viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2017

2017 2017-04-03T12:28:24+0300 2017-04-04T11:36:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_sakavik_1_2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

- на працягу сакавіка назіралася рэзкае пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, якое сведчыць аб вяртанні афіцыйных уладаў Беларусі да палітыкі найгоршых рэпрэсіўных практык;

- у сакавіку ў Мінску і многіх іншых гарадах краіны праходзілі шматлікія дэманстрацыі пратэсту грамадзян супраць прымянення Дэкрэта прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» і эканамічнай палітыкі ўладаў у цэлым. Адказам уладаў на дадзеныя выступы сталі рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, грамадзянскіх актывістаў, блогераў, незалежных журналістаў, праваабаронцаў, звычайных грамадзян. У ізаляцыі апынуліся лідары вядучых апазіцыйных партый і рухаў — старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыні партыі БХД Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец, старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч;

- усяго, пачынаючы з 3 сакавіка, у сувязі з масавымі выступамі грамадзян, тыя ці іншыя формы рэпрэсій зазналі больш за 900 чалавек, з іх арыштавана больш за 100;

- 25 сакавіка ў г. Мінску прайшла арганізаваная апазіцыйнымі сіламі традыцыйная дэманстрацыя «Дзень Волі», якая была жорсткага разагнаная шматлікімі сіламі міліцыі і спецназа, каля 700 чалавек былі затрыманыя, 149 з іх пасля былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірнай дэманстрацыі;

- напярэдадні дэманстрацыі 25 сакавіка ў Мінску і іншых гарадах краіны пракацілася хваля адвольных затрыманняў грамадзян з мэтай недапушчэння іх далейшага ўдзелу ў дэманстрацыі. Усе гэтыя працэсы суправаджаліся дэманстрацыяй тэлепраграм прапагандысцкага кшталту па нацыянальным тэлебачанні і нагнятаннем атмасферы страху ў грамадстве;

- 21-22 і 24 сакавіка стала вядома пра затрыманне 32 грамадзян па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па ч. 3 арт. 293 КК (навучанне або іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фiнансаванне або iншае матэрыяльнае забеспячэньне такой дзейнасці). Усе затрыманыя ўтрымліваюцца ў СІЗА МУС і КДБ у г. Мінску, сярод іх, у тым ліку, лідар арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч;

- 28 сакавіка стала вядома, што актывіст Вячаслаў Касінераў узяты пад варту і пераведзены ў СІЗА МУС г. Мінска. Касінераву было прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства). Падставай прыцягнення да крымінальнай адказнасці стала акцыя-перфоманс, праведзеная ім 12 сакавіка каля будынка МУС у г. Мінска;

- 17 сакавіка стала вядома аб вынясенні Гомельскім абласным судом першага ў 2017 смяротнага прысуду ў дачыненні да 32-гадовага жыхара г. Нароўля Аляксея Міхалені.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед 

21 сакавіка ў ходзе працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне некалькіх дзесяткаў баевікоў у сувязі з падрыхтоўкай правакацыі са зброяй. Ён распавёў пра гэта, адказваючы на пытанне аднаго з працаўнікоў прадпрыемства «Кронаспан», які пацікавіўся “прычынамі актывізацыі ў апошні час так званай пятай калоны і розных апазіцыйных структур”.

Пасля дадзенай заявы стала вядома пра затрыманні грамадзян, праведзеных спецслужбамі 21-22, а таксама 24 сакавіка. Паводле афіцыйнай заявы КДБ, па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па ч. 3 арт. 293 КК (навучанне або іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фiнансаванне або iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці) былі затрыманыя 26 грамадзян, сярод якіх актывісты «Маладога фронту» і былыя сябры арганізацыі «Белы легіён», якая спыніла сваю дзейнасць больш за 10 гадоў таму. Пазней, 25 сакавіка, МУС заявіла аб затрыманні яшчэ пяцярых падазраваных.

31 сакавіка стала вядома аб вызваленні як мінімум аднаго падазраванага, але з'явілася таксама інфармацыя аб затрыманні новага фігуранта.

На дадзены момант ПЦ «Вясна» не валодае поўнай інфармацыяй пра асобу ўсіх затрыманых у межах распачатай крымінальнай справы, іх месца знаходжання і працэсуальны статус. Ёсць звесткі аб чатырох асобах, якім прад'яўлены абвінавачанні па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса.

Варта адзначыць, што затрыманні дадзеных грамадзян адбыліся напярэдадні дэманстрацыі апазіцыі 25 сакавіка ў г. Мінску і суправаджаліся дэманстрацыяй тэлепраграм прапагандысцкага кшталту па нацыянальным тэлебачанні і нагнятаннем атмасферы страху ў грамадстве.

24 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі з некаторымі са сваякоў затрыманых у офісе ПЦ «Вясна» была распаўсюджаная сумесная заява праваабарончых арганізацый пра палітычна матываваны характар дадзенай крымінальнай справы.

28 сакавіка стала вядома, што актывіст узяты пад варту і пераведзены ў СІЗА МУС г. Мінска. Касінераву было прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства). Падставай прыцягнення да крымінальнай адказнасці стала акцыя-перфоманс, праведзеная ім 12 сакавіка каля будынка МУС у г. Менску. У ходзе перфоманса В. Касінераў накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога часоў Расійскай імперыі, пратэстуючы такім чынам супраць міліцэйскай беспакаранасці і пераследу актывістаў анархісцкага руху ў краіне.

Смяротнае пакаранне

17 сакавіка стала вядома аб вынясенні Гомельскім абласным судом першага смяротнага прысуду ў 2017 годзе ў дачыненні да 32-гадовага жыхара г. Нароўля Аляксея Міхалені.

Варта нагадаць, што на дадзены момант яшчэ двое асуджаных на смерць, Кірыл Казачок і Сяргей Вострыкаў, знаходзяцца ў СІЗА МУС у г. Мінску. Вынесеныя ў дачыненні да іх прысуды ўжо ўступілі ў законную сілу і ў любы момант могуць быць прыведзены ў выкананне.

Ціск на праваабаронцаў

Цягам месяца былі зафіксаваныя шматлікія факты аказання ціску на прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый і праваабаронцаў.

25 сакавіка падчас правядзення інструктажу валанцёраў-назіральнікаў за правядзеннем масавых мерапрыемстваў, у офіс ПЦ «Вясна», які дагэтуль знаходзіцца пад арыштам, уварваліся супрацоўнікі АМАП і, паклаўшы на падлогу ўсіх прысутных у офісе, ажыццявілі іх затрыманне. У выніку было затрымана больш за 50 валанцёраў, журналістаў і прадстаўнікоў замежных і міжнародных арганізацый. Сярод затрыманых апынуліся: Алег Гулак (старшыня РПГА Беларускі Хельсінкскі камітэт), Раіса Міхайлоўская, Людміла Кучура, Зміцер Дрозд (Беларускі дакументацыйнага цэнтр), Алесь Бяляцкі, Наста Лойка, Ірына Смяян-Семянюк, Сяргей Семянюк, Аляксей Лойка (ПЦ «Вясна») , Марыя Шышчанкова (Front Line Defenders), Яўгенія Андрэюк («Крым-SOS»). Аляксей Лойка ў выніку незаконнага прымянення да яго фізічнай сілы супрацоўнікамі АМАП быў шпіталізаваны з чэрапна-мазгавой траўмай.

Пяцёра праваабаронцаў — Л. Свецік, К. Мардзвінцаў (ПЦ «Вясна»), П. Левінаў, А. Яўсеенка, Э. Баланчук (БХК) — былі затрыманыя і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных сходах і падвергнуты арыштам, хоць у рэчаіснасці яны ажыццяўлялі назіранне за гэтымі акцыямі.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова выступалі з заявамі ў адрас беларускіх уладаў з патрабаваннем спыніць ціск на праваабаронцаў.

Свабода мірных сходаў

У сакавіку павялічылася пратэстная актыўнасць у гарадах Беларусі; улады адказалі на гэта рэзкім ростам рэпрэсій.

5 сакавіка ў Брэсце адбыўся «Марш недармаедаў». У гэты дзень адбыўся шэраг прэвентыўных затрыманняў палітыкаў і актывістаў, аднак мерапрыемства стала прыкметнай падзеяй. Пяці затрыманым прадстаўнікам анархісцкага руху былі вынесеныя спагнанні ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, іншыя актыўныя ўдзельнікі былі пакараныя штрафамі. Пазней, 9 сакавіка, суд прызначыў актывісту з Бярозы Аляксандру Кабанаву адміністрацыйны арышт за ўдзел у гэтай акцыі.

Таксама адміністрацыйнымі арыштамі пакаралі суддзі удзельнікаў пікету ў ахоўнай зоне Курапатаў: Сяргею Пальчэўскаму, Дзмітрыю Дашкевічу прызначана па 3 сутак адміністрацыйнага арышту.

Канстатуючы пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікаў улады спыніць пераслед грамадзян краіны за рэалізацыю імі права на мірны пратэст і выказванне свайго меркавання.

10 сакавіка ў Маладэчне адбыўся «Марш недармаедаў». Калі ўдзельнікі сталі разыходзіцца, пачаліся жорсткія затрыманні: затрымалі і закінулі ў мікрааўтобус тварам у падлогу палітыкаў Анатоля Лябедзьку, Юрася Губарэвіча, Віталя Рымашэўскага, актывістку БХД Вольгу Кавалькову. Усіх даставілі ў Маладзечанскі РАУС. Затрыманыя і некаторыя іншыя ўдзельнікі Марша. Пасля Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька і Юрый Губарэвіч былі прысуджаныя да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Затрыманнямі скончылася таксама акцыя ў Воршы; там жа прэвентыўна затрымалі журналістаў і сустаршыню БХД Паўла Севярынца.

Акцыі пратэсту прайшлі 12 сакавіка ў Рагачове, Брэсце і Бабруйску.

13 сакавіка ў судах разгледжаны пратаколы на ўдзельнікаў гэтых акцый; многія ўдзельнікі пакараныя штрафамі, ёсць таксама пастановы аб арышце: арыштаваны на 15 сутак Павел Севярынец, на 13 і 14 сутак — Віктар Андрэеў і Васіль Бераснеў.

14 сакавіка прайшлі суды ў Гродне, Гомелі; 15 сакавіка працягнуўся пераслед удзельнікаў мірных сходаў у Магілёве, Гомелі, іншых гарадах.

15 сакавіка 2017 года ў Менску праходзіла акцыя пратэсту супраць Дэкрэта № 3 — «Марш недармаедаў». Нягледзячы на выключна мірны характар сходу, супрацоўнікамі спецслужбаў з ужываннем празмернага гвалту былі затрыманыя яго ўдзельнікі.

А ўжо 16 сакавіка па Беларусі пракацілася хваля судовых працэсаў у дачыненні да актыўных удзельнікаў Маршаў у розных гарадах. У Мінску ўсе затрыманыя ўдзельнікі Марша былі пакараныя адміністрацыйным арыштам.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) асудзілі разгорнутыя рэпрэсіі. Заклапочанасць у сувязі з інфармацыяй пра штрафы і затрыманні дзясяткаў удзельнікаў пратэстаў і праваабаронцаў у Беларусі выказаў 17 сакавіка дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Міхаэль Георг Лінк.

Між тым, напярэдадні 25 сакавіка — Дня Волі — суды працягвалі планамерна скарачаць колькасць патэнцыйных удзельнікаў акцыі: адміністрацыйнымі арыштамі караліся актывісты ва ўсіх рэгіёнах краіны.

25 сакавіка адбыліся вулічныя акцыі, прысвечаныя Дню Волі — гадавіне абвяшчэння БНР. Да гэтага дня ўлады сцягнулі ў г. Мінск вялікую колькасць узброеных супрацоўнікаў спецназа, АМАП і найноўшую тэхніку для разгону дэманстрацый; з раніцы ўвесь меркаваны раён збору ўдзельнікаў быў перакрыты і ачэплены міліцыяй.

Мінгарвыканкам, прапанаваўшы непасрэдна напярэдадні мерапрыемства адзіную пляцоўку для яго правядзення — парк Дружбы народаў —, заявіў аб незаконнасці правядзення сходу ў любых іншых раёнах горада.

Нягледзячы на выключна мірны характар мерапрыемства, многія яго ўдзельнікі былі затрыманыя з прымяненнем неапраўданай сілы; у ліку затрыманых апынуліся нават выпадковыя мінакі. Многія затрыманыя правялі доўгі час у чаканні афармлення затрымання пад адкрытым небам на тэрыторыі упраўленняў унутраных справаў, дзе ў іх дачыненні дапушчалася жорсткае і прыніжальнае абыходжанне.

Частка затрыманых была пасля фіксацыі даных адпушчаная, а астатнія, а таксама ўдзельнікі акцыі салідарнасці, якая прайшла 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, 27 траўня прайшлі праз судовы канвеер, дзе ім былі прызначаныя адміністрацыйныя спагнанні — штрафы і адміністрацыйныя арышты.

Па звестках ПЦ «Вясна», усяго ў адміністрацыйным парадку 27 сакавіка былі асуджаныя 178 чалавек: 145 у Мінску і 33 у рэгіёнах — у Бабруйску (3), Барысаве (2), Брэсце (1), Віцебску (11), Гомелі (14 ) і Полацку (2). У якасці пакарання назіральнікі налічылі 75 арыштаў і 93 штрафу. У тым ліку ў Менску — 57 арыштаў і 80 штрафаў (1 справа спынена, разгляд 2 перанесены, вынікі разгляду 5 невядомыя); у рэгіёнах — 18 арыштаў і 13 штрафаў (вынікі разгляду 2 справаў у Віцебску невядомыя). Мінімальны тэрмін арышту — 2 сутак, максімальны — 25. Мінімальны памер штрафу — 2 базавыя велічыні (46 BYN), максімальны — 80 базавых велічынь (1 840 BYN).

Акцыі пратэсту 25 сакавіка прайшлі і ў рэгіёнах. Пераслед актывістаў за рэалізацыю свайго права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў працягваецца; за сакавік яго ахвярамі, па дадзеных ПЦ «Вясна» сталі больш за 900 чалавек.

Пераслед журналістаў

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» распаўсюдзіла інфармацыю аб 123 парушэннях правоў журналістаў, звязаных з ажыццяўленнем імі сваёй дзейнасці.

Гаворка ідзе пра шматлікія беспадстаўныя затрыманні журналістаў, складанні пратаколаў за парушэнне правілаў вырабу прадукцыі СМІ па арт. 22.9 КаАП і па іншых падставах, змяшчэнне ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў да суда, прызначэнне розных па суме штрафаў або адміністрацыйнага арышту па пастанове суда. Так, адміністрацыйны арышт на розных падставах прызначаны васьмі журналістам.

Такі ціск на журналістаў стаў рэакцыяй уладаў на шырокае асвятленне імі ў СМІ ўзрослай з пачатку сакавіка пратэстнай актыўнасці беларускіх грамадзянаў.

31 сакавіка стала вядома пра ператрусы ў памяшканнях незалежнага тэлеканала «Белсат»; у выніку з офісаў канфіскавана аргтэхніка. Фармальнай падставай называецца правядзенне праверкі па факце незаконнага выкарыстання таварнага знака. Журналісты звязваюць рэпрэсіі ў дачыненні да тэлеканала з актыўным асвятленнем «Белсатам» сакавіцкіх акцый пратэсту ў Беларусі.

Жорсткае абыходжанне

21 сакавіка ПЦ «Вясна» прадставіў штогадовую справаздачу па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь; праваабаронцы зафіксавалі шматлікія парушэнні правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі, а таксама прадставілі свае рэкамендацыі для паляпшэння становішча ў гэтай сферы.

23 сакавіка суд Заводскага раёна г. Менска часткова задаволіў зыскі Жаны і Ірыны Пцічкіных — маці і сястры Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА-1 г. Менска па віне афіцэра МУС А. Крылова. З МУС спагнаныя матэрыяльная шкода (выдаткі на пахаванне) і кампенсацыя маральнай шкоды на карысць маці і сястры загінулага — 20 000 і 10 000 рублёў адпаведна.

У дачыненні да дзеянняў супрацоўнікаў АМАПа, якія жорстка затрымалі менскага доктара Дзмітрыя Сераду ў жніўні мінулага года, прызначаная чарговая праверка. Пра гэта гаворыцца ў адказе з пракуратуры Мінска на яго скаргу, датаваным 23 сакавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства