Гаспадарчы суд Менску — за высяленьне партыі БНФ
Гаспадарчы суд Менску не задаволіў пазоў партыі БНФ і грамадзкай арганізацыі БНФ "Адраджэньне" да ЖРЭА Савецкага раёну Менску. Пазоўнікі дамагаліся праз суд прымусіць камунальныя службы заключыць дамову аб арэндзе памяшканьня на праспэкце Машэрава, 8. У сваю чаргу, ЖРЭА Савецкага раёну зьвярнулася ў суд, каб вызваліць арандаваную сядзібу.
Судзьдзя Алена Мельнікава правяла два судовыя паседжаньні паводле пазову грамадзкай арганізацыі і партыі БНФ. Юрыст Уладзімер Лабковіч
даводзіў, што камунальныя службы адмовілі ў заключэньні дамовы арэнды
беспадстаўна, а таксама падкрэсьліваў, што сядзіба БНФ — цэнтар
палітычнага і нацыянальна-культурнага жыцьця сталіцы. Па ягоных словах,
супрацоўнікі ЖРЭА Савецкага раёну і Менгарвыканкаму не хавалі таго
факту, што загад на высяленьне грамадзка-палітычных арганізацый паходзіў
з прэзыдэнцкай адміністрацыі. Патрабаваньні абодвух пазоўнікаў
абавязаць камунальныя службы заключыць дамову арэнды судзьдзя пакінула
без задаваньненьня. Гаворыць Уладзімер Лабковіч:
"Суд не
задаволіў нашай скаргі, але мы іншага рашэньня і не чакалі. І мы бачым у
гэтым віну не суду, а ўсёй сытуацыі, у якой апынулася Беларусь. Гэта
віна сёньняшніх уладаў, якія гэткім чынам дэманструюць свой наступ ня
толькі на дэмакратычную апазыцыю, але і на ўсё, што зьвязанае зь
беларускай мовай, гісторыяй і культурай".
Дамова арэнды памяшканьня, якое партыя займала больш за 20 гадоў,
скончылася 31 сакавіка. Гэткім чынам, памяшканьне ўправы неабходна было
вызваліць з 1 красавіка. Аднак актывісты партыі адмаўляюцца гэта рабіць і
дзеля абароны сядзібы арганізавалі кругласуткавае дзяжурства. На ўправе
штодня праходзяць культурніцкія акцыі ў падтрымку абароны сядзібы. За
захаваньне права арандаваць гэтае памяшканьне выказаліся больш за сто
вядомых у краіне асобаў — літаратараў, палітыкаў, навукоўцаў. Палітычным
рашэньнем скасаваньне дамовы арэнды з партыяй БНФ і рашэньне суду
назваў намесьнік старшыні Рыгор Кастусёў:
"Зразумела,
што гэта рашэньне не юрыдычнае, а палітычнае. Я лічу, што яно зьвязанае
з рашэньнем партыі БНФ удзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі як
самастойная сіла. А таксама ў зьвязку з тым, што ў сядзібе партыі БНФ
пасьля выбараў была арганізаваная акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі,
затрыманымі і зьбітымі. У сувязі з гэтым улады прынялі такое рашэньне".
Кіраўніцтва партыі БНФ заяўляе, што будзе абскарджваць рашэньне Менскага гаспадарчага суду ў судах вышэйшых інстанцыяў.