Разгон акцыі на Кастрычніцкай плошчы Фота Дапоўнена
26 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу сталіцы выйшлі людзі, каб выказаць пратэст супраць брутальных затрыманняў у Дзень Волі. Пратэстоўцаў пачалі затрымліваць яшчэ на падыходзе да плошчы.
На станцыі метро Кастрычніцкая затрымалі чатырох студэнтаў. Вядома, што сярод іх ёсць студэнцкі актывіст Крысціян Шынкевіч. Напярэдадні ён быў затрыманы разам з назіральнікамі на офісе ПЦ "Вясна" і пасля вызвалення звяртаўся ў шпіталь.
Тым часам на самой Кастрычніцкай плошчы АМАП і міліцыянты ў гукаўзмацняльнік запатрабавалі ад людзей разыйсціся і паграджалі прымяненнем фізічнай сілы.
У 12:15 пачаліся затрыманні.
Затрыманая праваабаронца Таццяна Рэвяка. Разам з ёй у аўтазак пасадзілі яшчэ 9 чалавек. Вядомыя наступныя імёны: Алена Герасіменка, Дзмітрый Жывіцкі, Дзмітрый Іванавіч Васільчанка, Аляксандр Кудзін, Валянцін Карзнікаў, Антон Твардоўскі, Дзмітрый Кухцін, Таццяна Шамчук. Сярод іх ёсць дакладна адзін непоўнагадовы - Андрэй Рачок.
Затрыманых "пакуюць" у аўтазакі, таксама у раёне плошчы стаяць сінія аўтобусы.
Пасля зачысткі плошчы, назіральнікі фіксуюць затрыманні на праспекце на ўваходзе ў метро ля ўніверсама "Цэнтральны" і далей ў напрамку да рэстарана McDonald's. На людзей палююць у дварах дамоў.
АМАП загадаў закрыць уваход на станцыю метро "Кастрычніцкая". Людзі распавядаюць, што бачылі затрыманні і ў раёне Нямігі, там людзей запіхвалі ў аўтобус.
Вядомыя імёны новых затрыманых: кіраўнік Арт-Сядзібы Павел Белавус і яго цяжарная жонка Кацярына Маковіч (пазней яе адпусцілі), Мікіта Краснакуцкі, Раман Пратасевіч, Стась Карпаў, Аляксандр Ганчаронак (ці Ганчарэнка),маладзечанскі блогер Руслан Кісялёў, Клім Буры, Ляўко, Антон Перавёртаў, Іван Лўтаў.
З'явілася інфармацыя, што Павел Белавус быз дастаўлены ў Ленінскі РУУС (і верагодна там утрымліваюць і іншых затрыманых), а пазней пераведзены ў ЦІП на Акрэсціна. У ЦІПе таксама знаходзяцца Крысціян Шынкевіч і Мікіта Краснакуцкі.
У Цэнтральным РУУСе, куды была дастаўлена Таццяна Рэвяка, чалавек 20 затрыманых паставілі тварам да сцяны наўпрост у двары. Пазней праваабаронцу, а таксама Алену Герасіменка, Таццяну Шамчук, Руслана Кісялёва і шмат іншых затрыманых вызвалілі.