Міліцыя Берасцейшчыны не прызнаецца, дзе падзеўся праваабаронца Вялічкін Дапоўнена
Праваабаронцу «Вясны» з Берасця Уладзіміра Вялічкіна не могуць адшукаць другі дзень.
Адразу пасля традыцыйнай акцыі “кармлення галубоў”, назіраннем за якой займаўся праваабаронца ў нядзелю, 10 траўня, ён перастаў выходзіць на сувязь.
На ўсе тэлефанаванні ў раённыя аддзелы міліцыі, у ізалятар часовага ўтрымання і СІЗА жонцы Вялічкіна адказваюць, што такога чалавека ў іх няма.
Сёння раніцай Маргарыта Вялічкіна заявіла, што падала вусную заяву аб знікненні чалавека. Пазней ёй паведалі, што да яе прыедуць супрацоўнікі міліцыі і возмуць пісьмовыя тлумачэнні аб абставінах знікнення - калі ён апошні раз выходзіў на сувязь, у што быў апрануты і г.д.. Сказалі таксама што агульнай базы ў іх нібыта няма і праверыць ці знаходзіцца праваабаронца ў іх структурах яны не могуць.
Лёс зніклага праваабаронцы таксама непакоіць ягоных сяброў і калег.
Маргарыта Вялічкіна даведалася, што праваабаронцу затрымалі супрацоўнікі Ленінскага РАУСа прыкладна ў 13-30. Пазней яго даставілі ў Кобрынскі ІЧУ, дзе ён і знаходзіцца зараз.
Аднак у Кобрынскім РАУСе працягваюць сцвярджаць што Вялічкіна ў іх няма, тады як Маргарыце Вялічкінай на яе заяву аб знікненні мужа адказалі, што яго затрымалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС горада Берасця і адвезлі у ІЧУ Кобрынскага РАУСА. Маргарыта падала скаргу у абласную пракуратуру:
"Прашу разгледзець маю скаргу на супрацоўнікаў міліцыі ІЧУ г. Кобрына: Яцука і Мазура М.Ф. ў сувязі з тым, што яны не даюць праўдзівую інфармацыю пра знаходжанне майго мужа Вялічкіна В.А. ў ІЧУ г. Кобрына. Пра знаходжанне мужа мне невядома другія суткі. Я звярталася ў органы міліцыі з нагоды яго знікнення, зрабіўшы вусную заяву аб знікненні мужа. Супрацоўнік міліцыі Брэсцкага РАУС Хоміч А.В. падчас праверкі, устанавіў, што мой муж Вялічкін В.А. быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі Ленінскага раёна Берасця і змешчаны ў Кобрынскі ІЧУ. Хоміч А.В. валодае адпаведнымі дакументамі, пацверджанымі па факсу, што Вялічкін знаходзіцца ў Кобрынскім ІЧУ. На неаднаразовыя званкі мне супрацоўнікі міліцыі Яцук і Мазур адказваюць, што Вялічкін В.А. ў іх не змяшчаўся. Прашу дапамагчы мне адшукаць майго мужа Вялічкіна В.А. і растлумачыць супрацоўнікам міліцыі як сумленна і праўдзіва выконваць свае службовыя абавязкі. З павагай Вялічкіна Маргарыта Міхайлаўна".
Дапоўнена: 12 траўня Уладзіміра Вялічкіна ўсё ж пачалі судзіць у судзе Ленінскага раёна г.Берасця. Тады Маргарыта Вялічкіна пацвердзіла, што Уладзіміра пасля затрымання ў нядзелю сапраўды завезлі ў Кобрынскі ІЧУ, а затым раніцай 12 траўня прывезлі ў суд.
"Ён сядзеў у судзе ў халодным памяшканні ў чаканні пасяджэння, якое пачалося прыкладна а 12 гадзіне", — адзначыла Маргарыта Вялічкіна.