viasna on patreon

Магілёў і Бабруйск: суды над журналістамі і актывістамі. Усіх адправілі на суткі Дапоўнена

2020 2020-05-12T18:00:00+0300 2020-05-12T18:19:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/burakov_sud_mogilev.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У аўторак, 12 траўня, у Магілёве працягваюцца суды над журналістамі і грамадскімі актывістамі. У панядзелак суд Кастрычніцкага раёна адправіў "на суткі" сем чалавек. Сёння суды чакаюцца над журналістам Алесем Асіпцовым, каардынатарам ініцыятывы "За здаровы Магілёў" Андрэем Бодзілевым, асуджанным учора на 10 сутак блогерам Міхаілам Аршынскім, а таксама чакаецца рашэнне па справе праваабаронца і журналіста "Магілёўскай вясны" Аляксандра Буракова.

Алесь Асіпцоў перад судом у Магілёве. Фота:
Алесь Асіпцоў перад судом у Магілёве. Фота: "Радыё Свабода"

Журналісту Алесю Асіпцову — 10 сутак

"Вясне" стала вядома, што суд над журналістам БелаПАН Алесем Асіпцовым прызначаны ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва на 9:30. Суддзя — Наталля Ясенка. Яго, як і іншых журналістаў і актывістаў, судзяць па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Аб'явілі, што на судзе можа прысутнічаць толькі тры чалавекі. Гэтая мера нібы накіравана на прадухіленне далейшага распаўсюджвання каранавіруса, але суддзя сама без маскі.Ад адваката Алесь Асіпцоў адмовіўся. 

Журналіста Алеся Асіпцова затрымалі 9 траўня ў Бабруйску, дзе мусіў адбыцца "Антыпарад". Доўгі час яго месцазнаходжанне не было вядома. Ён знайшоўся ў магілёўскім ІЧУ. З 9 траўня Алесь Асіпцоў трымаў галадоўку. 

Журналісту БелаПАН Алесю Асіпцову суддзя Наталля Ясенка прысудзіла 10 сутак арышту. Журналіст заявіў, што мае намер працягваць галадоўку пратэсту.

Праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў перад пачаткам суда. Фота: MSPRING.ONLINE
Праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў перад пачаткам суда. Фота: MSPRING.ONLINE

Праваабаронцу і журналісту "Магілёўскай вясны" Аляксандру Буракову — 10 сутак

Вынясенне рашэння па справе праваабаронца і журналіста "Магілёўскай вясны" Аляксандра Буракова прызначана на 10:00 у судзе Ленінскага раёна г. Магілёва. Суддзя Вікторыя Палякова абвінавачвае журналіста па артыкулу 23.34 КаАП за 2-хвілінны ўдзел у акцыі пад магілёўскім ІЧУ 6 траўня. Выходныя журналіст правёў у ІЧУ. Суддзя Палякова вынесла рашэнне пакараць праваабаронцу і журналіста "Магілёўскай вясны" Аляксандра Буракова 10 суткамі арышту. Магілёўскія праваабаронцы распавядаюць, што Аляксандр Буракоў разам з праваабаронцам Барысам Бухелем адразу пайшоў у канцылярыю суда Ленінскага раёна, каб падаць скаргу на гэтае рашэнне ў суд Магілёўскай вобласці. Калі не зрабіць гэта своечасова, то потым могуць скончыцца тэрміны абскарджання.

Каардынатару ініцыятывы "За здаровы Магілёў" Андрэю Бодзілеву — 7 сутак арышту

Таксама, як паведамляе mspring.online, у 9:15 у судзе Кастрычніцкага раёна пачаўся працэс над актывістам Андрэем Бодзілевым. Суддзя — Дзяніс Кічыгін. Але адразу актывіст заявіў пра неабходнасць пошуку адваката, на што яму далі гадзіну часу. Працяг працэсу ў 10:30. Каардынатару ініцыятывы "За здаровы Магілёў" Андрэею Бодзілеву суд вынес пакаранне 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Ён, як і Аляксандр Буракоў, абскарджвае рашэнне.

Суддзя Наталля Ясенка бяз маскі. Фота:
Суддзя Наталля Ясенка бяз маскі. Фота: "Радыё Свабода"

Другі суд над блогерам Міхаілам Аршынскім. Яшчэ 11 сутак

Як паведаміў Барыс Бухель, суд над блогерам Міхаілам Аршынскім прызначаны на 16:00 у судзе Ленінскага раёна. Учора ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва яго асудзілі на 10 сутак арышту. Суддзя — Ратнікава.

Сведкам на працэсе Міхаіла Аршынскага выступае міліцыянт Павел Башарымаў, які сведчыў на многіх судах затрыманых актывістаў і журналістаў. Акрамя таго, ён затрымліваў журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова. Быў выслуханы і сведка з боку блогера — галоўны рэдактар Магілёўскага рэгіянальнага сайта 6tv.by Зміцер Салаўёў. Ён распавёў, што адправіў Аршынскага на заданне, каб той асвятліў сустрэчу салідарнасці з затрыманым блогерам Сяргеем Ціханоўскім 6 траўня каля ІЧУ Магілёва. Салаўёў заявіў, што Аршынскі не прымаў удзелу ў масавым мерапрыемстве. Сваю віну не прызнае сам блогер Міхаіл Аршынскі.

Вынікам другога суддзя над блогерам сталі яшчэ 11 сутак. Ён адпраўляецца адбываць прысуджанныя яму 21 суткі.

У Бабруйску за "Антыпарад" усіх адправілі на суткі

Як паведамляе праваабаронца "Вясны" Сяржук Лацінскі, у судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска у 11:00 пачынаецца суд па артыкулу 23.34 КаАП над блогерам Дзмітрыем Цімафеевам. Суддзя — Серакова, блогер заявіў ёй адвод. Яго затрымалі ў Бабруйску, дзе павінен быў адбыцца "Антыпарад". 9 траўня да яго адразу да яго падышлі супрацоўнікі ДАІ, якія не прадставіліся і не паказалі адпаведныя дакументы, сталі патрабаваць, каб той пакінуў машыну. Пасля адмовы актывіста яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Яго проста выцягнулі з машыны. З суботы блогер знаходзіўся ў ізалятары.

У выніку блогера Дзмітрыя Цімафеева асудзілі на 12 сутак.

Аляксандра Ярмоленку з Жлобіна паводле артыкула 23.34 КаАП асудзілі на 10 сутак. Суддзя — Буглак. Па 10 сутак далі Юрыю Салаўёву (Ворша), Андрэю Шуляку (Мінск), Сяргею Аднамаху (в. Бабірова Глускага раёна). Дзмітрыя Вольфсана, як і астатніх, асудзілі на 10 сутак арышту. 

Вынікі магілёўскіх судоў над актывістамі і журналістамі 11 траўня:

  • актывістка "Маці 328" Інна Джумава — 3 сутак;
  • падпісчык "Краіны для жыцця" Уладзімір Барэйша — 8 сутак;
  • Стас Расінскі, які "карміў галубоў" — 10 сутак;
  • блогер і журналіст Міхаіл Аршынскі (заўтра яшчэ адзін суд) — 10 сутак;
  • актывіст Станіслаў Паўлінковіч (асудзілі па трох артыкулах) — 15 сутак;
  • Барыс Огнеў - 7 сутак; 
  • Мікіта Ігнашын - 10 сутак; 
  • сябра АГП Таццяна Сівачэнка — 25 базавых велічыняў (675 рублёў);
  • праваабаронца і журналіст "Магілёўскай вясны" Аляксандр Буракоў — перапынак да 12 траўня 10:00;
  • актывіст Ігар Шчамялёў — перапынак да 14 траўня 14:30;

*Усе арыштаваныя будуць адбываць пакаранне ў Ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама,
вуліца Крупскай 99Б, г. Магілёў, 212011

Падрабязнасці з судоў чытаць тут:

Суды ў Магілёве і Бабруйску: на суткі адправілі сем чалавек

У панядзелак, 11 траўня, пачынаюцца суды над затрыманымі на выходных і ў пятніцу актывістамі і журналістамі. Усіх затрымалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сярод тых, над кім чакаюцца суды ў Магілёве, — праваабаронца "Вясны" Аляксандр Буракоў, блогер Міхаіл Аршынскі, журналіст БелаПАН Алесь Асіпцоў, грамадскія актывісты Андрэй Бодзілеў і Станіслаў Паўлінковіч і іншыя. Суды над актывістамі чакаюцца і ў Бабруйску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства