У адносінах да рэчыцкага журналіста распачата праверка ў межах крымінальнай справы аб абразе рэдактара «раёнкі»

2020 2020-05-08T10:46:21+0300 2020-05-08T10:51:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miadzvedeu_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міліцыя пачала праверку ў дачыненні да незалежнага журналіста і актывіста з Рэчыцы Андрэя Мядзведзева аб абразе рэдактара «раёнкі». Падставай паслужыў каментар журналіста ў сацыяльнай сетцы. Праверка ў межах крымінальнай справы ажыццяўляецца на падставе рапарту оперупаўнаважанага Рэчыцкага РАУС, паведамляе "Палеская Вясна".

Андрэй Мядзведзеў

У чацвер, 7 траўня, дамоў да Андрэя Мядзведзева з мэтай апытання прыйшоў участковы інспектар лейтэнант міліцыі Дзмітрый Рамашкевіч. Ён паведаміў, што яму паступіў для праверкі матэрыял пра тое, што нібыта Мядзведзеў у каментары ў сацыяльнай сетцы абразіў грамадзяніна Ігара Сяргеева, які з'яўляецца рэдактарам раённай газеты. 

Як высветлілася, старшы оперупаўнаважаны групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў Рэчыцкага РАУС маёр міліцыі Андрэй Бутрам’еў склаў рапарт на імя начальніка РАУС. У ім ён паведаміў, што падчас маніторынгу сацыяльнай сеткі ВКонтакте ён выявіў допіс, на ягоную думку, абразлівага характару ў дачыненні да грамадзяніна Сяргеева Ігара Георгіевіча. У каментары, на думку маёра Бутрам’ева, маюцца прыкметы злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 189 Крымінальнага кодэкса.  У матэрыялах, якія меліся ў распараджэнні ўчастковага, быў толькі гэты рапарт, раздрукоўка з сістэмы «Пашпарт», а таксама скрыншоты з інтэрнэту са спрэчным каментаром і артыкуламі, якія яго выклікалі. Заявы самога Сяргеева сярод матэрыялаў праверкі не было. Участковы паведаміў, што заява не пададзеная, а праверка ажыццяўляецца на падставе рапарту оперупаўнаважанага.

10 красавіка сайт Гомельская Вясна змясціў артыкул «Як валанцёры ў Рэчыцы дапамагаюць у змаганні супраць каронавірусу», у якім распавёў пра тое, што рэчыцкая актывістка кампаніі «Гавары праўду» Алена Лінкевіч шые ахоўныя маскі для медработнікаў паводле дамовы з мясцовым прадпрыемствам «Рэчыцабыт». Пры гэтым прыналежнасць Алены Лінкевіч да кампаніі «Гавары праўду» проста згадана ў першым абзацы тэксту.

Але 20 красавіка на артыкул Гомельскай Вясны адрэагавала рэчыцкая дзяржаўная раённая газета «Дняпровец», якая змясціла артыкул «Речичанам на заметку. Маски как повод хайпануть». У ім доўга падводзіцца да таго, што шыць маскі – гэта добра і высакародна, але – не для актывістаў нейкіх палітычных рухаў.

Гэты артыкул перапосціў адзін з рэкламных рэчыцкіх сайтаў і адміністратары змясцілі спасылку на яго ў самай шматлікай рэчыцкай суполцы ВКонтакте. Менавіта пад пастом з гэтай спасылкай 21 красавіка пакінуў свой каментар Андрэй Мядзведзеў.

«Спадар Сяргееў з уласцівым яму маладушніцтвам і баязлівасцю схаваўся за новым псеўданімам, каб нашкрэбаць паскудненькі опус пра тое, што нехта нешта робіць у той час, як ён толькі і робіць, што на аўтамаце сціскае вядомую адтуліну паміж спіной і нагамі ў страху, каб хтосьці з супрацоўнікаў "вверенной" яму рэдакцыі не пісануў альбо не сказаў дзесьці штосьці "крамольнае" альбо не наведаў якуюсьці імпрэзу, не спытаўшы ягонага "найвышэйшага дазволу"?! Каго-небудзь, акрамя Сяргеева ў артыкуле на Гомельскай Вясне закранула ўвогуле ўзгадванне грамадскага аб'яднання, чальцом якога з'ўляецца гераіня матэрыяла?», – напісаў Мядзведзеў у каментары.

«Калі шчыра, дык мяне моцна абурыла тое, што раённая газета зачапілася за ўзгадванне прыналежнасці актывісткі, якая шые маскі для медыкаў, да «Гавары праўду», хаця, сам артыкул быў зусім не пра гэтую кампанію, а пра тое, што робіць непасрэдна Лінкевіч. Таму я і напісаў гэты каментар. Але я імкнуўся вытрымаць яго ў максімальна прыстойных словах, не ўжываючы нейкіх нецэнзурных і абразлівых выразаў. Гэта, на мой погляд, не абраза, а ацэначнае меркаванне, прычым, з дапушчэннем – у канцы фразы пастаўлены знак “?!”. Ніякага Лаўрэнція Сігуранцава ў рэдакцыі "Дняпроўца" няма. Я больш за шэсць гадоў працаваў у гэтай газеце і цудоўна ведаю стыль, якім піша Ігар Сяргееў. Тым больш, псеўданім, які пачынаецца з першых літараў ягонага прозвішча, імя і імя па бацьку, не пакінуў у мяне сумневаў у ягоным аўтарстве», – кажа Андрэй Мядзведзеў.

Ён таксама гаворыць, што яго здзівіла тое, што міліцыя праводзіць праверку, на падставе рапарта свайго ж супрацоўніка. Гэты рапарт зарэгістраваны ў Адзінай кнізе рэгістрацыі паведамленняў аб правапарушэннях як паведамленне пра злачынства (стаіць адпаведны штамп), і ў ім паведамляецца пра прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 189 (ды яшчэ і часткай 2, калі ў сучасным Крымінальным кодэксе гэты артыкул складаецца з адной часткі). Але справы паводле гэтага артыкула, згодна з артыкулам 26 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, з’яўляюцца справамі прыватнага абвінавачвання і заводзяцца асобай, пацярпелай ад такога злачынства. Заявы ж Сяргеева ў матэрыялах праверкі, якая ўжо вядзецца, на цяперашні момант няма.  

«Я лічу, што гэта робіцца ў межах тае кампаніі ціску на актывістаў, блогераў – усіх, хто мае адрозны ад уладнага погляд на сітуацыю ў краіне і нешта робіць для яе зменаў», – дадае журналіст. 


Нагадаем, гэта трэці выпадак за апошнія некалькі тыдняў у дачыненні да рэгіянальга актывіста, калі міліцыя распачынае праверку ў межах дыфамацыйнага артыкула Крымінальнага кодэкса. Нагадаем, увечары 23 красавіка да праваабаронцы Алены Маслюковай прыйшла міліцыя дадому з аглядам у межах правядзення праверкі па заяве Зобавай, якая цягне крымінальную адказнасць паводле артыкулу 189 Крымінальнага кодэксу. Алена Маслюкова адмовілася ад дачы тлумачэнняў на падставе артыкула 27 Канстытуцыі. Па выніках праведзенага агляду ў Алены Маслюковай былі канфіскаваныя смартфон і ноўтбук. Цяпер яны знаходзяцца на экспертызе. 27 красавіка стала вядома, што ў дачыненні да брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна таксама распачата праверка ў межах артыкула 188 Крымінальнага кодэксу ("Паклёп").

Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі звязвае праверку і ў дачыненні да блогера Сяргея Пятрухіна, і да праваабаронцы Алены Маслюковай з надыходзячай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй, якая неўзабаве пачнецца. На думку праваабаронцы, такім чынам улады аказваюць ціск на рэгіянальных актывістаў.

Да праваабаронцы Алены Маслюковай прыйшла міліцыя з аглядам

Як стала вядома ПЦ "Вясна", да экаактывісткі і праваабаронцы са Светлагорску Алены Маслюковай пад вечар 23 красавіка прыйшла міліцыя. У супрацоўнікаў - капітана міліцыі Давляцьярава і лейтэнанта Левянкова - нібыта ёсць падставы правесці агляд яе жытла і ўзяць у яе тлумачэнні.

Па блогеру Сяргею Пятрухіну распачатая праверка па Крымінальнаму кодэксу

Як паведаміў праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін, у дачыненні да брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна міліцыя распачала праверку ў межах артыкула 188 Крымінальнага кодэксу ("Паклёп"). Падрабязнасці справы ўдакладняюцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства