viasna on patreon

Суткі і штрафы. У Беларусі масава судзяць прыхільнікаў блогера Ціханоўскага Дапоўнена

2020 2020-05-08T20:10:00+0300 2020-05-08T22:04:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/neronskiy_aranovich_strana_dlya_zhizni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Арановіч і Уладзімір Няронскі. Фота TUT.BY

Аляксандр Арановіч і Уладзімір Няронскі. Фота TUT.BY

У розных гарадах Беларусі праходзяць суды над удзельнікамі акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, удзельнікамі яго сустрэч і неабыякавымі грамадзянамі, якія выходзілі ў сваіх гарадах "карміць галубоў".

Ліда

Фельчар хуткай дапамогі Павел Палейчык атрымаў 7 сутак арышту. Рашэнне вынес суддзя Максім Філатаў. У красаіку Палейчык удзельнічаў у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім у сваім горадзе.

Таксама на 7 сутак арыштаваны Андрэй Паляковіч і яшчэ адзін фельчар Алег Краўцоў.

Затрыманы таксама Максім Палонскі, Павел Анціпкін (бацька 4 дзяцей) і яшчэ адзін чалавек (яму прысудзілі 10 базавых велічынь). 

Максім Палонскі таксама атрымаў 7 сутак.

Суд над Анціпкіным будзе ў панядзелак, ён змешчаны ў ізалятар да суда.

Гомель

Напярэдадні, 7 траўня,суд Цэнтральнага раёну прысудзіў штраф (135 рублёў) палітычнаму актывісту Валеру Рэпніну і 15 сутак адміністратыўнага арышту Аляксею Саламашанку з вёскі Рудня Марымонава. Актывістаў абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАп РБ «удзел у незаконным масавым мерапрыемстве» – акцыі «кармленне галубоў» ля нулявога кіламетра ў цэнтры Гомеля 3 мая.

8 траўня суд Цэнтральнага раёну Гомеля асудзіў Юрыя Уласава на 15 сутак за ўдзел у акцыі ў падтрымку арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага, піша "Радыё Свабода". Уласава затрымалі 7 траўня разам з яшчэ 19 удзельнікамі акцыі. Усіх, апроч Уласава, пад ноч адпусцілі. Уласава завезлі ў ізалятар.

Магілёў

У Магілёве рэпартаж з суда вядзе TUT.BY. За арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу "з публічным абмеркаваннем улады" 5 траўня судзяць блогера Уладзіміра Няронскага. З ім на лаве падсудных - Арцём Сакаў і Аляксандр Арановіч, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў гэтым несанкцыянаваным мітынгу. Усе трое віну не прызнаюць.

"Я блогер, гэта нармальна — сустракацца з людзьмі. У нас свабода слова па Канстытуцыі", - сказаў у судзе Неронскі.

Іх затрымалі 6 траўня ў пасёлку Дружны. Аб адвакаце хадайнічаў толькі Сакаў — суддзя дала яму на пошукі і заключэнне дагавора паўгадзіны.

Падчас перапынку Няронскі распавёў журналістам, што іх затрыманне звязана з тым, што "начальніку міліцыі не спадабалася паводзіны людзей". Нагадаем, 5 траўня міліцыя спрабавала затрымаць каманду YouTube-канала "Краіна для жыцця" блогера Сяргея Ціханоўскага, якая прыехала ў Магілёў на сустрэчу з падпісантамі. Брэндаваны Аўтадом спынілі супрацоўнікі ДАІ і паспрабавалі затрымаць Аляксандра Арановіча, але людзі абступілі яго з усіх бакоў і не падпусцілі да яго сілавікоў. У выніку сустрэча ўсё-такі адбылася, яе курыраваў Уладзімір Няронскі.

У выніку ўсе трое затрыманых з камандры " Краіны для жыцця" атрымалі суткі:

  • Арцём Сакаў - 5 сутак
  • Аляксандр Арановіч - 6 сутак
  • Уладзімір Няронскі - 10 сутак

Таксама на суткі асуджаны магілёўцы, які адбівалі пятага траўня кіроўцу аўтадома ад міліцыі:

  • Сцяан Лазаронак - 5 сутак
  • Вячаслаў Зайцаў - 2 сутак

У судзе Ленінскага раёна пачаўся разгляд справы блогера і журналіста Міхаіла Аршынскага. Разгляд адклалі да 16.00 12 траўня, бо Аршынскі заявіў хадайніцтва аб адвакаце. Яго вызвалілі, аднак літаральна праз некалькі хвілін затрымалі нібыта па новай адміністрацыйнай справе. Яго пакідаюць у ізалятары да панядзелка. 

Гародня

Учора ўвечары міліцыя забрала з кватэры грамадскага актывіста Аляксандра Лаўрэнцьева. Яго засудзілі да 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Паведаміць, дзе і калі яго будуць судзіць, Лаўрэнцьеву не далі магчымасці. Па ўсё верагоднасці арышт яму аформілі ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні. Аляксандра Лаўрэнцьева судзілі па ўсёй верагоднасці за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім, які прыязджаў у Гародню. 

У Гародні спешна праведзеныя суды і ўсе затрыманыя атрымалі суткі.

  • Яўген Разнічэнка - 6 сутак,
  • Алена Сахарчук - 6 сутак,
  • Васіль Калач - 5 сутак,
  • Юрый Шока - 7 сутак.
  • Аляксандр Лаўрэнцьеў - 9 (асудзілі на 7, але засталіся 2 "старых" сутак)

Брэст

У суд Ленінскага раёна Брэста прывезлі затрыманага 6 траўня блогера Сяргея Пятрухіна. Суддзя Куроўскі адклаў разгляд справ па ч. 1 арт. 23.34 КаАП 10.00 11 траўня. Пятрухіна з суда павезлі назад у ізалятар. 

Віцебск 

Затрыманы напярэдадні Алег Баразна атрымаў 20 базавых велічынь штрафу (540 рублёў). Ноч з 7 на 8 траўня мужчына правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. У суд яго не прывозілі – паседжанне ладзілася праз Skype.

Ужо пасля вынесенага рашэння Алега Баразну адвезлі з віцебскага ІЧУ ў аддзяленне аховы правапарадку, дзе склалі яшчэ адзін пратакол за правапарушэньне, прадугледжанае артыкулам 23.34 КаАП. Мужчына расказаў, што чарговы пратакол быў складзены за ягоны ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім 30 красавіка каля піраміды «Марка-сіці» ў Віцебску.

Разгляд справы адбудзецца ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 19 траўня (пачатак – 11.00).

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства