзеныя прысуды датычацца дзеянняў іншых асобаў і не агалошваліся ў судовым працэсе. Суд задавальняе хадайніцтва і далучае прысуды да пісьмовых матэрыялаў справы.


Спрэчкі бакоў

Дзяржаўнае абвінавачанне

Першым выступіў прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачання, які сказаў, што віна авбінавачаных цалкам даказаная. Па меркаванні пракурора, канструкцыя абвінавачання выглядае такім чынам, што спачатку ідзе апісанне ўсіх падзеяў 19 снежня 2010 г. і агульны вынік дзеянняў іншых асобаў, а затым канкрэтна апісваюцца дзеянні кожнага абвінавачанага. Па меркаванні пракурора, нягледзчы на тое, што ніхто з абвінавачаных не прызнаў віну ў поўным аб’ёме, усе яны фактычна прызналі тыя дзеянні, якія ім інкрымінаваліся.

Двое з абвінавачаных мелі ранейшыя судзімасці, якія не былі пагашаныя ці знятыя на момант разгляду справы ў судзе. Так, У. Хамічэнка  быў асуджаны ў 2010 г. за крадзёж да трох месяцаў арышту і, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання, быў вызвалены 9 снежня 2010 г. П. Вінаградаў 26.05.2008 г. быў асуджаны па так званай “справе 14-ці” да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу па арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), амніставаны без зняцця судзімасці ў 2009 г. У сувязі з гэтым пракурор меркаваў, што ў дачыненні да іх мае месца просты рэцэдыў.

Пракурор прасіў пакраць Дз. Дразда трыма з паловай гадамі пазбаўлення волі, А. Кіркевіча і П. Вінаградава - чатырма гадамі пазбаўлення волі, А. Пратасеню і У. Хамічэнку - трыма гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, пракурор лічыў неабходным ужыць у дачыненні да У. Хамічэнкі ўмовы прымусовага медыцынскага лячэння ад алкагалізму па месцы адбыцця пакарання. Таксама пракурор прапанаваў лічыць факт здзяйснення злачынства  Хамічэнкам у нецвярозым стане як абцяжарваючыя віну абставіны.

Абаронцы

Абаронцы прасілі апраўдаць абвінавачаных у сувязі з адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь.

Усе абаронцы былі катэгарычна не згодныя з кваліфікацыяй дзеянняў сваіх падабаронных як удзел у масавых беспарадках. Яны не былі згодныя з тым, што падзеі 19-га снежня 2010 г. на пл. Незалежнасці ўяўлялі сабой масавыя беспарадкі, паколькі дзеянні адносна невялікай групы людзей, якія не былі працяглымі па часе, не нанеслі значных стратаў маёмасці (14 млн. рублёў паводле грамадзянскага зыску) і не суправаджаліся пагромамі, падпаламі, узброеным супрацівам міліцыі, не з’яўляюцца масавымі беспарадкамі і ні ў якім разе не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы. Пры гэтым абаронцы адзначылі, што некаторыя дзеянні падабаронных з’яўляліся парушэннем грамадскага парадку, але гэтыя парушэнні не ўтвараюць складу злачынства па ч. 2 арт. 293 КК.

Абаронца У. Хамічэнкі адзначыла, што ў сілу асаблівасцяў псіхафізічнага развіцця яе падабаронны мае цяжкасці ў арыентацыі ў пэўных сітуацыях, цяжкасці ў абстрактным мысленні і ён не мог адэкватна ацаніць склаўшыюся сітуацыю і сваю ролю ў ёй, адпаведна ён не мог мець умыслу на ўдзел у масавых беспарадках. Таксама абаронца выказала нязгоду з пракурорам адносна таго, што Хамічэнка быў у нецвярозым стане, бо гэта не пацверджана вынікамі экспертызы.

Абаронца Дз. Дразда адзначыла, што пацярпелы М. Шылко не здолеў адказаць, ці нанёс яе падабаронны яму ўдар па руках, і не мае прытэнзій да Дз. Дразда.

Адвакат А. Кіркевіча адзначыла, што ў судзе не было прадстаўлена ніводнага доказу таго, што яе падабаронны здзяйсняў інкрымінаваныя яму дзеянні: знішчаў маёмасць, наносіў удары па шчытах міліцыі. Яна ўказала на неканкрэтныя фармулёўкі абвінавачання кшталту “здзяйсняў іншыя актыўныя дзеянні”. Яна адзначыла, што прысуд не можа будавацца на меркаваннях, а толькі на фактах, і любыя сумневы мусяць трактавацца на карысць абвінавачанага. Таксама яна адзначыла, што як адвакат не магла ў поўнай меры рэалізаваць права на спатканні з падабаронным без абмежавання часу і колькасці спатканняў, паколькі адміністарцыя СІЗА КДБ не дазваляла спатканні, матывуючы адсутнасцю магчымасцяў (вольных пакояў для спатканняў). Адвакат расцаніла гэта як парушэнне права на абарону А. Кіркевіча, гарантаванага яму арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Прысуд

 Суддзя Ала Булаш прызнала ўсіх абвінавачаных вінаватымі ў здзяйсненні злачынства паводле ч.2 арт. 293 КК і прыгаварыла:

Паўла Вінаградава - да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Аляксандра Кіркевіча - да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзмітрыя Дразда - да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Уладзіміра Хамічэнку - да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Андрэя Пратасеню – да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства