Распачата 9 крымінальных спраў, звязаных з правядзеннем рэферэндуму: каго затрымалі?
У КДБ Беларусі 20 лютага паведамілі аб затрыманні ўдзельнікаў груп, якія планавалі «зрыў рэферэндуму па зменах і дапаўненнях у Канстытуцыю». Супрацьпраўныя дзеянні гэтых людзей заключаліся ў рассылцы лістоў з заклікам да сябраў выбарчых камісій "лічыць галасы сумленна".
Увечары ў эфіры праграмы “Контуры” на АНТ быў паказаны сюжэт з затрыманымі па гэтай справе. Усім ім можа пагражаць да пяці гадоў калоніі па ч.2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, альбо рабоце Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата).
А яшчэ раней МУС паведаміў аб тым, што ў Беларусі распачалі дзевяць крымінальных спраў, звязаных з правядзеннем рэспубліканскага рэферэндуму.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Аляксандр Купчэня паведаміў на прэс-канферэнцыі, што у Беларусі распачалі дзевяць крымінальных спраў, звязаных з маючым адбыцца канстытуцыйным рэферэндумам, прызначаным на 27 лютага.
У КДБ пацвердзілі інфармацыю пра затрыманне ўдзельнікаў груп, якія «планавалі зрыў рэферэндуму»
Журналісты паспрабавалі правесці расследванне і знайсці нейкую дадатковую інфармацыю пра гэтых людзей.
А што вядома праваабаронцам пра тых, якія нібыта рассылалі лісты, у якіх заклікалі сябраў выбарчых камісій "лічыць галасы сумленна"?
Праўда ў відэасюжэце гучаць прозвішчы ня ўсіх затрыманых па справе, некаторыя асобы не называюцца. Тым не меней…
Адзін з затрыманых – Вячаслаў Дашкевіч, жыхар Мінска. Затрымліваўся яшчэ ў 2010 годзе падчас грубага разгону мірнай акцыі ў сталіцы. Быў арыштаваны на 15 сутак, потым у 2013 годзе яго затрымалі каля Савецкага РУУСа Мінска, дзе ён маніторыў затрыманні ў ходзе "Чарнобыльскага Шляху". Тады яму суд прысудзіў 5 сутак арышту.
Наступны – Міхаіл Хаміцэвіч, названы як уладальнік фірмы. Вядома, што Міхаіла затрымлівалі ў Мінску 8 лістапада 2020 года. Ён атрымаў 15 сутак за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў па ч.1 арт 24.23 КаАП.
З відэа вынікае, што сярод затрыманых - двое супрацоўнікаў ягонай фірмы. Аднаго з іх паказваюць са спіны.
Пра Рамана Карпука ў сюжэце паведамілі, што ён з’яўляецца студэнтам 1 курсу з Берасця. Вядома таксама, што юнака затрымлівалі 20 верасня 2020 года. Некалькі сутак ён правёў у Жодзінскім ІЧУ і ў выніку быў пакараны штрафам.
Пра ягоную маці, паказаную ў сюжэце, пакуль нічога невядома.
Яшчэ пра адну з персанажаў сюжэту дзяржаўных прапагандыстаў Таццяну Заяц было паведамлена, што яна неаднаразова затрымлівалася за ўдзел у пратэстных акцыях.
Праваабаронцам вядома пра затрыманні Заяц ў Мінску 6 і 13 верасня 2020 года. Яна атрымлівала штрафы па артыкуле 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).
Пра Мікалая Карабко, якога па інфармацыі КДБ затрымалі пры перасячэнні польскай мяжы, вядома, што ён нібыта працуе таксістам. Па звестках праваабаронцаў, затрымліваўся 9 жніўня 2020 года.
Кацярыну Купрыянаву называюць супрацоўніцай банка, у якой знайшлі лісты, адрасаваныя суддзям. Пра яе пакуль нічога невядома.