Суды над удзельнікамі акцый пратэсту і журналістамі праходзяць у Оршы, Бабруйску, Берасці, Гомелі Дапоўнена
У Воршы 13 сакавіка праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў затрыманых у нядзелю пад час выканання прафесійных абавязкаў пасля маршу недармаедаў журналісткі Радыё “Свабода” Галіны Абакунчык, журналіста-фрылансера Кацярыны Бахвалавай і журналіста Віктара Андрэева. Іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі і да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Справы разглядае суддзя Ірына Кохава. Будуць судзіць і іншых затрыманых учора ўдзельнікаў акцыі пратэсту.
Усяго пад час выканання сваіх прафесійных абавязкаў супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Оршы, Рагачове і Берасці 18 журналістаў і блогераў. Большасць з іх была адпушчаная праз 3 гадзіны.
Дзяжурны па ізалятары часовага ўтрымання паведаміў, што затрыманых даставяць у суд пасля 11-й. Па інфармацыі аршанскіх праваабаронцаў суд над Бахвалавай пачнецца ў14-15.
Разгляд справы Паўла Севярынца пачнецца ў 15 гадзін. Суддзя Таццяна Рыбакова, сведка з боку міліцыі- начальнік аператыўна-дзяжурнай службы Павел Чарняўскі. Суд над Паўлам завяршыўся пасля 18 гадзін. Яго прысудзілі да 15 сутак арышту.
Зараз судзяць журналіста з Віцебску Віктара Андрэева. Суддзя Іна Кохава выносіць пастанову: браў удзел у неснкцыянаваным масавым мерапрыемстве, 13 сутак арышту.
У суд даставілі таксама Ігара Міхасёва. Справу разглядала суддзя Алеся Дранькова. Пастанова - штраф 30 базавых велічынь.
На чарзе справа мясцовага актывіста, які выступаў учора на мітынгу, Васіля Бераснева. Суддзя, які разглядае справу - Ігар Палякоў. Актывіст заявіў адвод суду з тае прычыны, што не давярае беларускаму правасуддзю. Суддзя адвод адхіліў і пастанавіў пакараць яго арыштам на 14 сутак.
Журналістка Радыё “Свабода” Галіна Абакунчык аштрафаваная на 25 базавых велічынь за пераход вуліцы ў неўстаноўленым месцы і непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы - супрацоўніка міліцыі. Пастанову вынес суддзя Мікалай Драгуноў.
Удзельніку акцыі Андрэю Юркову - 2-е сутак арышту. Суддзя - Мікалай Драгуноў.
Супрацоўнікі завялі ў судовую залу Кацярыну Бахвалаву, але не дазволілі нікому, у тым ліку мужу журналісткі, зайсці ўслед. Пазней суддзя адмяніла сваё рашэнне. Суд выклікаў сведку Чарняўскага, кіраўніка аператыўнай службы РАУС. Кацярына падлавіла сведку на несупадзенні інфармацыі з пратаколу і сведчаннямі сведкі. Сведак кажа, што на просьбу выключыць тэлефон Кацярына адказала “так, зараз”, аднак у пратаколе напісалі “катэгарычна адказала”. Журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) абвінавачваюць па артыкулах 22.9 "Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі", 23.34 "Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" і 23.4 "Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовых асобаў" Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Дзяўчыне прысудзілі 690 рублёў штрафу: 115 рублеў па артыкуле 23.34 і 23.4 і 575 рублёў за артыкул 22.9
Ігара Грышанава на суд не прывезлі. Учора яго затрымалі задоўга да акцыі на аўтазапраўцы, а перад 12 сакавіка Грышанава запрашалі ў РАУС па тэлефоне. Грышанаў дагэтуль знаходзіцца ў ІЧУ, яго чакае допыі і магчыма - узбуджэнне крымінальнай справы па іншым артыкуле.
У Берасці ў панядзелак будуць судзіць ўдзельнікаў Марша недармаедаў: Андрэя Дзенюшкіна, Руслана Халікава, Дзмітрыя Ляўчука, Уладзіміра Асінчанка і Косцю Копаця, а таксама народных рэпарцёраў, блогераў Дзмітрыя Гарбунова і Сяргея Пятрухіна. Зараз яны ўсе ў ІЧУ Паўночнага гарадка (Берасце). Суды пачынаюцца ад 9:30.
Адміністрацыйныя справы затрыманых удзельнікаў акцыі разглядае суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянюк. Справа блогера Дзмітрыя Гарбунова перанесеная на 14 сакавіка, паколькі той запрасіў адваката. Такое ж рашэнне прынятае па справе Сяргея Пятрухіна. Суды адбудуцца заўтра ў 9-30 і 10-00 адпаведна.
Андрэя Дзенюшкіна, Руслана Халікава, Дзмітрыя Ляўчука пакаралі арыштам на 5 сутак кожнага па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).
Суд над Уладзімірам Асінчанка перанесены на 17 сакавіка (10 гадзін раніцы).
Данілу Палянскага за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП) прысудзілі да штрафу ў 10 базавых велічынь.
Студэнта Канстанціна Копаця прысудзілі да арышту на 15 сутак.
Суды ў Бабруйску яшчэ не пачаліся, верагодна затрыманых даставяць у суд у другой палове дня. Вядома, што пратаколы складзеныя на чатырох удзельнікаў акцыі пратэсту, якія былі затрыманыя ўначы з 10 на 11 сакавіка ў Бабруйску. Гэта Максім Буйніцкі і Аляксей Раманаў, якіх змясцілі да суду ў Першамайскім РАУСе Бабруйску. Таксама вядома пра затрыманых Максіма Лубінскага і Вольгу Аўдзейчык.
Каля 13 гадзін у суд прывезлі Максіма Буйніцкага. Ён паведаміў, што абвясціў галадоўку. Справу па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) разглядае суддзя Гормаш. Ён перанёс судавое паседжанне на 16 сакавіка, паколькі Буйніцкі запатрабаваў адваката. Стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі зараз складаюць пратакол і па арт. 23.34 (парушэнне арганізацыі правядзення масавага мерапрыемства).
Максіму Лубінскаму, якога затрымалі вечрам 10 сакавіка, далі 5 сутак арышту за нібыта дробнае хуліганства.
У судзе над Аляксеем Раманавым абвешчаны перапынак да 14 сакавіка, працяг у 16-00.
У Гомелі сёння вядомы гомельскі блогер Максім Філіповіч, які «засвяціўся» на акцыях пратэсту супраць дэкрэту № 3 атрымаў завочна ў судзе Цэнтральнага раёна13 сутак арышту.
Актывіста незалежнага прафсаюза РЭП Віктара Рубцова асудзілі на 14 сутак арышту. Его абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу ў Гомелі, на якім гамяльчане патрабавалі адмены Дэкрэта №3. Суд адбываўся завочна.
Правабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай, у якрй заклікае ўлады спыніць пераслед грамадзян краіны за рэалізацыю імі права на мірны пратэст і выказванне свайго меркавання.