У Мінску судзяць затрыманых "кандыдатаў пратэсту" і іх паплечнікаў Дапоўнена
Сёння ў Мінску праходзяць суды над затрыманымі напярэдадні незарэгістраванымі "кандыдатамі пратэсту" і іх паплечнікамі. На 20 траўня "Вясна" валодае звесткамі пра 8 затрыманых:
- Сяргей Спарыш,
- Арцём Бабок,
- Анжаліка Жэлезнякова,
- Тамара Патоцкая,
- Уладзімір Неўмяржыцкі,
- Юлія Лемехава
- Дзмітрый Місюк
- Вольга Краўчанка
Іх затрымалі 19 траўня ў будынку Верхоўнага суда, куды яны прыйшлі на пасяджэнні па абскарджванні нерэгістрацыі "кандыдатаў пратэсту" ад Мікалая Статкевіча. Людзі ў цывільным заходзілі ў судовыя залы, дзе ў той час ішло абскарджванне пастановаў Цэнтрвыбаркаму аб нерэгістрацыі часткі ініцыятыўных груп, і выводзілі людзей уніз да аўтобуса. Затым усіх даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска, а адтуль - у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе яны правялі ноч.
Вярхоўны суд па кейсу "кандыдатаў пратэсту" стаў на бок Цэнтрвыбаркама
Па інфармацыі ад жонкі Мікалая Статкевіча, таксама незарэгістраванай "кандыдаткі пратэсту" Марыны Адамовіч, каля гадзіны дня затрыманых з ЦІПу павезлі ў суд. У хуткім часе Тамару Патоцкую, Уладзіміра Неўмяржыцкага і яшчэ некалькі чалавек прывезлі да суда Цэнтральнага раёна. Але калі міліцыянты пабачылі групу падтрымкі ля будынку суда, то развярнулі машыну з затрыманымі і з'ехалі.
Пазней Марына Адамовіч паведаміла, што Вольгу Краўчанка, пра затрыманне якой не было вядома да сённяшняга дня, аштрафавана на 130 рублёў (хутчэй за ўсё гутарка ідзе пра 135 рублёў, т.б. пра 5 базавых велічынь. - Заўвага). Судзілі жанчыну ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Падставай для прыцягнення да адказнасці нібыта стала тое, што яна зайшла ў судовую залю Вярхоўнага суда без запрашэння.
У палову пятай вечара ў суд Цэнтральнага раёна прывезлі Тамару Патоцкую, Анжаліку Жэлезнякову і Уладзіміра Неўмяржыцкага. Тамара Патоцкая кажа, што яе трымалі ў адной камеры з хворымі. Таксама затрыманыя кажуць, што ўвесь гэты час іх не кармілі, пры затрыманні абыходзілі вельмі груба.
Арцём Бабок атрымаў 7 сутак арышту, паведамляе тэлеграм-канал "Народнай грамады". Паведамляецца, што Арцём проста знаходзіўся ў залі Вярхоўнага суда, на ім нават не было майкі, якую міліцыя палічыла правакацыйнай.
Уладзімір Неўмяржыцкі атрымаў 50 базавых велічынь штрафу (1350 рублёў);
Тамара Патоцкая - 40 базавых велічынь (1080 рублёў);
Анжаліка Жэлезнякова - 45 базавых велічынь (1215 рублёў);
Юлія Лемехава - 25 базавых велічынь (675 рублёў);
Чытаць па тэме: «Разьдзявалі дагала», «білі па нырках», «не вярнулі залатыя ўпрыгожаньні». Што расказваюць асуджаныя «кандыдаты пратэсту».