viasna on patreon

За "перашкоду выбарам і рэферэндуму" з 2020 года ў Беларусі асудзілі 20 чалавек

2024 2024-11-13T12:10:35+0300 2024-11-13T12:15:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cvk_minsk_15.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёлетняя выбарчая кампанія перайшла ў актыўную фазу: з сёмага лістапада па шостае снежня ў Беларусі збіраюць подпісы за "вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты", а падстаўныя кандыдаты пачалі здымаць свае кандыдатуры. Паводле інфармацыі "Вясны" з 2020 года асудзілі ўжо 20 чалавека за "перашкоду ажыццяўленню выбараў", з іх пяць – жанчыны, у адносінах да сямі чалавек справы разглядаліся завочна. Па справах за выбары-2020 агулам былі асуджаны восем чалавек, а за рэферэндум-2022 – 12. Паводле артыкула 191 Крымінальнага кодэкса беларусаў і беларусак судзілі за заклікі "пайсці ў госці да Ярмошынай", за лісты сябрам выбарчых камісій, за ўлёткі перад рэферэндумам. "Вясна" распавядае, каго і за што судзілі ў Беларусі за "перашкоду выбарам і рэферэндуму".

Чарга 15 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам на падачу скаргаў. Фота:
Ілюстрацыйнае фота. Чарга 15 ліпеня 2020 года ў Цэнтрвыбаркам на падачу скаргаў. Фота: "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Артыкул 191. Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, альбо рэалізацыі грамадзянамі права заканадаўчай ініцыятывы, права на ўнясенне прапаноў Усебеларускаму народнаму сходу, альбо працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата

1. Перашкода ажыццяўленню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права свабодна абіраць і быць абраным, удзельнічаць у рэферэндуме, галасаванні аб адкліканні дэпутата, весці перадвыбарчую агітацыю, агітацыю па рэферэндуме або адкліканню дэпутата, альбо перашкода свабоднай рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь права заканадаўчай ініцыятывы або права на ўнясенне прапаноў Усебеларускаму народнаму сходу, правядзенню агітацыі за або супраць прапановы аб унясенні праекта закона ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або ўнясення прапаноў Усебеларускаму народнаму сходу, альбо перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме або камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата, здзейсненае з прымяненнем гвалту, пагрозы, падману, подкупу ці іншым спосабам, –

караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Тое ж дзеянне, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, –

караецца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў

Каго першымі асудзілі за "перашкоду працы ЦВК"?

Першым асуджаным паволе арт. 191 КК у Беларусі стаў палітзняволены актывіст Сяргей Спарыш, якога судзілі па справе "Армія з народам". У сукупнасці з артыкулам за "арганізацыю масавых беспарадкаў" 7 траўня 2021 года яму прызначылі шэсць гадоў калоніі.

Сяргей Спарыш. Фота Уладзіміра Грыдзіна (RFE/RL)
Сяргей Спарыш. Фота Уладзіміра Грыдзіна (RFE/RL)

Згодна з версіяй абвінавачвання, Сяргей Спарыш "датычны да негатыўнай ацэнкі дзейнасці (пагрозы і высмейвання) Лідзіі Ярмошынай". Яго дзеянні расцанілі як ціск і перашкоду працы кіраўніцы Цэнтрвыбаркама і звязалі з планамі Сяргея Ціханоўскага правесці перадвыбарчы пікет побач з домам чыноўніцы (да гэтага так і не дайшло).

Потым паводле артыкула 191 КК асудзілі трох фігурантаў "справы Ціханоўскага" – самога блогера Сяргея Ціханоўскага і чальцаў каманды "Краіна для жыцця" Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова. Гэта справа была ўзбуджаная пасля заявы, пададзенай у Следчы камітэт кіраўніцай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай.

Суд па
Суд па "справе Ціханоўскага" 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА

Падчас пасяджэння ЦВК 4 чэрвеня 2020 года Ярмошына выступіла з эмацыйнай прамовай, дзе распавяла і пра скаргі:

"Я падрыхтавала хадайніцтва ў Следчы камітэт, дзе прашу разгледзець дзеянні спадара Ціханоўскага, ягонай ініцыятыўнай групы. Але ў дадзены момант гэта гаворыцца аб канкрэтнай асобе. Ці не ўкладваюцца яе дзеянні ў арт. 191 Крымінальнага кодэкса, у якім гаворыцца аб перашкодзе правядзенню выбараў, перашкодзе працы ЦВК, у тым ліку шляхам пагроз? Я як канкрэтная фізічная асоба, як грамадзянін і службовая асоба бачу пагрозу ў сувязі з выкананнем прафесійных абавязкаў. Прычым пагроза не проста, яна рэальная, да яе рыхтуюцца. Таму я папрасіла Следчы камітэт праверыць, даць сваю прававую ацэнку і, пры неабходнасці, натуральна прыцягнуць гэтую асобу да крымінальнай адказнасці".

У сукупнасці з іншымі артыкуламі 14 снежня 2021 года палітвязням прызначылі тэрміны ад 16 да 18 гадоў калоніі.

Справы за ўлёткі на рэферэндуме

Тэкст ліста да членаў камісій на рэферэндуме-2022. Крыніца: АНТ
Тэкст ліста да членаў камісій на рэферэндуме-2022. Крыніца: АНТ

20 лютага 2022 года паведамілі аб затрыманні дзевяці чалавек, якія нібыта планавалі "зрыў рэферэндуму па зменах і дапаўненнях у Канстытуцыю". "Супрацьпраўныя дзеянні" гэтых людзей заключаліся ў рассылцы лістоў з заклікам да сябраў выбарчых камісій "лічыць галасы сумленна". У выніку былі асуджаны восем чалавек, большасць з іх — да зняволення.

Адзін з затрыманых і асуджаных паводле гэтага артыкула – 18-гадовы студэнт з Брэста Раман Карпук. Хлопца, які навучаўся на першым курсе ўніверсітэту, абвінавацілі па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме) за адпраўку 99 лістоў членам камісій па рэферэндуме ад імя "палітычных" суддзяў. У тэксте лістоў былі заклікі падлічваць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках, а таксама пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса з адказнасцю для фальсіфікатараў. У выніку яму прызначылі тры гады калоніі.

"Я хацеў, каб рэферэндум прайшоў справядліва і па законе", — казаў ён.

Перад рэферэндумам 2022 года затрымалі чатырох беларусаў за "распаўсюд і рассылку ўлётак з заклікам лічыць галасы выбаршчыкаў сумленна". У вынікуМіхаіла ХаміцэвічаМікалая КаробкуВячаслава Дашкевічаі Таццяну Заяц абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме). Мікалаю Каробку прызначылі 2,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а астатнім — па два гады калоніі. Яны адбылі тэрміны цалкам і выйшлі на волю.

Таксама па "справе рэферэндума" да трох гадоў калоніі асудзілі палітвязняўАляксея Хількевіча і Рамана Лабанава.

Паводле арт. 191 КК у 2022 годзе таксама асудзілі выхавацельніцу Ларысу Нікалаеву. Яе абвінавацілі па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса за «перашкоду ажыццяўленню права на ўдзел у рэферэндуме, працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, камісій па рэферэндуме» за раздрукоўку 16 улётак з сайта xx2022.org з агітацыяй за "два крыжыкі" на бюлетэнях на рэферэндуме. Ларыса Уладзіміраўна захоўвала іх у стале на працы ў дзіцячым садку, але на яе напісалі данос і жанчыну затрымалі. Больш за месяц Нікалаеву ўтрымлівалі за кратамі, дзе яна і сустрэла сваё 60-годдзе. У выніку ёй прызначылі тры гады "хатняй хіміі". На судзе жанчына віну не прызнала.

Сем асуджаных завочна

Па "справе зрыва рэферэндума 2022 года" завочна асудзілі кіраўніцу ініцыятывы "Сумленныя людзі "Алену Жылачкіну (Жываглод), стваральніка платформы для галасавання "Голас" Паўла Лібера, кіраўніка "Маланка Медыя" Паўла Марыніча і палітыка, старшага дарадцу Святланы Ціханоўскай Аляксандра Дабравольскага. Іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненым з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове) і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожнаму. Паводле версіі абвінавачвання, фігуранты разам з іншымі асобамі ў студзені-лютым 2022 года "ўдзельнічалі ў распрацоўцы і рэалізацыі адзінага плана супрацьпраўных дзеянняў для зрыву рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі, прызначанага на 27 лютага 2022 года. Згодна з планам, па месцы працы і жыхарства членаў Цэнтрвыбаркама і камісій па рэферэндуме павінны былі накіроўвацца лісты з тэкстам, распрацаваным абвінавачанымі не пазней за студзень 2022 года". Адзначаецца, што ў выніку ў адрас членаў ЦВК і камісій па рэферэндуме накіравана не менш за 11 тысяч лістоў з пагрозамі.

За выбары-2020 завочна асудзілі паводле арт. 191 КК дэмакратычную лідарку Святлану Ціханоўскую, палітычную дзеячку Вольгу Кавалькову, кіраўніка "Народнага антыкрызіснага ўпраўлення" Паўла Латушку.

Нядаўні суд за "перашкоду выбарам"

У кастрычніку гэтага года ў Мінскім абласным судзе паводле арт. 191 КК і па шэрагу іншых артыкулаў судзілі палітолага Андрэя Паротнікава.

Сутнасць абвінавачвання аналітыку паводле арт. 191 КК невядома. Гэтага не агучылі ў праўладным фільме пра пераслед Паротнікава. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства