Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2020

2020 2020-06-02T15:05:24+0300 2020-06-02T15:05:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vokladka_may_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны, Іван Комар і Мікіта Емяльянаў;
  • 7 траўня Піліп Шаўроў, раней прызнаны праваабарончай супольнасцю Беларусі палітычным зняволеным актывіст моладзевай апазіцыйнай арганізацыі «Малады фронт», быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. 19 траўня суд Цэнтральнага р-на г. Мінска прызнаў яго вінаватым у хуліганстве і пашкоджанні маёмасці і прызначыў яму штраф у памеры 50 б.в. (1 350 рублёў);
  • 8 траўня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла пастанову аб прызначэнні 9 жніўня 2020 г. выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • c 6 па 31 траўня ПЦ “Вясна” вядома аб затрыманні 195 грамадзян і аб 155 судовых працэсах па адміністрацыйных справах (з іх 135 судоў па арт. 23.43 КаАП) у дачыненні як мінімум 132 чалавек. У выніку судамі былі арыштаваныя 69 чалавек, 72 чалавекі аштрафаваныя;
  • асаблівую занепакоенасць выклікаюць выпадкі арыштаў і затрыманняў праваабаронцаў, у тым ліку і сябраў ПЦ "Вясна", а таксама журналістаў. Дадзеныя факты выклікалі негатыўную рэакцыю як нацыянальных, так і міжнародных праваабарончых і журналісцкіх арганізацый, а таксама ЕС, АБСЕ і Еўрапарламента;
  • 29 траўня ў г. Гродна ў выніку відавочна спланаванай правакацыі былі затрыманыя дзесяць грамадзян, якія бралі ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Быў затрыманы і кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі. Пазней прэс-служба МУС паведаміла аб узбуджэнні па факце дадзеных падзей крымінальнай справы ў сувязі з прымяненнем гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў. С. Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых на дадзены момант знаходзяцца ў ІЧУ г. Мінска. Дзяржаўныя СМІ паспяшаліся абвінаваціць удзельнікаў пікету ў парушэнні грамадскага парадку і нападзе на супрацоўніка міліцыі;
  • праваабарончая супольнасць прызнала Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным, а таксама выступіла з патрабаваннем аб вызваленні яго і іншых затрыманых, не датычных да ўжывання гвалту да супрацоўнікаў міліцыі;
  • 22 траўня Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах не задаволіла апеляцыйныя скаргі асуджаных да смяротнага пакарання братоў Станіслава і Іллі Костевых. Такім чынам вынесены Магілёўскім абласным судом смяротны прысуд уступіў у законную сілу;
  • у цэлым, у траўні назіралася рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека і павелічэнне росту рэпрэсій у дачыненні да грамадзян краіны, што абумоўлена пачаткам кампаніі па выбарах прэзідэнта.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Як стала вядома ПЦ "Вясна", 29 траўня 2020 г. суд Бабруйскага р-на вынес рашэнне аб змене рэжыму адбыцця пакарання ў дачыненні да палітвязня Мікіты Емяльянава, і ён быў пераведзены ў турму ў г. Магілёў.

Нагадаем, з 9 красавіка 2020 г. М. Емяльянаў знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 2 у г. Бабруйску. І з гэтага ж дня ён правёў 12 сутак у ШІЗА, а затым быў змешчаны яшчэ раз у ізалятар на 14 сутак, а 7 траўня палітвязень быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу.

Як стала вядома праваабаронцам, за чарговую адмову ісці ў атрад пасля выхаду са штрафнога ізалятара палітвязня Міхаіла Жамчужнага змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) тэрмінам на 6 месяцаў. Такія паводзіны зняволенага звязаныя з асцярогай за сваю бяспеку.

Сам Міхаіл Жамчужны за час зняволення налічыў 77 спагнанняў, накладзеных на яго, прычым 71 з іх было вынесена менавіта ў Горацкай папраўчай калоніі № 9, дзе ён адбывае пакаранне цяпер.

7 траўня стала вядома, што палітычнага зняволенага, актывіста «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова вызвалілі з-пад варты да суда пад падпіску аб нявыездзе.

16 красавіка 2020 г. праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай з патрабаваннем неадкладнага вызвалення палітвязня Піліпа Шаўрова і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.

19 траўня суд Цэнтральнага раёну Мінска абвясціў прысуд Піліпу Шаўрову: ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 і 2 арт. 339 (хуліганства) і 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) Крымінальнага кодэкса і аштрафаваны на агульную суму 50 базавых рублёў (1 350 рублёў).

29 траўня ў час перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдаткай у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у г. Гродна затрыманы кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі. Таксама затрыманыя людзі з ініцыятыўнай групы і каманды праекта «Краіна для жыцця». Восем з затрыманых перавезены ў Мінск і змешчаны ў ІЧУ. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі.

Затрыманне адбылося каля 8-й вечара. Спачатку да Ціханоўскі падышлі жанчыны і сталі задаваць яму правакацыйныя пытанні, хапаць яго за вопратку. С. Ціханоўскі неаднаразова заяўляў ім, што не мае намеру з імі мець зносіны, адыходзіў ад іх, але дзве жанчыны ўсё роўна хадзілі за ім. Затым падышлі два міліцыянты, якім жанчыны паскардзіліся, што Ціханоўскі ня адказвае на іх пытанні, і міліцыя пачала затрымліваць С. Ціханоўскага. Людзі сталі засланяць блогера ад міліцыянтаў. Затым раптам на зямлю ўпаў адзін з міліцыянтаў. Неўзабаве з'явіўся АМАП і затрымаў С. Ціханоўскага і іншых грамадзян. Сярод затрыманых быў каардынатар штаба Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці Дзмітрый Фурманаў, якога па сведчанні відавочцы чатыры чалавекі ў цывільным схапілі за рукі і за ногі, выцягнуўшы з-за стала, за якім ён збіраў подпісы, і пацягнулі ў сквер.

Праваабарончая супольнасць прызнала Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным, а таксама выступіла з патрабаваннем аб вызваленні яго і іншых затрыманых, не датычных да ўжывання гвалту да супрацоўнікаў міліцыі.

Ціск на праваабаронцаў

На працягу месяца былі адзначаны шматлікія выпадкі пераследу праваабаронцаў, у тым ліку сябраў ПЦ "Вясна", у сувязі з ажыццяўленнем iмi праваабарончай дзейнасці.

7 траўня дамоў да сябра ПЦ "Вясна" Андрэя Мядзведзева з мэтай апытання прыйшоў участковы інспектар лейтэнант міліцыі Дзмітрый Рамашкевіч. Ён паведаміў, што яму для праверкі паступіў матэрыял пра тое, што нібыта Мядзведзеў у каментарыі ў сацыяльнай сетцы абразіў грамадзяніна Ігара Сяргеева, які з'яўляецца рэдактарам дзяржаўнай раённай газеты «Дняпровец».

Як высветлілася, старэйшы оперупаўнаважаны групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Рэчыцкага РАУС маёр міліцыі Андрэй Бутром’еў склаў рапарт на імя начальніка РАУС. У ім ён паведаміў, што падчас маніторынгу сацыяльнай сеткі “Вконтакте” ім быў выявіў пост, на яго думку, абразлівага характару ў дачыненні да грамадзяніна Сяргеева Ігара Георгіевіча. У каментарыі, на думку маёра Бутром’ева, маюцца прыкметы злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 189 Крымінальнага кодэкса. У матэрыялах, якія меліся ў распараджэнні ўчастковага, быў толькі гэты рапарт, раздрукоўка з сістэмы «Пашпарт», а таксама скрыншоты з інтэрнэту са спрэчным каментаром і артыкуламі, які яго выклікалі. Заявы самога Сяргеева сярод матэрыялаў праверкі не было. Участковы паведаміў, што заява не пададзена, а праверка ажыццяўляецца на падставе рапарту оперупаўнаважанага. Між тым, справы прыватнага абвінавачвання, да ліку якіх аднесена злачынства па арт. 189 КК, узбуджаюцца выключна па заяве пацярпелага.

10 красавіка сайт «Гомельскай Вясны» змясціў артыкул «Як валанцёры ў Рэчыцы дапамагаюць у змаганні супраць каронавірусу», у якой распавёў пра тое, што рэчыцкая актывістка кампаніі «Гавары праўду» Алена Лінкевіч шые абарончыя маскі для медработнікаў па дамове з мясцовым прадпрыемствам «Рэчыцабыт».

Але 20 красавіка на артыкул «Гомельскай вясны» адрэагавала рэчыцкая дзяржаўная раённая газета «Дняпровец», якая размясціла артыкул «Рэчычанам на заметку. Маскі як падстава хайпануць». У ёй доўга падводзіцца да таго, што шыць маскі — гэта добра і высакародна, але не для актывістаў нейкіх палітычных рухаў.

Гэты артыкул паўторна размясціў адзін з рэкламных рэчыцкіх сайтаў, і адміністратары змясцілі спасылку на яго ў самай шматлікай рэчыцкай групе “ВКонтакте”. Менавіта пад постам з гэтай спасылкай 21 красавіка пакінуў свой каментар Андрэй Мядзведзеў.

10 траўня пасля правядзення традыцыйнай штотыднёвай акцыі праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ ў г. Брэсце былі затрыманыя некаторыя ўдзельнікі мірнага сходу, а таксама мясцовыя праваабаронцы, якія ажыццяўлялі маніторынг правядзення сходу, — Раман Кісляк і сябра ПЦ "Вясна" Уладзімір Вялічкін.

На працягу двух сутак пра іх месцазнаходжанне не было нічога вядома ні іх калегам, ні блізкім сваякам. Жонка праваабаронцы "Вясны" Маргарыта Вялічкіна звярнулася ў пракуратуру з заявай аб знікненні чалавека. Тое ж самае зрабіла і маці Рамана Кісляка.

Толькі 12 траўня, праз двое сутак пасля затрымання, Р. Кісляк і У. Вялічкін былі дастаўлены ў суд Ленінскага р-на г. Брэста. Як стала вядома, з моманту затрымання ў нядзелю і да суда абодва праваабаронцы знаходзіліся ў ІЧУ г. Кобрына, што ў 48 кіламетрах ад г. Брэста (хоць самі яго супрацоўнікі гэта адмаўлялі). Уладзіміра Вялічкіна двойчы дастаўлялі ў суд і двойчы, 12 і 15 траўня, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным сходзе) у выглядзе штрафаў у памеры 50 і 30 базавых велічынь. Увесь гэты час У. Вялічкін знаходзіўся ў ІЧУ і быў вызвалены толькі пасля суда 15 траўня. Раман Кісляк быў вызвалены 14 траўня, а 27 траўня суд таксама вынес пастанову аб прыцягненні праваабаронцы да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23. 34 КаАП у выглядзе штрафу ў памеры 30 б.в.

8 траўня ў ходзе затрыманняў удзельнікаў «анты-параду», анансаванага блогерам Сяргеем Ціханоўскім, у г. Магілёве быў затрыманы журналіст і сябра ПЦ "Вясна" Аляксандр Буракоў, які пасля пастановай суда Ленінскага р-на г. Магілёва быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 10 сутак па арт. 23. 34 КаАП.

15 траўня, каля 11-й гадзіны супрацоўнікі міліцыі затрымалі праваабаронцу магілёўскага аддзялення «Вясны» Алеся Буракова (Сашу Райкона). Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва прызнала Алеся Буракова вінаватым па арт. 23.34 КаАП, у тым, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 траўня пад магілёўскім ІЧУ, і асудзіла праваабаронцу "Вясны" на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

12 траўня Рада ПЦ "Вясна" выступіла з заявай з патрабаваннем неадкладнага вызвалення арыштаваных сяброў арганізацыі і спынення іх пераследу ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю.

Затрыманні і арышты праваабаронцаў выклікалі негатыўную рэакцыю шэрагу міжнародных праваабарончых арганізацый: FIDH, Front Line Defenders, Human Rights Watch.

Таксама, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі беларускія ўлады спыніць пераслед мірных актывістаў грамадзянскай супольнасці і вызваліць затрыманых.

Права на жыццё. Праблема смяротнага пакарання

12 сакавіка 2020 года Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэнне, у якім прызнаў, што ў справе Генадзя Якавіцкага беларускімі ўладамі быў дапушчаны шэраг парушэнняў яго правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Камітэт ААН прыйшоў да высновы, што ў дадзенай сітуацыі мела месца адвольнае пазбаўленне жыцця расстралянага Якавіцкага. Акрамя гэтага, было парушана права Якавіцкага на справядлівае судовае разбіральніцтва незалежным і бесстароннім судом, а таксама права на прэзумпцыю невінаватасці.

Камітэт па правах чалавека ААН звярнуў увагу ў сваім рашэнні на адмову беларускай дзяржавы супрацоўнічаць з ім, а таксама на непавагу Беларусі да просьбы Камітэта аб прадастаўленні абарончых захадаў.

Камітэт ААН ужо неаднаразова заклікаў урад Беларусі перагледзець сваё заканадаўства аб смяротным пакаранні.

Індывідуальны зварот асуджанага да смяротнага пакарання Генадзя Якавіцкага быў зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН 17 ліпеня 2016 года. Нягледзячы на ​​тое, што Камітэт ААН прасіў не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд на час разгляду звароту, Якавіцкага расстралялі ў СІЗА № 1 Мінска 5 лістапада 2016 года.

22 траўня Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах не задаволіла апеляцыйныя скаргі жыхароў Чэрыкава братоў Станіслава і Іллі Косцевых і іх адвакатаў на прысуд, вынесены 10 студзеня 2020 г. Магілёўскім абласным судом. Смяротны прысуд уступіў у законную сілу.

Нагадаем, што 10 студзеня на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве быў вынесены смяротны прысуд у дачыненні да братоў 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседстве, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэнні вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, вынес суддзя Міхаіл Мельнікаў.

Раней у гэтым годзе беларускія суды вынеслі смяротныя прысуды ў дачыненні да трох чалавек. На дадзены момант у «спецкалідоры» СІЗА № 1 у чаканні смяротнага пакарання знаходзяцца чацвёра чалавек: Ілля і Станіслаў Косцевы, Віктар Сергель і Віктар Паўлаў. Яшчэ адзін вынесены смяротны прысуд у дачыненні да Віктара Скрундзіка не ўступіў у законную сілу; разгляд апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным Судзе прызначаны на 30 ліпеня 2020 г.

Парушэнне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў

У пачатку траўня блогер Сяргей Ціханоўскі арганізаваў сустрэчы ў розных гарадах Беларусі з падпісантамі свайго YouTube-канала «Краіна для жыцця». У гэтых сустрэчах, якія праходзілі ў рэжыме «свабоднага мікрафона», акрамя мясцовых жыхароў прымалі ўдзел таксама некалькі рэгіянальных блогераў. Міліцыя перашкаджала перамяшчэнню С. Ціханоўскага, неаднаразова спыняла, правярала і затрымлівала аўтамабілі, якія выкарыстаў блогер і яго прыхільнікі, па фармальных ці надуманых прычынах. У выніку, 6 траўня каля Магілёва блогер быў затрыманы і вывезены ў Гомельскі ІЧУ для адбыцця адміністрацыйнага арышту, які яму быў прызначаны яшчэ ў студзені гэтага года за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» з РФ.

Увечары 6 траўня каля гандлёвага цэнтра MILE на Даўгінаўскім тракце ў Мінску АМАП і міліцыянты ў цывільным затрымалі прынамсі 19 чалавек, якія прыехалі туды падтрымаць затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага. Яны хацелі сфарміраваць калону для аўтапрабегу па МКАД. Познім вечарам пасля складання пратаколаў затрыманых вызвалілі. Ёсць звесткі аб жорсткім абыходжанні з затрыманымі.

Тады ж былі затрыманыя яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку блогер з Брэста Сяргей Пятрухін.

7 траўня ў розных гарадах краіны працягнуўся пераслед грамадзян, якія ў апошнія дні выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Брэста ("кармленне галубоў") і ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага. Не абыйшлося і без жорсткіх затрыманняў.

8 траўня ў розных гарадах Беларусі праходзілі суды над удзельнікамі акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, удзельнікамі яго сустрэч і неабыякавымі грамадзянамі, якія выходзілі ў сваіх гарадах "карміць галубоў" — выказаць падтрымку пратэсту экалагічных актывістаў у Брэсце. Вынік — буйныя штрафы і адміністрацыйныя арышты.

Суды працягнуліся 11 траўня ў дванаццаці гарадах краіны, 12 траўня, 13 траўня, 14 траўня, іншыя дні.

У Мінску за акцыю супраць правядзення парада 9 траўня ў Мінску адміністрацыйным арыштам пакараныя актывісты «Моладзевага блока» Даніла Лаўрэцкі і Ліза Пракопчык.

Праваабарончая супольнасць выступіла з патрабаваннем спыніць пераслед удзельнікаў мірных сходаў, журналістаў і праваабаронцаў.

20 траўня ў Мінску адбыліся суды над затрыманымі напярэдадні восьмю актывістамі: іх затрымалі 19 траўня ў будынку Вярхоўнага суда, куды яны прыйшлі на пасяджэнні па абскарджанню нерэгістрацыі "кандыдатаў пратэсту" ад Мікалая Статкевіча. Людзі ў цывільным заходзілі ў судовыя залы, дзе ў той час ішло абскарджанне пастаноў Цэнтрвыбаркама аб нерэгістрацыі часткі ініцыятыўных груп, і выводзілі людзей ўніз да аўтобуса. Затым усіх даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінску, а адтуль — у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе яны правялі ноч. Вынік — штрафы і суткі арышту.

Многія з актывістаў, асуджаных на адміністрацыйны арышт, не выйшлі на свабоду пасля заканчэння тэрміну арышту: іх вывезлі ў суды і зноў пакаралі арыштам па іншых пратаколах.

Журналіст і праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў, які адбыў 10 сутак у магілёўскім ІЧУ, падаў скаргу на ўмовы ўтрымання. Нават пасля рамонту гэтую ўстанову можна прыраўняць да камеры катаванняў, піша mspring.online. Аб дрэнных умовах утрымання заяўлялі і іншыя арыштаваныя.

30 і 31 траўня па краіне пракацілася хваля затрыманняў сяброў ініцыятыўнай групы і прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай, а таксама іншых актывістаў. Усяго ПЦ "Вясна" вядома пра больш чым 30 затрыманых.

Усяго ж у перыяд з 6 па 31 траўня ПЦ "Вясна" вядома аб затрыманні 195 грамадзян і аб 155 судовых працэсах па адміністрацыйных справах (з іх 135 судоў па арт. 23.43 КаАП) у дачыненні прынамсі 132 чалавек. У выніку судамі былі арыштаваныя 69 чалавек, 72 чалавекі аштрафаваныя.

Пераслед журналістаў

Аператара-фрылансера з Магілёва Міхаіла Аршынскага 7 траўня завочна асудзілі па ч. 2 арт. 22.9 КаАП («Незаконны выраб прадукцыі СМІ») за чарговы сюжэт на тэлеканале «Белсат». Вынік — штраф 594 рублі. Па тым жа артыкуле КаАП штрафам пакараны Зміцер Лупач: у Шаркаўшчыне суддзя Аксана Табола ацаніла сюжэт журналіста пра сітуацыю з каранавірусам ў райцэнтры у 1 080 рублёў.

Асаблівасцю месяца стаў шэраг затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў журналістаў, якія асвятлялі масавыя мерапрыемствы ў розных гарадах Беларусі.

Увечары 9 траўня быў затрыманы і змешчаны ў ІЧУ Магілёўскага раёна журналіст БелаПАН Аляксандр Асіпцоў. 12 траўня ён, як і журналіст Deutsche Welle і праваабаронца Аляксандр Буракоў і аператар-фрылансер Міхаіл Аршынскі, атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту: журналісцкую дзейнасць суд расцаніў як удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 11 траўня ў Глыбокім арыштам пакараны Зміцер Лупач — журналіст тэлеканала «Белсат».

Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай, у якой запатрабавала вызваліць калегаў і перагледзець іх адміністрацыйныя справы. Аб гэтым паведамляецца на сайце арганізацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства