Мінчука асудзілі за ўдзел у восеньскай акцыі пратэсту. З доказаў па справе — бежавае паліто
У судзе Савецкага раёна Мінска 5 красавіка па "народным" артыкуле за ўдзел у адным з шэсцяў восенню 2020-га года асудзілі Мікіту Дабравольскага. Суддзя Вольга Емельянчанка прызнала мінчука вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначыла яму два з паловай гады "хатняй хіміі". Галоўныя доказы па справе — бежавае паліто і фота ў ім з шэсця.
Паводле версіі абвінавачвання, Мікіта Дабравольскі на праспекце Незалежнасці ў Мінску "блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго яго дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, чым ён прычыніў "Мінсктрансу" матэрыяльную шкоду на суму 22 500 рублёў 66 капеек".
На працэсе Мікіта прызнаў віну і падцвердзіў, што сапраўды прымаў удзел у акцыі пратэсту і рухаўся па праезнай частцы. Доказамі па справе сталі фота з тэлефона мужчыны, а таксама паліто бежавага колеру, у якім ён быў на шэсці і зафіксаваны на фота.
У выніку суддзя Вольга Емельянчанка прызначыла Дабравольскаму два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Да суда мужчына ўтрымліваўся пад закладам у памеры 8 000 рублёў.