viasna on patreon

Пяць суддзяў Мінска, якія працягваюць "канвеер" судоў над палітвязнямі ўжо больш за чатыры гады

2024 2024-12-12T14:59:41+0300 2024-12-12T14:59:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_illustration_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па стане на 12 снежня 2024 года "Вясне" вядома не меней за 6270 асуджаных паводле крымінальных "пратэсных" артыкулах. Суды па ўсёй Беларусі ўжо больш за чатыры гады канвеерам разглядаюць палітычныя справы. Імёны некаторых суддзяў, якія датычныя да рэпрэсій, вядомыя з 2020 года, а некаторыя — яшчэ раней. "Вясна" распавядае пра пяць самых рэпрэсіўных суддзяў Мінска, якія ўжо больш за чатыры гады вядуць крымінальныя палітычныя справы.

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Вікторыя Шабуня — мінімум 121 асуджаны

Суддзя Цэнтральнага суду Менску Вікторыя Шабуня

Імя гэтай суддзі с суда Цэнтральнага раёна было вядомая сярод грамадскіх актывістаў яшчэ да падзей 2020 года. Яна з ахвотай брала адміністрацыйныя палітычныя справы за "несанкцыянаванае пікетаванне". А цяпер актыўна судзіць па пратэсных артыкулах, у асноўным — паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Вікторыя Шабуня — першая суддзя, якая пачала судзіць пратэстоўцаў за падзеі 14 чэрвеня 2020 года, калі мінчукі выйшлі на стыхійную акцыю пратэста супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкала. Сярод асуджаных ёй — Антон Лакішык і Уладзіслаў Усцін.

Таксама Шабуня прызначыла тэрмін у пяць з паловай гады калоніі сябру ініцыятыўнай групы Бабарыкі Сяргею Капанцу. Яго абвінавацілі ў дапамаганні Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў шляхам перадачы ў бот тэлеграм-канала, інфармацыі і відэа аб перамяшчэнні спецтэхнікі сілавікоў 9 жніўня 2020 года, а таксама ў распаўсюдзе ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім і каардынаванні руху людзей ад ГЦ «Спектр» да адміністрацыі Першамайскага раёна пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання 9 жніўня 2020 года. 

Вікторыя Шабуня адправіла на два гады ў калонію палітвязня Ягора Сугойдзя, якога 9 жніўня каля Стэлы збіў аўтазак. Медыкі канстатавалі яму пералом шасці рэбраў з правага боку з пашкоджаннем лёгкага, закрытую чэрапна-мазгавую траўму, расколіну барабаннай перапонкі. А потым Ягору выставілі абвінавачванне паводле арт. 293 КК.

Дзмітрый Карсюк мінімум 101 асуджаны

Дзмітрый Карсюк

Вясной гэтага года Карсюк перайшоў з суда Цэнтральнага раёна ў Кастрычніцкі і працягвае судзіць пратэстоўцаў. На яго рахунку ўжо мінімум 101 асуджаны паводле палітычных справаў.

Дзмітрый Карсюк у 2022 годзе асудзіў галоўную рэдактарку "Новага Часу" Аксану Колб да 2,5 гадоў "хіміі" за ўдзел у Маршы ад 16 жніўня 2020 года. Даследванне пісьмовых доказаў праходзіла ў закрытым пасяджэнні. 

Таксама два гады таму Карсюк вынес прысуд стрыечнаму брату палітыка Паўла Латушкі Анатолю Латушку, а таксама Ліліі АнанянАлене Маліноўскай. За распаўсюд улётак да рэферэндуму, удзел у Маршы, маляванне "Пагоні", спаленне дзяржаўнага сцягу Карсюк асудзіў Анатоля да шасці гадоў калоніі, Алену — да чатырох гадоў калоніі, Лілію — да пяці гадоў "хатняй хіміі".

Дзмітрый Карсюк таксама адправіў у калонію на два гады экс-следчага Ягора Вяршыніна.

Цяпер яшчэ Карсюк разглядае справы аб замене «хатняй хіміі» на калонію. Некаторым — завочна.

Анастасія Ачалава — мінімум 69 асуджаных

Суддзя Анастасія Ачалава з 2020 года асудзіла мінімум 69 чалавек паводле крымінальных артыкулаў. Сярод асуджаных — феміністка і блогерка Дар'я Афанасьева. У 2022 годзе Дар'ю Ачалава асудзіла да двух з паловай гады калоніі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Адной з самых гучных справаў Ачалавай з'яўляецца суд над удзельнікамі і ўдзельніцамі гурта Irdorath. Паводле арт. 342 КК яна прызначыла па паўтара года калоніі Юліі і Пятру Марчанкам, Антону Шніпу. Ачалава прызнала вінаватымі музыкаў паводле двух частак арт. 342 КК.

Максім Трусевіч — мінімум 69 асуджаных

Суддзя Максім Трусевіч
Суддзя Максім Трусевіч

У судзе Першамайскага раёна суддзя Максім Трусевіч працягвае да гэтага часу судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту, каментары і іншыя формы нязгоды з дзеючай уладай. Ён паспеў асудзіць 69 чалавек, з якіх 49 — пратэстоўцы, асуджаныя паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Так, напачатку 2021 года Трусевіч адправіў у калонію на пяць гадоў 30-гадовага Мікіту Харловіча. Суддзя праігнараваў заяву хлопца пра збіванне ГУБАЗіКа для атрымання "патрэбных паказанняў".

Таксама Трусевіч адправіў у калонію на чатыры гады таленавітага студэнта БДУ Яўгена Каліноўскага за падзеі 14 ліпеня 2020 года ў Мінску.

Жанна Хвайніцкая мінімум 56 асуджаных

Суддзя Заводскага раёна Мінска асудзіла як мінімум 56 чалавек паводле палітычных справах. Але гэтая суддзя вядомая крымінальным пераследам анархістаў яшчэ задоўга да 2020 года.

Так, 27 траўня 2011 года у судзе Заводскага раёна Мінска яна разглядала "справу анархістаў" у дачыненні да Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча і Аляксандра Францкевіча (якія цяпер асуджаны па новых справах у сувязі з падзеямі 2020 года).Іх абвінавацілі ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсця ля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, падпале дзвярэй філіялу «Беларусбанка», нападзе на расійскае пасольства.

Жанна Хвайніцкая асудзіла Мікалая да чатырох з паловай гады калоніі, Ігара Аліневіча — да васьмі гадоў калоніі, Аляксандра Францкевіча — да трох гадоў калоніі.

Летам 2021 года Хвайніцкая адправіла ў калонію трох адміністратараў каналу "Кіроўцы 97%" — Дзяніса ГуцінаГанну Вішняк і Вікторыю Кульшу. Згодна версіі абвінавачвання, яны "наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакаванняў дарог у сувязі з незадаволенасцю ўладай і фальсіфікацыяй выбараў". Вікторыя Кульша праз вялікі ціск і новы пераслед у зняволенні да гэтага часу не выйшла з-за кратаў.

Напачатку 2022 года яна разглядала гучную "справу ўзлому кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама". Палітзняволеных братоў Кіма і Аляксея Самусенкаў яна асудзіла да шасці з паловай і чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму адпаведна, Паўла Дразда і Івана Андрушойця — да трох з паловай гадоў калоніі кожнага.  Суддзя Жанна Хвойніцкая пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме а прычыне таго, што"ў матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца звесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу".

Жанна Хвайніцкая таксама судзіла за ўдзел у акцыях пратэсту вядомую керамістку Наталлю Карнееву.

Да гэтага часу таксама судзяць па палічных матывах у крымінальным парадку Анжэла Касцюкевіч (мінімум 55 асуджаных), Міхаіл Макарэвіч (мінімум 48), Кацярына Мурашка (мінімум 48), Юлія Блізнюк (мінімум 43), Святлана Чарапанава (мінімум 41), Алена Шылько (мінімум 39), Валянціна Зянькевіч (мінімум 36).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства