Супраць пяцёх чалавек распачалі спецвытворчасць: хроніка пераследу трэцяга траўня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" трэцяга траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
ГУБАЗіКаўцы са сцягам СССР і георгіеўскай стужкай затрымалі гродзенскага айцішніка
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа затрымання жыхара Гродна. Паводле інфармацыі "Нашай нівы", гаворка пра 29-гадовага Дзмітрыя Глушчанку. Хлопца абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах. Сцвярджаецца, што ён нядаўна вярнуўся ў Беларусь з Польшчы.
На відэа затрымання трапіў супрацоўніка ГУБАЗіК, які на спіну начапіў сцяг СССР і георгіеўскую стужку.
Супраць гродзенскіх сясцёр, якія праз балоты збягалі з краіны, распачалі спецвытворчасць
Следчы камітэт паведамляе, што Надзеі Сцепанцовай і Жанне Захаркевіч інкрымінаваная ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Гродзенскай вобласці.
У 2021-ым годзе сясцёр асудзілі да «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 году ў Гродне. Пасля прысуду яны вырашылі з'язджаць з краіны — Жанна і Надзея 12 гадзін ішлі па лесе і дрыгве ў бок Літвы. Потым жанчыны трапілі ў фільм Юрыя Дудзя, дзе расказалі пра свае ўцёкі — яго паглядзелі больш за 10 мільёнаў чалавек.
Cпецвытворчасць распачалі і супраць сузаснавальніц мінскага стартап-хаба «Імагуру»
Таццяне Марыніч і Анастасіі Хамянковай інкрымінаваныя па 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінску.
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да актывіста Ежы Грыгенчы — яго збіраюцца судзіць завочна
53-гадоваму Ежы інкрымінаваныя ч. 1 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі).
Мужчыну запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Гродзенскай вобласці.
Сілавікі затрымалі жыхара Мінска за ўдзел у пратэстах
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ў жніўні 2020-га года некалькі разоў удзельнічаў у мітынгах у раёне стэлы і парка Перамогі.