Праваабаронца “Вясны” Таццяна Рэвяка на волі
Праваабаронца "Вясны" і прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека Таццяна Рэвяка паведаміла акалічнасці свайго затрымання:
"У аўтазаку нас адвезлі ў Цэнтральны РУУС Мінска, дзе паставілі тварам да сцяны і загадалі падняць рукі і прыкласці іх да сцяны. Пазней мне, як жанчыне, дазволілі апусціць рукі. Так прайшло больш за 3 гадзіны. Я налічыла прыкладна 20 чалавек, у асноўным юнакі. Затым пачалі фатаграфаваць у анфас і профіль".
Таццяна Рэвяка распавяла, што жанчына ў форме папрасіла яе падпісаць паперы аб тым, што яна з’яўляецца асобай, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Таццяна катэгарычна адмовілася, паколькі ад часу затрымання прайшло больш за тры гадзіны і ніхто не патлумачыў, у чым яна абвінавачваецца.
Супрацоўніца міліцыі, схаваўшы паперы, вывела яе з РУУСа на ганак і сказала “Ідзіце!”. Разам з ёй адпусцілі яшчэ дзвюх дзяўчат - Алену Герасіменку і Таццяну Шамчук.
Ці будзе складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння і па якім артыкуле - Рэвяка не ведае.
Праваабаронца таксама паведаміла, што астатніх затрыманых пакуль што апытваюць у Цэнтральным РУУСе. Сярод тых, хто там застаецца, яна назвала журналіста "Белсата" Алеся Залеўскага.
Нагадаем, 26 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу сталіцы выйшлі людзі, каб выказаць пратэст супраць брутальных затрыманняў у Дзень Волі. Пратэстоўцаў пачалі затрымліваць яшчэ на падыходзе да плошчы.