viasna on patreon

18-гадовага палітвязня асудзілі да 3 гадоў калоніі за рассылку лістоў членам камісій па рэферэндуме

2022 2022-08-23T13:30:40+0300 2022-08-23T13:42:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karpuk_roman.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 19 жніўня агучылі прысуд 18-гадоваму палітвязню Раману Карпуку. Хлопца, які навучаўся на першым курсе ўніверсітэту, абвінавацілі па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме) за адпраўку 99 лістоў членам камісій па рэферэндуме ад імя "палітычных" суддзяў. У тэксте лістоў былі заклікі падлічваць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках, а таксама пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса з адказнасцю для фальсіфікатараў. У выніку суддзя Таццяна Лаўранюк прызначыла хлопцу тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такое пакаранне запрасіў пракурор Павал Крупеніч.

Раман вучыўся на першым курсе ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна, але яго ўжо адлічылі за час зняволення. Як піша "Брэсцкая Вясна", на судзе палітвязень распавёў, што ў 2021 годзе займаўся распаўсюджваннем апазіцыйнага самвыдату "Брэсцкі час". З телеграм-чата па гэтай газеце ў снежні даведаўся, што рыхтуецца рассыланне лістоў членам выбарчых камісій. Прапаноўвалася паўдзельнічаць разаслаць пэўны тэкст, і хлопец адгукнуўся. Яго дадалі ў іншы телеграм-чат, і 29 студзеня 2022 ён адправіў першыя 49 лістоў. А 7 лютага, калі Раман збіраўся адпраўляць другую порцыю лістоў, у справу ўмяшалася яго маці. Яна ведала, што сын раней распаўсюджваў газеты, і разумела, што гэта можа скончыцца дрэнна. Таму захацела прымусіць яго задумацца, і пайшла замест сына разнесці чарговую порцыю газет (на той момант яна была ўпэўненая, што гэта проста газеты). Рома пайшоў з ёй і быў побач, але пра лісты нічога не сказаў. На наступны дзень іх абодвух затрымалі супрацоўнікі КДБ.

Маці неўзабаве адпусцілі. На судзе над сынам яна праходзіла як сведка. Апісвала яго як добрага чалавека, які проста спатыкнуўся. У якасці сведкі выступіла яшчэ і бабуля Рамана — таксама якая дала толькі станоўчыя характарыстыкі.

Сам Раман адзначыў на судзе, што тэкст лістоў яму здаваўся жорсткім, але ён усяго толькі хацеў, каб рэферэндум адбыўся, і галасы палічылі сумленна:

"Я хацеў, каб рэферэндум прайшоў справядліва і па законе. Спадзяваўся, што звароту да членаў камісій гэтаму паспрыяюць".

Дома пры ператрусе ў яго знайшлі яшчэ сто канвертаў. Цікава, што на гэтых канвертах адпраўніком быў паказаны Андрэй Грушко. А на лістах, якія Раман паспеў адаслаць, у гэтай якасці паказаны Аляксандр Семянчук. Абодва — вядомыя берасцейцам суддзі, якія неаднаразова выносілі палітычна матываваныя прысуды.

На канверты, а таксама на куплю паперы, фарбы для друкаркі, паштовых марак Раману пералічылі 262 рублі 64 капейкі. Гэтая сума фігуруе ў абвінавачванні. На судзе хлопец распавёў, што на атрыманыя грошы купіў неабходныя рэчы, вырабіў лісты і адправіў іх па даручаных яму адрасах. Але пры гэтым, насуперак рэкамендацыям з чата, не выкарыстоўваў пальчаткі і маску, і закідваў канверты ў досыць людных месцах.

list_karpuk_9w.png
Тэкст ліста да членаў камісій на рэферэндуме-2022. Крыніца: АНТ

У тэксте лістоў былі заклікі падлічваць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках, а таксама пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса з адказнасцю для фальсіфікатараў.

20 лютага 2022 года, прама перад рэферэндумам, дзяржканал "АНТ" паказаў ролік, згодна якому, некалькі людзей затрымалі за рассылку лістоў членам камісій. Па версіі дзяржсмі, у лістах былі пагрозы, з іх распаўсюджваннем звязаныя каля дзесяці чалавек. У тым ліку паказвалі Рамана Карпука, і закадравы голас сцвярджаў што яму плацілі па тарыфе 30 рублёў за 50 адпраўленых лістоў.

Пракурор Павел Крупеніч запрасіў для Рамана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады. Суддзя Таццяна Лаўранюк пагадзілася і 19 жніўня абвясціла прысуд — тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.


Падтрымайце палітвязня лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Раман Андрэевіч Карпук

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства