viasna on patreon

Заява Камітэта міжнароднага кантроля за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі з нагоды затрымання праваабаронцаў і назіральнікаў

2017 2017-03-27T18:37:34+0300 2017-03-27T20:19:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/missija-znak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міжнародная назіральная місія Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі

Міжнародная назіральная місія Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі

Заява "Аб затрыманні праваабаронцаў і грамадзянскіх назіральнікаў у Мінску 25 сакавіка перад акцыяй з нагоды "Дня волі"

25 сакавіка 2017 года каля 13:00 у офісе Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Мінску, дзе павінен быў праходзіць інструктаж грамадзянскіх назіральнікаў на масавым мерапрыемстве з нагоды "Дня волі", з'явіліся супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, а затым яго заблакаваў АМАП.

Прысутныя ў офісе праваабаронцы і грамадзянскія назіральнікі былі сфатаграфаваныя, грамадзяне іншых дзяржаў былі адведзены ў асобны пакой, дзе ў іх былі перапісаныя пашпартныя дадзеныя.

У выніку ўсе прысутныя - не менш за 58 чалавек - былі затрыманыя і дастаўлены на тэрыторыю Першамайскага РУУС Мінска без тлумачэння прычынаў і прад'яўлення абвінавачванняў.

Сярод іх кіраўнікі, супрацоўнікі і ўдзельнікі беларускіх праваабарончых арганізацый і ініцыятыў - Праваабарончага цэнтра "Вясна", Беларускага Хельсінкскага Камітэта, Беларускага дакументацыйнага цэнтра, грамадзянскія назіральнікі, акрэдытаваныя БХК. У прыватнасці - Наста Лойка, Алег Гулак, Раіса Міхайлоўская і іншыя. А таксама міжнародныя праваабаронцы і грамадзянскія назіральнікі з Расіі, Францыі і іншых краін, у тым ліку, прадстаўнікі расійскай Аб'яднанай групы грамадскага назірання (ОГОН), міжнародных арганізацый Frontline Defenders і International Partnership for Human Rights). У прыватнасці - Марыя Шищенкова, Мікалай Крэтаў, Раміла Губайдуліна, Віялета Багдасаран і Міхаіл Лебедзеў.

У РУУС у іх перапісалі персанальныя дадзеныя (ПІБ, нумары тэлефонаў, адрасы рэгістрацыі), правялі дагляд. Фота- і відэатэхніку забралі і склалі асобна, тэлефонамі карыстацца забаранілі. У афіцыйным паведамленні прадстаўнікі РУУС факт затрымання адмаўлялі. Каля 15:30 усіх адпусцілі. Адзін з затрыманых назіральнікаў з Першамайскага РУУС дастаўлены ў бальніцу з чэрапна-мазгавой траўмай, бо быў збіты пры затрыманні.

Паколькі праваабаронцы і грамадзянскія назіральнікі былі затрыманыя непасрэдна перад пачаткам рэзананснага публічнага мерапрыемства, відавочна, што ўлады спрабавалі перашкодзіць выкананню назіральнікамі праваабарончай функцыі па маніторынгу захавання стандартаў свабоды мірных сходаў і зборы інфармацыі аб ходзе правядзення мерапрыемства для надання яму большай публічнасці.

У сувязі з тым, што адбылося, Міжнародная назіральная місія:

- Нагадвае, што, згодна з Кіруючымі прынцыпамі БДІПЧ АБСЕ па свабодзе мірных сходаў і іншымі міжнароднымі нормамі, грамадзянскія назіральнікі падчас правядзення мірных сходаў не з’яўляюцца ўдзельнікамі якога-небудзь сходу, а выконваюць важную функцыю па маніторынгу захавання правоў чалавека, прадухіленні магчымага гвалту з боку праваахоўных органаў, удзельнікаў сходу і трэціх асобаў, а таксама фіксацыі парушэнняў з усіх бакоў;

- Лічыць, што дадзеныя дзеянні праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь відавочным чынам супярэчаць міжнародным абавязальніцтвам дзяржавы ў сферы забеспячэння свабоды мірных сходаў і дэкларуемым мэтам уладаў па забеспячэнні бяспекі і правапарадку ў ходзе правядзення масавага мерапрыемства;

- Звяртае ўвагу на тое, што неабгрунтаванае затрыманне (часовае пазбаўленне волі) удзельнікаў праваабарончых арганізацый і ініцыятыў з'яўляецца перашкодай у праваабарончай дзейнасці і грубым парушэннем абавязальніцтваў дзяржавы ў галіне правоў чалавека;

- Заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь:

а) устрымацца ад падобных дзеянняў у далейшым і забяспечыць праваабаронцам і грамадзянскім назіральнікам бесперашкодную магчымасць ажыццяўляць назіранне на публічных акцыях;

б) забяспечыць належнае расследаванне выпадкаў гвалту ў дачыненні да назіральнікаў і праваабаронцаў.

25 сакавіка 2017 года

Кіраўнік Місіі Андрэй Юраў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства