Акцыя за стварэнне роварных дарожак забаронена ДАІ

2011 2011-05-03T12:46:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-rovary.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акцыю ўладальнікаў ровараў, якія выступаюць за стварэнне ў Віцебску адмысловых дарожак і парковак, супрацоўнікі ДАІ палічылі “апазіцыйнай”. Традыцыйнае “адкрыццё сезону” віцебскіх байкераў  увогуле апынулася пад забаронай.

Апошнімі гадамі ў першых чыслах траўня жыхары Віцебску маглі назіраць незвычайнае відавошча: дзесяткі байкераў на сваіх “сталёвых конях” ехалі па горадзе, адзначаючы “адкрыццё сезону” пасля зімовага “застою”. Паглядзець на першы вясновы старт прыходзілі нават з дзецьмі, бо столькі матацыклаў розных марак ды байкераў у самых экзатычных касцюмах дзесці больш убачыць бадай што немагчыма…

Сёлета маляўнічы выезд быў адменены паводле распараджэння ДАІ. Маўляў, матацыклісты будуць замінаць дарожнаму руху – хаця зазвычай байкерскія імпрэзы ладзіліся на ўскрайку Віцебска.

“Небяспечнымі”  ДАІ палічыла і  ровары, але найперш іх уладальнікаў, якія зладзілі  адмысдловы прабег з мэтаю прыцягнуць увагу гарадскіх уладаў да сваіх праблем – у Віцебску няма  адмысловых дарожак і парковак для аматараў перасовацца “сваім ходам”.

Прыхільнікі  гэтага транспартнага сродку стварылі сваю старонку ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” і дамовіліся сабрацца 29 красавіка каля віцебскай ратушы ды паехаць па вуліцы Леніна. Але ўмяшалася ДАІ: арганізатарам сказалі, што прабег на роварах будзе расцэнены як несанкцыянаваная акцыя, калі роварысты статуюць усе разам.

Урэшце збор перанеслі на плошчу Перамогі, а выязджаць вырашылі невялікімі групамі – па 5-7 чалавек. Па вуліцах “Праўды”, Смаленскай і па праспекце Фрунзе ровары выязжалі на плошчу Свабоды. Тут да ўдзельнікаў зноў пад’ехалі супрацоўнікі ДАІ і параілі “прыцягваць увагу грамадскасці” у так званай “яме” – пляцоўцы з тэніснымі кортамі каля Летняга амфітэатру.

З вуліцы Леніна акцыю было заўважыць практычна немагчыма – пляцоўка, дзе яна праходзіла, месціцца ніжэй узроўню праезнай часткі. Але і там ДАІ не пакінула ўдзельнікаў у спакоі: праз паўгадзіны ўсім было загадана “раз’язджацца і разыходзіцца”.

“Пазіцыя ДАІ дзіўная, бо мы выступаем якраз за бяспеку вулічнага руху – просім абсталяваць у горадзе адмысловыя дарожкі, каб на ровары можна было ездзіць, не ствараючы праблем ні пешаходам, ні іншаму транспарту”, -- гаворыць удзельнік акцыі Уладзімір Рамановіч.

Ён лічыць, што трэба працягваць змаганне за “правы раварыстаў” у Віцебску, а таму прапанаваў правесці літаратурны конкурс на тэму “Мой дзень з роварам”.

“Няхай людзі напішуць, ці зручна ім ездзіць па Віцебску, дзе яны пакідаюць ровар, калі ідуць у краму ці ў нейкую ўстанову – бо ў нашым горадзе няма адмысловых парковак, як, да прыладу, у еўрапейскіх гарадах. Нягледзячы на тое, што ў нас усялякім чынам імкнуцца схіліць людзей да здаровага ладу жыцця – ладзяць “бязглуздыя дні цвярозасці і г.д., нікога чамусьці не хвалюе, што захаваць добрую фізічную форму, а таксама палепшыць экалогію можна ў тым ліку і адмовіўшыся  ад праезду на грамадскім транспарце. Таму мы лічым нашу ініцыятыву разумнай і карыснай,” – кажа Уладзімір Рамановіч.

 

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства