viasna on patreon

"Кнігі забралі, а ў камеры былі вошы". Актывіст "кандыдатаў пратэсту" Арцём Бабок распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ЦІП Аўдыё

2020 2020-05-29T19:30:34+0300 2020-05-29T20:12:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arcem_babok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст "Народнай Грамады" Арцём Бабок — адзін з паплечнікаў "кандыдатаў пратэсту", затрыманых 19 траўня ў Вярхоўным судзе. Рашэннем суда Савецкага раёна горада Мінска ён атрымаў 7 сутак. Пасля адбыцця свайго арышту ў ЦІП актывіст расказаў "Вясне", як яго затрымлівалі і якімі былі ўмовы ўтрымання ў ЦІП.

Арцём Бабок
Артем Бабок

Нагадаем, што 19 траўня "кандыдаты пратэсту" і іх паплечнікі (усяго 8 чалавек) сабраліся ў Вярхоўным судзе, дзе павінен быў адбыцца разгляд скаргі Анжалікі Жалезняковай аб нерэгістрацыі Цэнтрвыбаркамам ініцыятыўнай групы. Сакратарка суда адвяла іх у залу судовага паседжання, аднак разгляд скаргі так і не адбыўся — усе удзельнікі былі затрыманыя, а затым і асуджаныя.

Прычына — адмова актывістаў зняць з сябе майкі з прынтам "Убывай". На пытанне аб прычыне такой просьбы супрацоўнікі міліцыі, якія зайшлі, сказалі, што гэта абраза суддзі. Пасля гэтага ўсіх актывістаў сталі выцягваць з залы суда.

Арцём Бабок, які не быў апрануты ў майку, вырашыў самастойна пакінуць залу судовага паседжання.

"Але я зразумеў, што мяне затрымалі, толькі калі прайшоў праз рамкі (металашукальнікі, якія знаходзяцца пры ўваходзе ў будынак суда — заўв.). Мяне схапіў за руку чалавек у цывільным і сказаў: "Куды?" Я пытаўся, ці затрыманы я і на якой падставе. Ён маўчаў", — распавёў актывіст.

Арцёма адвезлі ў ЦІП, а ў пратаколе, які на яго склалі, было пазначана, што ён “знаходзячыся ў зале судовага паседжання, маючы намер на непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка АУС [...], на неаднаразовае законнае патрабаванне намесніка камандзіра спецыяльнага батальёна міліцыі маёра міліцыі Пішч С. В. [...] пакінуць залу судовага паседжання да запрашэння на пасяджэнні сакратаром аказаў непадпарадкаванне, якое выявілася ў тым, што катэгарычна адмовіўся спыняць свае супрацьпраўныя дзеянні, пачаў упірацца, хапацца за вопратку, размахваў рукамі, паводзіў сябе агрэсіўна, нахабна, з выклікам".

З пратаколу вынікае, што Арцём Бабок прыйшоў у залу пасяджэння нібыта без запрашэння.

"Такім чынам, узнікае пытанне, як мы туды трапілі", — разважае актывіст (у залу судовых пасяджэнняў Вярхоўнага суда грамадзяне могуць патрапіць пасля суправаджэння іх туды сакратаром —заўв.). Менавіта гэтае пытанне актывіст задаў Сяргею Пішчу, які выступіў сведкам на судовым пасяджэнні над актывістам, якое адбылося 20 траўня.

"Не ведаю, мяне там не было", — адказаў той.

Суддзя суда Савецкага раёна горада Мінска Марына Фёдарава прызнала Арцёма Бабка вінаватым у парушэнні артыкула 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы) і пакарала актывіста арыштам на 7 сутак. Арцёма Бобка адразу ж павезлі ў ЦІП адбываць пакаранне.

Адбываць арышт Арцёма павезлі адразу пасля судовага паседжання. Аднак ні па прыбыцці ў ЦІП, ні падчас знаходжання ў РУУС яму не давалі паведаміць сваякам аб тым, што ён арыштаваны.

Затрыманая сярод "кандыдатаў пратэсту" і іх паплечнікаў Тамара Патоцкая распавядала, што супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС яе білі па нырках. Але Арцём Бабок адзначае, што фізічнага гвалту на сабе ні ў РУУС, ні ў ЦІП не адчуваў, аднак падкрэсліў, што сутыкаўся з псіхалагічным гвалтам:

"Пры ператрусе трэба было распранацца цалкам і прысядаць. Гэта цяжкавата маральна, бо я асабліва ніколі з гэтым не сутыкаўся . Акрамя таго, калі мяне павезлі ў Савецкі суд, мяне адвялі ў турэмны дворык. Я там хадзіў прыкладна гадзіну. Я не ведаў, што адбываецца, чаму я адзін тут гуляю".

У душ у ЦІПе звадзілі аднойчы —толькі ў першы дзень. Арцём адзначае, што гэта "правіла" дзейнічае ў адносінах да ўсіх арыштаваных, незалежна ад таго, колькі сутак ім трэба будзе адбываць. Таксама ў камеры былі прусакі і вошы. На прэтэнзіі аб гэтым супрацоўнікі ЦІП ніяк не рэагавалі.

Кожную раніцу супрацоўнікі ЦІП ажыццяўлялі "шмон" — працэдуру ператрусу арыштаваных і агляду камер.

"Пасля гэтага матрацы і ложак усе перавернутыя. Бывала, што змяшаная з чужой. Асабістыя рэчы таксама раскіданыя. Даводзілася кожны раз нанова наводзіць парадак".

Ежу, прадстаўленую ЦІП, Арцём паспрабаваў толькі аднойчы. Пасля гэтага ён еў толькі тое, што перадалі яго сваякі. Але тым не менш яму неабходна пакрыць выдаткі ЦІП на харчаванне —13 рублёў і 50 капеек за кожны дзень свайго знаходжання на "сутках".

Сярод рэчаў, перададзеных Арцёму, былі і мастацкія кнігі, аднак іх чамусьці не дазволілі пакінуць у камеры. Розніцы ў адносінах супрацоўнікаў ЦІП у дачыненні да "палітычных" і "звычайных" арыштаваным Арцём не заўважыў — яны" паводзілі сябе нахабна ў дачыненні да ўсіх".

Прыкладна за дзве гадзіны да заканчэння тэрміну знаходжання пад арыштам Арцёма вывелі ва ўнутраны дворык і пакінулі там прыкладна на паўтары гадзіны, нічога не патлумачыўшы.

Арцём Бабок абскардзіў рашэнне суда Савецкага раёна горада Мінска аб сваім арышце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства