У Мінску затрымалі двух былых актывістаў патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён"
Увечары 21 сакавіка былі затрыманыя супрацоўнік выдавецтва "Кнігазбор" Міраслаў Лазоўскі і яго сябар Андрэй Дундукоў, якія раней былі актывістамі моладзевай патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая зараз не існуе, піша БелаПАН.
Пра затрыманне ў Мінску Міраслава Лазоўскага БелаПАН паведаміла яго сяброўка, грамадска-культурная актывістка Ніна Шыдлоўская. Яна сказала, што прыблізна ў 20:00 яго, моцна збітага, прывялі дадому людзі ў цывільным адзенні з маскамі на тварах. У доме правялі вобыск. Паводле інфармацыі сяброўкі затрыманага, яго "моцна білі па твары, у яго пабітая патыліца, якія пашкоджанні пад адзеннем — ніхто не ведае".
"Вобыск доўжыўся дзве гадзіны, ніякіх папер не пакідалі, — сказала яна. — Яго нявеста спытала ў гэтых людзей, ці звязана гэта з той фэйкавай улёткай [з заклікам да актыўнага супрацьстаяння з уладамі на Дзень Волі], якую распаўсюдзілі ў сацсетках нібыта ад імя "Белага легіёну". Яны пацвердзілі, што звязана".
Пасля вобыску невядомыя павезлі Лазоўскага. Дзе ён знаходзіцца цяпер, сябры і сваякі не ведаюць.
"Мы зараз займаемся адвакатам, каб дапамагчы яго адшукаць, таму што ні ў адным РУУС, як кажуць, яго няма. На Акрэсціна (мінскі цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. — БелаПАН.) яго таксама няма", — сказала Шыдлоўская.
Пра затрыманне яшчэ аднаго былога актывіста "Белага легіёну" Андрэя Дундукова Шыдлоўская даведалася, калі тэлефанавала людзям у пошуках Лазоўскага.
"Яго забралі пасля восьмай гадзіны вечара. Я шукала Міраслава, абзвоньвала людзей, а ў Андрэя ў гэты час ужо быў адключаны тэлефон, яго жонка Аня трубку не здымала. Як потым высветлілася, як раз у гэты час яго бралі. Яны з жонкай і маленькім дзіцем ехалі на адпачынак, як я зразумела, ва Украіну, хацелі адпачыць у гарах. Машыну спынілі на мяжы, Андрэя забралі. Аня з дзіцем здолелі вярнуцца ў Мінск толькі блізу шостай гадзіны раніцы", — сказала Шыдлоўская.
Як паведамлялася раней, пасля цырымоніі ўручэння прэмій "Дэбют" Беларускага ПЭН-цэнтра вечарам 21 сакавіка на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску невядомыя затрымалі распаўсюджвальніка беларускамоўных кніг Алеся Яўдаху. Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, яго затрымалі паводле падазрэння ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Праваахоўныя органы пакуль не каментуюць гэтыя затрыманні.
21 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра затрыманне баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй. Ён расказаў пра гэта, адказваючы на пытанне аднаго з працаўнікоў прадпрыемства "Кранаспан", які пацікавіўся "пра прычыны актывізацыі ў апошні час так званай пятай калоны і розных апазіцыйных структур".
"Як паказала рэчаіснасць, яны не спалі (асобныя), яны паціху рыхтаваліся на выпадак, выбіралі момант", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах са зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў. Астатнія лагеры — ва Украіне. Па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але недзе там). Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй".
Лукашэнка паабяцаў, што пазней грамадскасці будзе прадстаўлена больш шырокая інфармацыя аб гэтым факце. Ён таксама расказаў пра тое, як праваахоўнікам удалося даведацца пра існаванне гэтых планаў.
"Дзякуй, што ёсць беларусы і беларускі сапраўдныя, якія, будучы за мяжой — у Еўрасаюзе, — папярэдзілі нас. Жанчына прыйшла ў пасольства і папярэдзіла, афіцыйна напісала ліст: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы", — заявіў афіцыйны лідар.
Паводле слоў Лукашэнкі, цяпер трэба будзе дэталёва разабрацца, "адкуль паступалі грошы, хто займаўся падрыхтоўкай, з якіх краін прыехалі адпаведныя людзі".