У Мінску пачалі судзіць бізнесоўца Уладзіміра Балабановіча
У Мінскім гарадскім судзе другога траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы бізнесоўца Уладзіміра Балабановіча. Яго абвінавачваюць у "распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы" (ч. 1 арт. 130 КК РБ), а таксама ў "закліках да мер абмежавальнага характару, скіраванымі на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны" (ч. 3 арт. 361 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Вера Галаўкова.
Дата затрымання бізнесоўца невядомая, але ёсць інфармацыя аб тым, што ў канцы студзеня 2024 года Балабановіча ўключылі ў склад “экстрэмісцкага фармавання” “Трыэліт” (гэта дваровы чат таварыства ўласнікаў, які кіруе новабудоўлямі ў Мінску). На той момант, верагодна, ён ужо быў за кратамі.
Уладзіміру Балабановічу 48 гадоў, ён даўно займаецца бізнесам. Па інфармацыі “Нашай Нівы”, да нядаўняга часу ён з’яўляўся дырэктарам кампаніі “Молпак”, але асноўная дзейнасць – гэта міжнародная кампанія Industrial Kinetic Lab, якая вырабляе абсталяванне для апрацоўкі каменя.