viasna on patreon

Заклікаем улады спыніць пераслед грамадзян за рэалізацыю імі права на мірны пратэст і выказванне свайго меркавання

2017 2017-03-11T09:43:52+0300 2017-03-13T16:21:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Мінск, 11 сакавіка 2017 г.

Заява

Правабарончы цэнтр “Вясна” заклікае ўлады спыніць пераслед грамадзян краіны
за рэалізацыю імі права на мірны пратэст і выказванне свайго меркавання

На працягу першай паловы сакавіка 2017 г. у шматлікіх гарадах краіны прайшлі масавыя пратэсты грамадзян супраць прымянення Дэкрэта прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, а таксама эканамічнай палітыкі ўрада. Асноўнымі патрабаваннямі пратэстоўцаў былі адмена Дэкрэта № 3, выкананне сацыяльных і эканамічных правоў і забеспячэнне належнага эканамічнага ўзроўню жыцця. Варта адзначыць, што ўсе гэтыя пратэсты мелі выключна мірны характар і не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва.

Нягледзячы на прыпыненне ўладамі дзеяння Дэкрэта № 3 на адзін год, у бліжэйшыя дні і тыдні ў Мінску ды іншых гарадах Беларусі адбудуцца запланаваныя раней акцыі пратэсту.

Адказам уладаў на вулічныя акцыі пратэстаў стала ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў.

У першыню са жніўня 2015 года намі былі зафіксаваныя факты адвольных затрыманняў грамадзянскіх актывістаў і прадстаўнікоў апазіцыі ў мэтах недапушчэння іхняга ўдзелу ў акцыях пратэсту, вобшукі ў прыватных памяшканнях і офісах апазіцыйных сілаў і незалежных няўрадавых арганізацыяў. Адміністратыўным арыштам тэрмінам ад трох да пяці сутак за ўдзел у мірных акцыяй пратэсту былі падвергнутыя больш за 10 чалавек. Гэтая лічба рэпрэсаваных грамадзянскіх і палітычных актывістаў павялічваецца літаральна кожны дзень.

Асаблівую занепакоенасць у нас  выклікае пераслед гомельскіх праваабаронцаў, сябраў Праваабарончага цэнтру “Вясна” Леаніда Судаленкі і Анатоля Паплаўнага, а таксама пагрозы, агучаныя супрацоўнікамі міліцыі ў бок сябра ПЦ “Вясна” з Брэста Уладзіміра Вялічкіна. ПЦ “Вясна” лічыць недапушчальным пераслед праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі мірнай дзейнасці па абароне правоў іншых асобаў, якая павінна гарантавацца дзяржавай у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праве і абавязках асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, зацверджанай рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеяй ААН ад 9 снежня 1998 года.

Праваабрончы цэнтр “Вясна” канстатуе пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і заклікае ўлады Беларусі:

  1. Для вырашэння спрэчных і канфліктных пытанняў пачаць перамовы з шырокай грамадзянскай супольнасцю;
  2. Не дапусціць масавых рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбудуцца ў бліжэйшы час у краіне;
  3. Неадкладна спыніць пераслед удзельнікаў мірных акцый пратэсту супраць Дэкрэта № 3 і забяспечыць грамадзянам краіны права на свабодны ўдзел у мірных сходах і выказванне свайго меркавання;
  4. Неадкладна вызваліць усіх грамадзян, арыштаваных за рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека;
  5. Спыніць іншыя формы ўціску на прадстаўнікоў апазіцыйных партый, рухаў, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства