viasna on patreon

"Мы не пісалі страшылак, а проста апісалі штодзённасць". У Варшаве прэзентавалі выставу малюнкаў і альбом пра палітвязняў Фота

2024 2024-12-11T15:35:00+0300 2024-12-11T16:23:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyja-alboma_varszava_z-loha_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Варшаўскім Музеі вольнай Беларусі 10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека адкрылася выстава "Пачуцці: Малюнкі палітвязняў Беларусі". На экспазіцыі прадставілі калекцыю малюнкаў, створаных палітычнымі вязнямі Беларусі ва ўмовах турэмнага зняволення. Падчас адкрыцця выставы культурныя дзеячы і праваабаронцы прэзентавалі музычны альбом пра зняволенне і рэпрэсіі "Пазначаныя жоўтым". Рэпартаж "Вясны" з выставы. 

Арганізатар выставы малюнкаў – праваабарончы цэнтр "Вясна". Экспазіцыя ўздымае складаныя і важныя пытанні чалавечай годнасці, грамадзянскай адказнасці і сілы творчасці. Малюнкі — гэта і спроба знайсці святло нават ва ўмовах поўнай ізаляцыі, не страціць сувязь са знешнім светам і данесці да грамадства пачуцці, якія немагчыма перадаць словамі.

2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Арганізатарка выставы і праваабаронца Марына Кастылянчанка і куратар выставы, былы палітвязень Арцём Задруцкі

На выставе прадстаўлена 103 выявы ад 19 аўтараў. Малюнкі выкананы ў рознай тэхніцы, пераважна гэта каляровая і чорна-белая графіка. Гэта толькі невялікая частка малюнкаў, беражліва захаваных людзьмі і праваабаронцамі. У цяперашні час палітычным зняволеным забараняюць адпраўляць малюнкі з месцаў зняволення, а многія працы спецыяльна знішчаюцца супрацоўнікамі турмаў.

"Малюнкі – гэта частка гісторыі, якая адлюстроўвае той час"

Куратар выставы, былы палітвязень і суаўтар малюнкаў выставы Арцём Задруцкі распавядае пра свой удзел, адбор малюнкаў і як вопыт зняволення паўплываў на яго куратарскую працу:

"Гэта мой першы куратарскі досвед. Працэс адбору малюнкаў праходзіў з аўтарамі, якія былі гатовы працаваць з намі. На выставу бралі і тыя працы, якія ўвогуле захаваліся. Калі будзе магчымасць, плануецца падтрымліваць гэтую ініцыятыву па захаванні творчасці людзей, бо гэта момант гісторыі і асобны від мастацкага самавыяўлення. Пры выбары малюнкаў арыентаваліся на выраз пачуццяў чалавека праз малюнкі, бо працы розныя па мастацкаму ўзроўню аўтараў. Усё малюнкі мне падабаюцца аднолькава, бо яны выклікаюць розныя пачуцці. Вопыт зняволення мне нават дапамагае зараз, бо я разумею тыя пачуцці і тое, што намалявана аўтарам".

2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Куратар выставы, былы палітвязень Арцём Задруцкі

"Для мяне выстава важная сваім досведам. У ёй не толькі пачуццё болю і тыя пакуты праз якія прайшлі аўтары, але яшчэ любоў да радзімы і блізкіх, а таксама шмат іншых пачуццяў чалавека, адлюстраваных у малюнках аўтараў. Многія з малюнкаў, якія ёсць на выставе, зараз не зрабіць і не адправіць у лістах да родных, таму малюнкі – гэта частка гісторыі, якая адлюстроўвае той час".

"Прадстаўленыя малюнкі – гэта праменьчык надзеі, што зняволенне не зламіла"

2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Арганізатарка выставы і праваабаронца Марына Кастылянчанка

Як распавяла праваабаронца "Вясны" і арганізатарка выставы Марына Кастылянчанка, гэта выстава – вынік крапатлівага збору малюнкаў палітзняволеных цягам некалькіх гадоў, якія траплялі праз краты да родных, сяброў і неабыякавых людзей, часта з малюнкаў была перададзеная роднымі і нават самімі палітзняволеным, пасля іх вызвалення.

Гэта не першая выстава малюнкаў палітвязняў. Раней, яшчэ да падзей 2020 года, у Мінску адбылася выстава турэмных малюнкаў Алеся Пушкіна, некалькі выставаў яго твораў прайшло ў 2024 годзе, ужо пасля смерці мастака ў турме.

2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Падчас адкрыцця выставы "Пачуцці: Малюнкі палітвязняў Беларусі"
2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Падчас адкрыцця выставы "Пачуцці: Малюнкі палітвязняў Беларусі"

Сёлета прадстаўленыя працы розных палітычных зняволеных, некаторыя з іх ужо цалкам адбылі сваё пакаранне і выйшлі на волю.

"Для мяне вельмі важна, што выстава адкрываецца ў Міжнародны дзень правоў чалавека, бо ў Беларусі цяпер небывалы крызіс правоў чалавека, рэпрэсіі не спыняюцца ні на дзень, людзей працягваюць катаваць у няволі. Але ў той жа час прадстаўленыя малюнкі – праменьчык надзеі, што зняволенне не зламіла, што людзі знаходзяць спосабы самавыяўлення і выказвання пачуццяў праз мастацтва",  – падзялілася сваімі ўражаннямі Марына.

2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Аўтарка ідэі альбома "Пазначаныя жоўтым" і менеджарка Крысціна Дробыш, аўтар музыкі Арцём Ставер і праваабаронца Дзіяна Пінчук

Пасля адкрыцця выставы адбылася прэзентацыя музычнага альбому пра палітзняволеных "Пазначаныя жоўтым". У працы над праектам удзельнічала шмат людзей, некаторыя з іх застаюцца ананімнымі ў мэтах бяспекі. Аўтарка ідэі і менеджарка Крысціна Дробыш. Таксама ў стварэнні альбома прымала ўдзел правабаронца Дзіяна Пінчук. 

Альбом складаецца з шасці кампазіцый, якія паказваюць шлях палітзняволенага Беларусі: затрыманне — умовы — суд — лісты — пасля вызвалення — дзеці. Рэпер Angst склаў тэксты для пяці кампазіцый на падставе рэальных гісторый палітвязняў. Музыка і рэжысёр Арцём Ставер (Uhead) стварыў аранжыроўку альбома.

"Пазначаныя жоўтым". "Вясна" з творцамі прэзентуюць музычны альбом пра палітвязняў Беларусі

Над яго стварэннем працавалі паэты, акторы, музыкі, праваабаронцы і былыя палітзняволеныя. Альбом складаецца з шасці трэкаў, якія адлюстроўваюць шлях палітвязня ад затрымання да вызвалення.

У музычных кампазіцыях выкарыстаныя дакументальныя гукі і аўдыё, запісаныя падчас акцый пратэстаў і ў судовых залах. Так, у трэку "Затрыманне" можна пачуць гукі затрымання Сяргея Ціханоўскага і членаў каманды "Краіна для жыцця", а таксама Сцяпана Латыпава на "Плошчы Перамен". У трэку "Суд" чуваць грукат кайданкоў Марыі Калеснікавай перад вынясеннем ёй прысуду. А трэк "Дзеці" паводле аўтараў самы складаны і эмацыйны. Ён уяўляе сабою калыханку дзяцей сваім бацькам. У трэку чытаюць лісты да маці  і таты маленькія Насця і Ваня – дзеці палітзняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча. Тэкст і музыку напісаў для гэтай кампазіцыі Арцём Ставер.

У працы над праектам удзельнічала шмат людзей, некаторыя з іх застаюцца ананімнымі ў мэтах бяспекі. Аўтарка ідэі і менеджарка праекту Крысціна Дробыш разам з праваабаронцай “Вясны" Дзіянай Пінчук і былым палітвязнем і музыкам Алесем Папковічам распавялі, як ствараўся альбом, які эмоцыі і пачуцці выклікаў.

"Я вельмі хвалявалася за маральны стан каманды"

2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Праваабаронца Дзіяна Пінчук

Як кажа Дзіяна Пінчук, праваабаронцы ўвесь час шукаюць спосабы, як утрымліваць тэму палітвязняў і рэпрэсій на парадку дня.

"Часам праваабарончых ці журналісцкіх інструментаў недастаткова, таму мы прыбягаем да мастацтва. Так утварылася гэтая калабарацыя з групай творцаў — Крысцінай Дробыш, Арцёмам Ставерам, Angst і іншымі. Альбом "Пазначаныя жоўтым" — гэта адзін з нетыповых спосабаў прыцягнуць увагу да праблемаў палітвязняў Беларусі. Для мяне ён каштоўны таксама тым, што яго можна назваць дакументальным. Тэксты і музыка — пра тое, што ў гэтую хвіліну перажываюць палітвязні Беларусі. Эмацыйна гэты альбом цяжкі і варта да яго ставіцца як да аўдыёспектакаля, але там усё тое, што ўмоўна напісана на сайце "Вясны". Апроч гэтага, трэк "пасля вызвалення" — гэта дакументальная гісторыя былога палітвязня і музыкі Алеся Папковіча, які сам пра гэта і распавёў". 

Паводле праваабаронцы, самым цяжкім у працы было даваць рады ўласным хваляванням.

"У нас з Крысцінай — аўтаркай ідэі і менеджеркай праекта — было разуменне, што мы хочам зрабіць, але не ведалі як. Аўтарам тэкстаў і музыкі была дадзеная поўная творчая свабода — яны выклаліся цалкам і патрапілі куды трэба. Але я вельмі хвалявалася за маральны стан каманды, бо ўсе былі вельмі ўключаныя ў працэс, а працаваць эмацыйна з гэтай тэмай складана, мякка кажучы.

Я вельмі рада, што, дзякуючы шэрагу розных абставін, склалася так, як склалася. Я вельмі ўдзячная гэтай смелай і таленавітай камандзе".

2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Дачка палітвязняў Насця з бабуляй падчас прэзентацыі альбому

На прэзентацыі таксама былі разам са сваёй бабуляй Насця і Ваня – дзеці палітзняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча. Яны распавядалі пра свае ўражанні падчас запісу шостага трэка альбому.

"Чакала раніцы, каб напісаць Дзіяне пра ідэю"

2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Праваабаронца Дзіяна Пінчук, аўтарка ідэі альбома Крысціна Дробыш і былы палітвязнеь Алесь Папковіч, гісторыя якога гучыць у трэку "Пасля вызвалення"
2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Былы палітвязнеь Алесь Папковіч, гісторыя якога гучыць у трэку "Пасля вызвалення"

Аўтарка ідэі альбома і менеджарка Крысціна Дробыш распавяла, што думка стварыць такі праект з’явілася яшчэ напачатку 2024 года. А натхнялася яна ўкраінскім праектам пра рэспрэсаваных у 30-я гады.

"У студзені 2024 года мой знаёмы даслаў мне відэа, дзе на музыку было накладзенае апошняе слова асуджанага падчас суда. Потым я пазнаёмілася з украінскім праектам МУР, які расказвае пра рэпрэсаваных дзеячаў у 30-я гады. Ну і нарадзілася простая думка: чаму б нам не перакласці нашыя рэаліі ў такую форму. Я помню, што чакала раніцы, каб напісаць Дзіяне пра ідэю, прапанаваць "Вясне" от такую шалёную думку".

Крысціна распавядае, што яна хоча распавядаць пра палітвязняў, бо шмат хто стаміўся ад гэтай тэмы пасля 2020 года.

"Калі адвярнуцца ад тэмы, заплюшчыць вочы, то людзі ў турмах нікуды не дзенуцца, затрыманні не скончацца,  людзі не выйдуць на волю проста таму што ты стаміў(ла)ся.

Я не кажу, што мы павінны пакласці свае ўласныя жыцці на гэта. Абсалютна відавочна, што кожны чалавек мае права на сваё ўласнае жыццё. Але я адчуваю адказнасць перад тымі, у каго гэтае права было адабранае".

Як раней адзначыла ў інтэрв’ю Дзіяна Пінчук, некаторыя слухачы пакідаюць водкугі, што падобныя кампазіцыі пра гісторыі палітвязняў слухаць даволі цяжка і аўтары мусяць папярэджваць пра "ўразлівы кантэнт".

"А мы не пісалі ніякіх страшылак. Мы проста апісалі штодзённасць. Уявіце сабе, наколькі мы забыліся пра тое, што адбываецца, калі вось так можам уразіцца. А гэта, паўтаруся, штодзённасць" – дзеліцца Крысціна.

"Дзякуй вам за кожны ваш дзень у пекле"

2024_12_10_vystava-maljunkau_prezentacyj
Праваабаронца Дзіяна Пінчук, аўтарка ідэі альбома Крысціна Дробыш і былы палітвязнеь Алесь Папковіч, гісторыя якога гучыць у трэку "Пасля вызвалення"

Напрыканцы размовы Крысціна падзялілася сваімі ўражаннямі ад працы над альбомам:

"Яшчэ на этапе чытання кіламетраў размоў з пацярпелымі ад рэпрэсій (каб падтрыхтаваць аснову для тэкстаў альбома), я магла чытаць не больш як гадзіну на дзень. І мне гэтага хапала, каб хадзіць прыбітай мехам цягам астатняга часу дня. А пасля чатырох гадзінаў запісу трэка я была разбітая ўшчэнт.

Я дагэтуль не разумею, як вы, праваабаронцы, гэта вытрымліваеце. У вас канаты, а не нервы. Я захаплялася вашай працай і ў 20-м, і цяпер. Дзякуй вам за кожны ваш дзень у пекле". 

Выстава працягнецца да 15 снежня 2024 г. у Музеі Вольнай Беларусі (ul. Foksal 11, Warszawa). Альбом дасяжны на лічбавых платформах: Youtube,Soundcloud, SpotifyMusic AppleAmazon music, Boomplay

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства