viasna on patreon

Арганізатара акцыі "Стоп-бензін 2" аштрафавалі

2011 2011-05-05T15:03:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Акцыя "Стоп-бензін 2" прайшла ўвечары 28 красавіка на трох мінскіх аўтазаправачных станцыях канцэрна "Белнафтахім", а таксама на АЗС у больш чым дзесяці гарадах Беларусі.

Удзельнікам мерапрыемства прапаноўвалася запраўляцца па два літры паліва, аплачваючы дробнымі купюрамі, нагадвае БелаПАН.

Неўзабаве пасля пачатку акцыі на мінскай запраўцы № 44 па вул. Леніна, 48 лідэр інфармацыйна-асветніцкай установы "За Аўта" Шаркоў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў Ленінскі РУУС. Прыкладна праз гадзіну пасля ўстанаўлення асобы ён быў адпушчаны без складання пратаколу.

Адсутнасць лідэра не дазволіла аўтааматарам правесці масавы праезд па праспекце Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі, як было запланавана.

Арцём Шаркоў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (больш за 1 млн. рублёў) за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў ці пікетаваньня (артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Такое рашэнне прыняў 5 мая суд Ленінскага раёна Мінска.

У ходзе сённяшняга судовага пасяджэння, якое доўжылася прыкладна 40 хвілін, суддзя Міхаіл Хома дапытаў трох сведак - знаёмага Шаркова, аднаго з журналістаў, які асвятляў акцыю, і старэйшага інспектара аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РУУС Мінска. Усе яны знаходзіліся падчас акцыі на АЗС № 44.

Пасля суда Шаркоў ў каментары БелаПАН заўважыў, што "пры затрыманні супрацоўнікі ПМСП казалі, што ніякіх матэрыялаў [улётак] не было, на жаль, гэта не адлюстравана ў пратаколе затрымання 28-га". "Таму дадзеныя абвінавачванні можна лічыць надуманымі, - лічыць ён. - Ёсць адчуванне, што пастанова суда была гатовая загадзя, а ўсё астатняе было шоў".

Рашэнне суда Ленінскага раёна ён мае намер абскардзіць у вышэйстаячай інстанцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства