Асудзілі яшчэ двух фігурантаў "карагоднай справы" ў Брэсце
23, 24 і 26 красавіка 2024 года суд Брэсцкага раёна разгледзеў крымінальную справу супраць Ксеніі Турубчук і Дзмітрыя Мірашнічэнкі. Справу разглядала суддзя Алена Круковіч, паведамляе "Берасцейская Вясна".
Іх абодвух асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі"). Вядома, што іх судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту, якая праходзіла 13 верасня 2020 года ў Берасці.
Такім чынам, на дадзены момант вядома ўжо пра 137 чалавек, каго асудзілі па "карагоднай справе" паводле крымінальнага артыкула, калі 13 верасня 2020 года людзі ў Брэсце прайшліся маршам па горадзе, спыніліся на праезнай частцы на скрыжаванні бульвараў і праспекта Машэрава, стаялі там і спявалі песні, частка вадзіла карагод. Сілавікі разагналі акцыю, упершыню ў гісторыі Брэста ўжыўшы для гэтых мэтаў вадамёт. Многіх пратэстоўцаў спачатку асудзілі паводле арт. 23.34 КаАП (тады гэта быў артыкул за так званае "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства"). Але потым распачалі справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса "актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".