Поўны спіс затрыманых прыхільнікаў блогера Ціханоўскага і іншых актывістаў Дапоўнена
Восьмага траўня ў Беларусі працягваюцца затрыманні і выклікі ў міліцыю прыхільнікаў затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама тых, хто пачаў выходзіць па нядзелях на галоўныя плошчы сваіх гарадоў і карміць галубоў у знак салідарнасці з экалагічнымі актывістамі Брэста. Затрыманні не спыніліся і 9 траўня - людзей забіраюць з дамоў ці спыняюць па дарозе ў Бабруйск, дзе запланавана правядзенне "Антыпараду".
На вечар 10 траўня Праваабарончы цэнтр “Вясна” дакладна валодае інфармацыяй пра 55 актывістаў і прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага, якія зараз знаходзяцца за кратамі. З іх 17 чалавек асуджаны на арышты тэрмінам ад 2 да 15 сутак (у іх ліку і Сяргей Ціханоўскі, які адбывае арышт, прысджаны яму яшчэ ў студзені). Суды праходзілі ў пяці гарадах: Гомелі, Віцебску, Лідзе, Гародні, Магілёве. Агульная колькасць атрыманых сутак – 132. У ізалятарах 38 чалавек чакаюць судоў. Агулам пасля затрымання блогера Ціханоўскага 6 траўня за тры дні па ўсё краіне былі затрыманы ці выклікалісь у міліцыю для складання пратаколаў прыкладна 120 чалавек.
Мар'іна Горка
Як паведамляе БАЖ, раніцай 9 траўня затрымалі аператара «Белсату» Аляксандра Баразенка. Пра гэта ён сам паведаміў рэдакцыі ў 8:49 раніцы. Зараз Баразенка знаходзіцца ў РАУС Марʼінай Горкі. Ягоны тэлефон недасяжны. Ён накіроўваўся ў Бабруск для асвятлення акцыі "Антыпарад". Журналіст паведаміў Свабодзе, што яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ на падʼезьдзе да Марʼінай Горкі. У яго запыталіся дакумэнты, пачалі аглядаць машыну, паведамілі, што падобная машына можа быць ва ўгоне і прададзеная ў Расею. Папрасілі праехаць у РАУС. У міліцыі відэааператара пратрымалі 2,5-3 гадзіны, склалі пратакол апытання, сфатаграфавалі машыну, сказалі, што будзе праводзіцца праверка па факце ўгону аўтамабіля і адпусьцілі каля 12:00.
Па дарозе ў Бабруйск каля 10 раніцы 9 траўня была спыненая машына, Антаніну (прозвішча ўдакладняецца) затрымала міліцыя. Жанчыне паведамілі, што на яе яшчэ ў Мінску быў складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Таксама кіроўцы машыны не адпускаюць.
Бабруйск
У суботу 9 траўня ў Бабруйску, негледзячы на перакрыццё вуліц, пастоў ДАІ, усё ж такі адбылася акцыя аўтамабілістаў. Па гораду дзяжурыць шмат машын ДАІ з АМАПаўцамі. Затрыманы актывіст Дзмітрый Цімафееў. Як паведамляе тэлеграм-канал Нехта, адразу да яго падышлі супрацоўнікі ДАІ, якія не прадставіліся і не паказалі адпаведныя дакументы, сталі патрабаваць, каб той пакінуў машыну. Пасля адмовы актывіста затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Яго напроўст выцягнулі з машыны. За стырно машыны затрыманага сеў супрацоўнік ДАІ і з'ехаў у невядомым накірунку. А 16 гадзіны паведамілі, што машына блогера стаіць каля ІЧУ.
Таксама стала вядома, што затрыманы тры актывісты АГП і сябры прафсаюзу РЭП Галіна Смірнова, Уладзімір Раманоўскі і Аляксандр (прозвішча ўдаклядняецца). Яны выйшлі на акцыю "кармленне галубоў". На фотаздымку бачна, як пяцёра АМАПаўцаў вядуць актывістку ў аўтазак. Пазней Галіна Смірнова паведаміла, што ўсіх змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда ў панядзелак.
А 16 гадзіны паведамілі, што Галіну Смірнову выпусцілі. Па яе словах, у пастарунку знаходзіцца 10-15 затрыманых чалавек. Некаторых таксама адпускаюць. Алегу (прозвішча выствятляецца) выпісалі адну базавую за налепку "Страна для жизни", якая была на ягонай машыне.
Таксама ўвечары 9 траўня пасля "Антыпараду" знік журналіст БелаПАН Алесь Асіпцоў. Пазней магілёўсці актывіст Валадар Цурпанаў высветліў, што Алесь Асіпцоў зараз знаходзіцца ў ІЧУ Магілёўскага раёна. Ён змешчаны туда да суда.
Сярод затрыманых у Бабруйску – Багдан Снегіроў. Вядома, што яго затрымалі каля 14:00. Інфармацыя ўдакладняецца.
А 15:00 телеграм-канал Bobruisk Online паведаміў, што бабруйская міліцыя і АМАП затрымаў усіх удзельнікаў аўтапрабегу іншай акцыі, прысвечанай Дню Перамогі. Усіх кіроўцаў машын, на якіх былі расейскія і савецкія сцягі, павёз аўтазак.
Увечары паведамілі, што ўсіх затрыманых 9 траўня адпусцілі, акрамя блогера Дзмітрыя Цімафеева.
Гродна
З раніцы нарад міліцыі завітаў на кватэру, дзе пражывае актывіст Мікалай Салянік. Жонка Саляніка сказала, што мужа няма ў хаце. Але міліцыя засталася дзяжурыць пад домам. Салянік перакананы, што міліцыянты маюць загад затрымаць яго, паколькі ён быў актыўным удзельнікам сустрэч з блогерам Сяргеям Ціханоўскім, правёў акцыю супраць дзеянняў або бяздзеянняў уладаў пад час пандэміі, а таксама быў актыўным ўдзельнікам акцыі кармлення галубоў у Гародні, дзе апратэстоўвалася затрыманне і суд над Ціханоўскім.
Мікалай Салянік паведаміў у сваім фэйсбуку, што 9 траўня а 12-й гадзіне ён збіраецца выйсці ў горад, каб ушанаваць памяць сваіх блізкіх сваякоў, што загінулі ў Другой сусветнай вайне.
Адну з удзельніц гэтай акцыі, Алену Сахарчук, з раніцы міліцыя забрала прама з працоўнага месца. Яна працуе ў Гародні на “Азоце”. Алена Сахарчук напісала заяву на адпачынак за свой кошт, як ёй параілі і міліцыя і адміністрацыя прадпрыемства, пасля чаго яе забрала міліцыя і павезла ў Ленінскі РАУС Гародні.
Затрыманы ўдзельнік акцый у падтрымку Ціханоўскага Васіль Калач. Ён выйшаў на працу і па дарозе на яе быў затрыманы.
Каля пад'езда Дзмітрыя Фурманава дзяжурыць міліцыя. Пазней ён паведаміў, што міліцыя прыходзіла і да яго дзяўчыны - Вольгі Каракінай, але яе дома не было.
Ліда
Сёмага траўня ў Лідзе былі затрыманыя былі затрыманыя Андрэй Паляковіч і фельчар хуткай дапамогі Павел Палейчык. Верагодна іх будуць судзіць сёння ў судзе Лідскага раёна. Спрабавалі затрымаць учора яшчэ некалькі чалавек.
Восьмага траўня зранку быў затрыманы лідчанін Алег Краўцоў, які прыходзіў на сустрэчу з Ціханоўскім, калі той прыязджаў у Ліду. Яго затрымалі проста ў будынку суда, куды ён прыйшоў разам з іншымі чакаць суду над затрыманымі напярэдадні. Затрыманы таксама Максім Палонскі і Павел Анціпкін. Агулам затрымана 6 чалавек. Імя шостага асуджанага - Генадзь Паўлюкевіч . Зараз вядома, што Лідзкі суд пакараў яго на 10 базавых велічынь.
Сцешын (каля Жлобіна)
Міліцыя прыйшла да мясцовага прыхільніка Сяргея Ціханоўскага Аляксея. Зараз ён не выходзіць на сувязь.
Жлобін
Удзельніка акцыі 7 траўня ў Гомелі Віталя Грыцкова затрымалі і вязуць ў РАУС Жлобінскага раёна. Вядома, што яго змясцілі ў ІЧУ да суда ў панядзелак.
Магілёў
Затрыманы журналіст ПЦ "Вясна" Аляксандр Буракоў.
Затрыманы праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў
У Магілёве затрымліваюць людзей, якія прыходзілі на сустрэчу з блогерамі "Краіны для жыцця" каля "ГИППО". Таццяна Сівачэнка дастаўлена ў Кастрычніцкі РАУС. Магілёўскія праваабаронцы паведамляюць, што жанчына затрымана да суда, вечарам яе адвязуць у ІЧУ. Разам з ёй затрыманы Міхаіл Аршынскі і Барыс Огнеў. Яшчэ двух чалавек пільнуе міліцыя.
Затрыманы Мікіта Ігнашын, 18 гадоў. Ён грамадзянін Расіі, знаходзіцца ў РАУС Кастрычніцкага раёна.
Міліцыя прыйшла на працу да грамадскага актывіста Станіслава Паўлінковіча. Яго затрымліваюць.
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне ячшэ аднага чалавека ў Магілёве. Гэта Ігар Шчамялёў, які пакінуў каментар у сацсетках у дыскусіі вакол падзеяў 5 траўня каля заводу Кірава на Віцебскім праспекце, дзе праходзіла "сустрэча з блогерам". 7 траўня яго забралі ў Кастрычніцкі РАУС, пратрымалі 4 гадзіны, выпусцілі. А 8 траўня зноў затрымалі, вінавацяць у парушэнні заканадаўства па арт. 23.34 КаАП, змешчаны да суда ў ІЧУ. Пры гэтым падчас "акцыі" ён знаходзіўся дома. Суд над ім адбудзецца у 10-00 11 траўня.
Каля 8 гадзін раніцы 9 траўня дахаты да грамадзкага і палітычнага актывіста Андрэя Бодзілева прыйшлі міліцыянты з Кастрычніцкага РАУС, яму сказалі, што трэба праехаць на гутарку ў РАУС. Ён пагадзіўся. Затрымліваў Аляксей Кавалёў. Учора ён адзначаў, што не выключае такога разгортвання падзей. Пазней Андрэй Бодзілеў паведаміў, што быў затрыманы да панядзелка. На яго склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП. У віну яму паставілі тое, што ён вырабляў відэаздымку падчас падзей на Віцебскім праспекце 5 траўня.
Паведамляюць і пра затрыманне Уладзіміра (прозвішча ўдакладняецца), які дзяжурыў каля ІЧУ. Яго затрымалі 8 траўня каля 19 гадзін і адвезлі ў Ленінскае РАУС. Вінавацяць ва ўдзеле ў "акцыі пратэста" каля ІЧУ. Пазней высвятлілі, што яго прозвішча Барэйша. Яго, як Аляксандра Буракова і Станіслава Паўлінковіча, затрымалі ў пятніцу. На ІЧУ прывезлі пасля адбою.
Кацярына Таланкова паведаміла, што яе мужа Аляксандра забралі ў Ленінскі РАУС: прыйшоў маёр, уручыў позву, забралі ў райаддзел. Там з затрыманым размаўляе намеснік начальніка РАУС (імаверна, Аляксандр Пушын). Пазней ён паведаміў, што яго адпусцілі з РАУСа. Пратакол на яго не складалі, але апыталі ў якасці сведкі. Міліцыянты яму паказвалі відэа і прасілі апазнаць людзей, якія там прысутнічаюць.
Аляксандр Таланкоў паспеў паведаміць, што пад дзвярыма кватэры застаўся міліцыянт - дзяжураць Кацярыну Таланкову, таксама хочуць затрымаць. У іх трое маленькіх дзяцей і пакуль Кацярына Таланкова знаходзіцца ў вёсцы. Кацярыну ўжо некалькі гадзінаў чакаюць міліцыянты каля пад'езда.
Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, затрыманы актывіст з каманды аўтадома Ціханоўскага Кастусь Сярогін. Яго адразу змясцілі ў ІЧУ, але потым накіравалі ў лякарню па прычыне высокай тэмпературы. Там будуць рабіць тэст на COVID-19. Верагодна, у панядзелак яго будуць судзіць.
Брэст
Затрыманы актывіст, праціўнік завода АКБ Уладзімір Мароз. Затрымалі яго ў бацькоў. Паводле сястры Мароза, яго павезлі ў Кобрынскі РАУС. Падстава затрымання - удзел у несанкцыянаваным шэсці.
Як паведамляе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, міліцыя забрал Юрыя Калько, экаактывіста: "Паламалі палец, кінулі ў аўто і звезлі". Таксама прыязджалі да актывістаў Сіліцкіх і Віталя Казака, але іх дома не было.
З'явілася інфармацыя пра затрыманне Аляксандра Кабанава, але не спраўдзілася, ён на волі.
Затрыманы каля свайго дома праціўнік завода АКБ Дзяніс Малышэнка. Таксама затрыманы Канстанцін Астапук.
Як паведамляе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, днём 9 траўня за многімі актывістамі сочаць супрацоўнікі міліцыі, чакаючы іх пад дамамі, у дварах і г.д.
Радыё Свабода паведамляе пра затрыманне яшчэ аднага актывіста. Гэта Алег Вялаў.
"Кармленне галубоў" у Брэсце скончылася затрыманнямі
Глыбокае
Затрыманы незалежны журналіст Зміцер Лупач. Актывістка Таццяна Севярынец паведамляе: "Зміцера Лупача пакінулі да панядзелка ў ізалятары, суд у панядзелак, шыюць 23.34, суправаджэнне Ціханоўскага падчас яго прыезду ў Глыбокае".
Таксама з Глыбокага паведамляюць, што "міліцыянты ездзяць па людзях, якія былі на сустрэчы з Ціханоўскім, і складаюць на іх пратаколы". Як мінімум на траіх чалавек склазены пратаколы. Даніла Ермаловіч - прыехалі да яго 2 маёры і склалі пратакол па 23.34. Суд будзе у панядзелак у 10.00. Ён на волі. Таксама пратакол складзены на Людмілу Барэйка. Суд у панядзелак у 10.00.
Орша
У Оршы затрыманы адміністратар тэлеграм-канала "Орша для жыцця" Ілля Ціханаў. Ён паспеў напісаць у канале, што яго спынілі ДАІ і потым пад’ехала другая машына - міліцэйская.
Прыйшла міліцыя да зооабаронцы Алены Мірашнічэнка. Паказалі загадзя складзены пратакол за ўдзел у сустрэчы з Ціханоўскім у Оршы. Вінавацяць у пікетаванні несанкцыянаваным.
Да панядзелка затрыманы Аляксандр Андрэеў.
Віцебск
Каля дома адміністратаркі тэлеграм-каналу "Краіна для жыцця" Юліі Барсукова дзяжурыць міліцыя. Прыходзілі таксама да яе маці, якая жыве побач, хацелі пагаварыць з Юліяй.
Алег Баразна і Аляксей Саламаненка былі затрыманыя 7 траўня, яшчэ шасцёра – сёння, 8 траўня, паведамляе "Радыё Рацыя". Вядомае імя толькі аднаго з сённяшніх затрыманых, гэта Аляксандр Іллінец, віцебскі сябар Партыі БНФ. З 14.30 ягоны тэлефон адключаны, і сябры мяркуюць, што сённяшніх затрыманых пакінулі пад вартай да наступнага панядзелка – каб выключыць нейкія "эксцэсы" 9-га траўня і перадухіліць чарговае «кармленне галубоў» у нядзелю 10-га траўня.
Пастаўскі раён
Міліцыя грукаецца ў дзверы да Ганны Федаронак з патрабаваннем паехаць з імі ў РАУС за заклікі да мітынгаў. У жанчыны дома маленькія дзеці.
Як паведамляе "Віцебская вясна", у вёсцы Прусы Пастаўскага раёна 8 траўня за ўдзел у стрыме Ціханоўскага затрымалі 49-гадовага Андрэя Новікава – былога супрацоўніка МУС РФ. Мужчыну адвезлі ў Паставы і пасля складання пратаколу паводле арт. 23.34 КаАП змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пра гэта паведаміла жонка затрыманага Вольга. Жанчына расказала, што яе мужа затрымлівалі тры супрацоўнікі Пастаўскага РАУС. Мужчыну ледзь ня гвалтам адвезлі ў Паставы «на размову», якая скончылася затрыманнем і змяшчэннем у мясцовы ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). У міліцыі Вользе паведамілі, што муж будзе знаходзіцца ў ІЧУ аж да панядзелка 11 траўня. У панядзелак яго будуць судзіць.
Полацк
Затрымалі Віталя Бялевіча, прапісанага ў Полацкім раёне. Адвезлі ў РАУС Полацкага раёна, пакінулі пад вартай да суда, які будзе ў панядзелак.
"Вясне" паведамілі, што адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве складзены на Наталлю Карэліну.
Наваполацк
Пратакол за "кармленне галубоў" па 23.34 КаАП складзены на Алену Гурчонак.
У Наваполацку затрыманы Андрэй Зуеў за стрым у Ціханоўскага. Да панядзелка ён будзе знаходзіцца ў ГАУС. Па інфармацыі яго паплечнікаў суд плануецца онлайн. Дакладнай інфармацыі па якім артыкуле затрыманы пакуль няма, але жонцы сказалі "за палітыку".
Пінск
Прыхільнік Ціханоўскага Сяргей паведамляе, што да яго дадому прыходзіў капітан міліцыі, інспектар па справах непаўналетніх і пагражаў адабраннем дзвюх дачок у сувязі з яго ўдзелам у акцыі "кармлення галубоў" у нядзелю.
Маладзечна
Міраслава Мацкевіча (яго затрымлівалі ў сераду ў Мінску каля ГЦ Mile) выклікаюць у РАУС для складання яшчэ аднаго пратакола - за ўдзел у сустрэчы з Ціханоўскім, калі той прыязджаў у горад. Міраслаў адказаў, каб яму дасылалі позву.
Таксама позвы на 9 траўня ў РАУС атрымалі Вайцяховіч Аляксей, Смаляк Андрэй, Яўген Трацьяк і яшчэ некалькі чалавек. Выклікаюць у міліцыю Аляксея Сюдака. На Аляксея Вайцяховіча склалі два пратаколы па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у сустрэчы з Ціханоўскім у парку г. Маладзечна.
Булкоўскага Дзмітрыя 9 траўня выклікаюць у міліцыю, нібыта ў якасці сведкі. Пазней ён паведаміў, што на яго таксама складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП.
Мазыр
Міліцыя затрымала Вячаслава Удавенка і адміна тг-канала "Мазыр для жыцця" Аляксандра Цуканава. Не выходзіць на сувязь з вечара 8 траўня актывіст Уладзімір Неўмяржыцкі.
Інфармацыя дапаўняецца.
Новыя затрыманні прыхільнікаў блогера Ціханоўскага прайшлі ў розных гарадах краіны
Інфармацыя па затрыманых будзе ўдакладняцца. Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, ці выклікаюць у міліцыю з нагоды ўдзелу ў акцыях пратэсту, просім звяртацца да праваабаронцаў: pierasled@spring96.org (грамадская прыёмная), маб.: (029) 841 39 81 (грамадская прыёмная) Signal, WhatsApp, Telegram.