viasna on patreon

Ад гадзіны смутку і маўчання — да 35 гадоў шэсцяў. Як пачынаўся "Чарнобыльскі шлях"

2024 2024-04-26T12:06:05+0300 2024-04-26T12:07:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/charnobyl_1996_13.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Чарнобыльскі шлях" у Беларусі мае 35-гадовую гісторыю. Упершыню шэсце, якое было прымеркаванае да гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбылося 26 красавіка 1989 году. Спачатку ён ладзіўся як апазіцыйны да камуністычнай улады, якая хавала праўду пра падзеі, і быў ушанаваннем памяці пацярпелых. Калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, акцыя набыла характар пратэсту супраць ягонага кіравання. З тых часоў “Чарнобыльскі шлях” бесперапынна становіцца для ўладаў нагодай для рэпрэсій.

Рэпрэсаваны “Чарнобыльскі шлях"

Як шэсце памяці апынулася чарговай нагодай для ціску.

Першая акцыя памяці адбылася ў Мінску яшчэ ў часы існавання СССР, наступная — ужо ў незалежнай Беларусі ў 1996 годзе. Першая была жалобай маўчання, другая — крыкам дзеяння. Першая не абыйшлася без увагі ўладаў, хаця і не падпала пад моцныя рэпрэсіі, другая ж стала самай буйной і ад таго за ўсю гісторыю: у ёй узяла ўдзел каля 50 тысячаў чалавек, шмат з якіх падпалі пад рэпрэсіі. Сёння ўзгадваем, як з гэтых двух падзей у Беларусі пачаўся "Чарнобыльскі шлях", які стаў для ўладаў чарговай нагодай для рэпрэсій супраць народу.

1989 год

26 красавіка 1989 года, у Мінску адбылася першая масавая акцыя “Гадзіна смутку і маўчання”, прысвечаная наступствам Чарнобыльскай катастрофы. Тысячы людзей з розных беларускіх гарадоў у той дзень сабраліся на цэнтральнай плошчы сталіцы на маўклівую акцыю. Гарэлі знічы, адмерваў сімвалічныя хвіліны звон. 

У той дзень на Плошчы Леніна (цяпер – Незалежнасці) прагучалі прарочыя словы пісьменніка Алеся Адамовіча:

“Чарнобыль звязаны не толькі з вялікай хлуснёй, але і з наўпроставымі злачынствамі, службовымі злачынствамі. І безумоўна, мы прыйдзем усе да экалагічнага Нюрнбергу. Гэта непазбежна ў нашай краіне”.

Адна з удзельніц той акцыі узгадвала:

"Настрой быў прыкладна такі, як у вершы Тацяны Сапач: „О, час пераможных шэсьцяў – крышацца брукі ад маршаў! Як не вітаць гэту музыку сусьветнае мітусьні!” Усё атрымлівалася, усё прагаворвалася, было магутнае адчуваньне таго, што вось, ёсьць мы, і мы ўваходзім у сілу, і ўсё зьнявечанае выправім, і самі ўсё вырашым, і адказнасьць на сябе возьмем, і страху ў нас няма – ні страху адказнасці, ні страху ўлады моцных, што нас гняла… Штосьці такое, не спецыфічна Чарнобыльскае, а так, што і тут трэба працаваць – і мы можам і гатовыя, і да іншага дойдзе чарга, бо на гісторыі й жыцьці суцэльны дзірван, і будзем яго разворваць, дай толькі час! Маладосць, што сказаць!" 

У 2020 годзе Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Цэнтр даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі прэзентаваў відэа-выставу фатографа Уладзіміра Сапагова, прысвечаную мітынгу. Выставу прэзентавалі непасрэдныя ўдзельнікі тых гістарычнай падзей, якія адлюстраваныя на гістарычных ужо фотаздымках. Фотарэтраспектыва дала магчымасць зрабіць падарожжа ў часе і патрапіць у 30 верасня 1989 года, калі ў  Мінску адбылося першае шэсце “Чарнобыльскі шлях”, прысвечанае наступствам катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі.Тады кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі адзначыў асаблівую актуальнасць гэтай тэмы напярэдадні пуску Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, запланаваным на пачатак ліпеня:

“Гэтую выставу мы прысвячаем адкрыццю Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, як папярэджанне пра грозную небяспеку, з якой нам давядзецца жыць побач усе наступныя гады”.


Праз паўгода пасля акцыі маўчання ў Мінску прайшоў першы Чарнобыльскі шлях, ён адбыўся 30 верасня 1989 года. Гэта быў першы раз, калі акцыя, прысвечаная наступствам Чарнобыльскай катастрофы, праводзілася ў фармаце шэсця (шляха). Паводле сведчання Сяргея Навумчыка:

Гэты Чарнобыльскі 30 верасьня 1989 году (прыезд акадэміка Веліхава, выступ Шушкевіча, Пазьняка на прыступках  педінстытуту.  У 1989 годзе было дзве акцыі, прысвечаные Чарнобыльскай трагедыі. У красавіку – “Гадзіна смутку і  маўчання”. А гэтая восеньская – самая магутная. Менавіта яе не хацела дапусьціць ЦК, была прапагандысцкая кампанія, потым судзілі Хадыку і Грушавога і спрабавалі затрымаць Пазьняка”. 

Чарнобыльскі шлях, Мінск, 30 верасня 1989 года. Фота: Уладзіміра Сапагова.
Чарнобыльскі шлях, Мінск, 30 верасня 1989 года. Фота: Уладзіміра Сапагова.
На фота: Зянон Пазняк, Мікола Купава, Генадзь Сакалоў-Кубай, Сяргей Андросаў і Алег Бембель. Аўтар фота: Кастусь Войтка.
На фота: Зянон Пазняк, Мікола Купава, Генадзь Сакалоў-Кубай, Сяргей Андросаў і Алег Бембель. Аўтар фота: Кастусь Войтка.

Траціна ўдзельнікаў прыехала з зонаў забруджаньня і трымала ў руках таблічкі з назвамі паселішчаў. Камуністычныя ўлады дэманстрацыю не дазволілі, больш за тое — на тую ж самую дату прызначылі агульнарэспубліканскі суботнік. Тым не менш, каля 30 тысяч чалавек прайшлі шэсцем ад гадзіннікавага заводу, што каля Парку Чалюскінцаў, да сучаснай плошчы Незалежнасці. Арганізатары першага мітынгу атрымалі буйныя штрафы.

Алесь Бяляцкі таксама мае нашыўку ўдзельніка першага шматтысячнага Чарнобыльскага шляха, які адбыўся 30 верасня 1989 года ў Мінску. Уладальнік нашыўкі Алесь Бяляцкі сведчыць, што гэтая рэч “прыкалвалася зашпілкай да адзеньня”.

charnobel_adamovich.jpeg
Выступаюць пісьменнік Алесь Адамовіч і член-карэспандэнт Акаэдэміі Навук Яўген Пятраеў. Аўтар фотаздымка: Сяргей Чырык.

1996 год

“Чарнобыльскі шлях” 1996 года стаў самым буйным за ўсю гісторыю: у ім узяла ўдзел каля 50 тысячаў чалавек. Ён стаўся найбольш напружанай кропкай “Мінскай вясны-96” — шэрага вулічных акцый, якія праходзілі ў тую вясну з нагоды супраціву інтэграцыі з Расіяй. Вось як успамінае пра гэтую падзею старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі ў кнізе “20-я вясна”:

“Вясной 1996-га Лукашэнка вырашыў даць бой вулічнай дэмакратыі. І калі акцыі 15 сакавіка (Дзень Канстытуцыі), 24 сакавіка (святкаванне Дня Волі) і 2 красавіка (дэманстрацыя пратэсту супраць саюзнай дамовы) прайшлі адносна спакойна, дык 26 красавіка на Чарнобыльскі шлях міліцыя атрымала дазвол на гвалт.

Чарнобыльскі шлях ізноў жа праходзіў пад лозунгам супраць саюзу з Расіяй. На плошчы Якуба Коласа сабралася вялізная грамада людзей. Тысячаў сорак-пацьдзесят. Хтосьці спаліў напачатку расійскі сцяг. Над грамадою луналі бел-чырвона-белыя сцягі, было шмат транспарантаў і аздаблення з чарнобыльскімі матывамі. І вось калі народ рушыў па праспекце Францішка Скарыны ў бок плошчы Перамогі, праспект перагарадзілі машынамі, а міліцыя пусціла ў ход дубінкі.

Разыгралася сапраўдная бойка. Людзі з голымі рукамі адбіваліся ад міліцыянтаў, перакулілі дзве міліцэйскія машыны, урэшце парвалі ланцуг і пайшлі па праспекце. Першапачаткова планавалася правесці мітынг на плошчы Незалежнасці, але, калі мы дайшлі да цырка, да перасячэння праспекта Скарыны з вуліцай Купалы, за ёй, крыху вышэй, праспект перагароджваў цэлы натоўп міліцыянтаў у шлемах і са шчытамі. Весці людзей на іх азначала ўчыніць крывавую бойню. Таму дэманстранты павярнулі па вуліцы Купалы на Нямігу. На ходніках разам з жонкаю стаяў Зянон Пазняк і вітаў дэманстрантаў. Па ходу жорсткія бойкі з міліцыяй разгарнуліся за свіслацкім мостам, на ўзгорку. Дэманстрацыя дайшла, як і 2 красавіка, да Палаца спорту, дзе быў праведзены мітынг.

Для мяне гэты напад міліцыі на мірных дэманстрантаў быў шокам. З 1988 года, з дня разгону лістападаўскіх “Дзядоў”, міліцыя асцерагалася ўжываць брутальны гвалт супраць дэманстрантаў... І вось яно, пасля сямі гадоў мараторыю на гвалт – пачалося. Быў зламаны псіхалагічны бар’ер, які ўстрымліваў сілавікоў ад гвалту ўсе гэтыя гады”.

Менавіта пасля “Чарнобыльскага шляху” у 1996 годзе былі першыя масавыя арышты актывістаў і журналістаў. Пасля акцыі лідар БНФ Зянон Пазняк выехаў з краіны, а Алесь Бяляцкі запачаткаваў “Вясну”.  

 

«Пацярпеўшы паразу ў сутычках з дэманстрантамі, АМАП і спецназ вырашылі адыграцца на выпадковых людзях. У прыватнасці, амапаўскі атрад наляцеў на моладзевую тусоўку, якая кожны вечар збіраецца каля філармоніі. Дубінкамі ўсіх паклалі на асфальт, а потым, напакаваўшы у закратаваны фургон больш за 30 хлопцаў, паразвозілі па розных РАУСах, дзе пасадзілі ў камеры. Іх пратрымалі за кратамі ўсю ноч і палову наступнага дня, не дазваляючы нават пазваніць бацькам. Гэтым 15−21-гадовым юнакам цяпер «шыюць» удзел у «беспарадках». (Газета «Свабода», 30 красавіка 1996 года).

«Чарнобыльскі шлях» у 1996-м выпаў на пятніцу. У панядзелак, 29 красавіка, Аляксандр Лукашэнка сур’ёзна раскрытыкаваў дзеянні сілавікоў па разгоне пратэсту. Газета «Свабода» пісала, што «Лукашэнка абурыўся тым, што «здаравенныя бугаі» не здолелі намыліць шыю «кричащим юнцам», і заявіў, што калі сілавыя структуры будуць і далей «ліберальнічаць», то выступленні апазіцыі не скончацца ніколі. Старшыні КДБ Уладзіміру Мацкевічу і намесніку міністра ўнутраных справаў дасталася за тое, што іхнія падначаленыя не змаглі затрымаць Зянона Пазняка (у дзень акцыі было затрыманае амаль усё кіраўніцтва БНФ). Але больш за ўсіх перапала генпракурору Васілю Капітану, якога Лукашэнка назваў «бээнэфаўскім стаўленікам» за тое, што падначаленая яму пракуратура не праяўляе актыўнасці ва ўзбуджэнні спарваў супраць «основных защинщиков». Сярод «защинщиков», акрамя кіраўніцтва БНФ, былі названыя дэпутаты Генадзь Карпенка, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Дабравольскі, Павел Знавец. Міністр юстыцыі Сукала атрымаў на нарадзе загад рыхтаваць дакументы на забарону Народнага Фронту, — пісаў tut.by.


У матэрыяле выкарыстаныя архіўныя матэрыялы з сайту vytoki.net.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства