viasna on patreon

Напярэдадні “Маршу недармаедаў” 15 cакавіка людзей кідаюць за краты Дапоўнена

2017 2017-03-15T15:10:00+0300 2017-03-15T21:15:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kraty-6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 сакавіка плануецца шэраг "Маршаў недармаедаў" у гарадах Беларусі. Аднак, міліцэйскі і судовы канвеер няспынна працуе, каб скараціць колькасць патэнцыйных удзельнікаў акцыяў.

Як паведамляюць праваабронцы з Магілёва сёння таемна – на стэндах не было ніякай інфармацыі пра суд – асудзілі да 15 сутак арышту актывіста АГП Уладзіміра Шанцава.

Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў
Уладзімір Шанцаў

Нагадаем, 14 сакавіка на 14.00 яго выклікалі ў Ленінскі РУУС г. Магілева, там склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і адвезлі ў суд. Аднак, суд прызначыў разгляд толькі на 15 сакавіка.

Тым часам у Мінску ўвечары 14 сакавіка быў затрыманы актывіст анархічнага руха Яўген Шыманскі. Пра гэта паведаміў  яго знаёмы, якога актывіст паспеў папярэдзіць.

Сёння стала вядома, што Яўгена Шыманскага таксама асудзілі да 15 сутак арышту. Пра гэта паведамілі супрацоўнікі Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Судзіў Валеры Есьман.

У Гомелі а шостай раніцы 15 сакавіка з прымяненнем грубай фізічнай сілы быў затрыманы актывіст АГП Уладзімір Няпомняшчых.

“Мяне схапілі на вуліцы пераапранутыя супрацоўнікі АМАПу, якія дзейнічалі як бандфармірванне. Яны мяне збівалі, выкручвалі рукі, травілі балончыкам”, - распавёў па тэлефоне актывіст журналістам БелаПАН.

Уладзімір Няпомняшчых
Уладзімір Няпомняшчых

Зараз ён знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС г. Гомеля, дзе на яго складаецца пратакол за хуліганства.

Актывіста АГП Уладзімера Няпомняшчых будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну Гомеля. На яго былі складзеныя пратаколы за непадпарадкаваньне міліцыі і хуліганства. Суд вынес рашэнне арыштаваць актывіста на трое сутак і аштрафаваць на 25 базавых велічынь па сукупнасці правапарушэнняў.

Як паведамляе Радыё Свабода, на гомельскага блогера Максіма Філіповіча складзены яшчэ адзін пратакол. На гэты раз — за ўдзел у акцыі «Марш недармаедаў» у Брэсце 5 сакавіка.

Пра гэта Філіповіч змог паведаміць сваёй маці праз тэлефон. Блогер знаходзіцца ў турме, 13 сакавіка ён быў асуджаны на 13 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3, якая адбылася ў Гомелі 19 лютага.

Разгляд справы адбудзецца ў судзе Савецкага раёна г. Гомеля.

Затрыманага ўчора Аляксандра Кабанава зараз таксама ўтрымліваюць ў ІЧУ. Яго павязуць у суд Бярозаўскага раёна на разгляд адміністрацыйнай справы, калі вызваліцца суддзя.

Пасля абеду над актывістам распачалося судовае паседжанне, піша "Свабода". Са словаў Кабанава, ён нават не азнаямляўся з пратаколам і не ведае, за што яго будуць судзіць гэтым разам. Актывіст паведаміў, што запатрабаваў адваката. Суддзя вынесла рашэнне аб пераносе паседжання на 12 гадзін 21 сакавіка. Цяпер Кабанаў на волі.

Па дарозе з Барысава ў Мінск сілавікі спрабавалі выцягнуць з маршруткі актывістку Ганну Скачок.

У Маладзечна да актывіста Алеся Абрамовіча ў 11 гадзін 15 сакавіка на кватэру прыйшлі супрацоўнікі РАУС.

Каля 15-00 у Маладзечна на чыгуначным прыпынку "Фэстывальны" супрацоўнікамі РАУС Паўлам Сасновічам і Сяргеем Мацюшонкам быў затрыманы Алесь Абрамовіч, высадзілі яго на станцыі Аляхновічы па прычыне таго, што ён нібыта падобны да чалавека, які здзейсніў забойства. Яго адвезлі назад у Маладэчна і толькі вечерам выпусцілі дамоў.

Алесь Абрамовіч. Фота licviny.info
Алесь Абрамовіч

У Маладзечна з раніцы прыносяць позвы з РАУС мясцовым актывістам, дзе час візіту прызначаецца на 16-00.

У Гароднi пачалiся паляваннi на журналiстаў i грамадскiх актывiстаў, паведамляюць мясцовыя праваабронцы.
Так, у сваёй кватэры фактычна заблакаваны журналiст Белсату Аляксей Кайрыс: яму не даюць нават выйсцi на вулiцу, пагражаючы затрыманнем. Як паведамiў гарадзенскi грамадскi актывiст Анатоль Мышкевiч ля яго пад'езду дзяжурыць бус з невядомымi.

Акрамя таго, мiлiцыя пачала выклiкаць актывiстаў на нiбыта дачу нейкiх тлумачэнняў. Выклiкаюць на той час, калi прызначаны мiтынг. Ужо ў РУУС хочуць бачыць Аляксандра Абуховiча якому ўчора далi штраф.

Журналісту Hrodna.life Руслану Кулевічу пазванілі супрацоўнікі міліцыі і запрасілі на 15.45 на размову ў Ленінскі РАУС Гродна. Нібыта са Следчага камітэту прыйшло даручэнне дапытаць яго як сведку па справе размаляванага моста ў Каложскім парку, паведамляецца на сайце. 

У Баранавічах за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся 26 лютага, судзяць Мікалая Чарнавуса старэйшага (БНФ), Мікалая Чарнавуса малодшага (АГП), актывістаў Барыса Шырынгу, Міхаіла Стрэльчыка, Яўгена Жураўскага, паведамляе Радыё "Свабода".

З гэтых пяці чалавек на суд зьявіліся толькі Мікалай Чарнавус малодшы і Барыс Шырынга. У часе паседжання праглядалі відэаматэрыялы з акцыі. Суд абвясьціў перапынак да 14.15.

Мікалая Чарнавуса малодшага асудзілі па ч.1 ст. 23.34 КаАП да 12 сутак арышту. Падчас суду малодшаму Чарнавусу стала кепска, яго забрала «хуткая дапамога».

Суд над Чарнавусамі за акцыю каля падатковай інспэкцыі, якая адбылася 6 лютага, перанесены на 14.30 20 сакавіка.Суддзя Аксана Копач.

Мікалая Чарнавуса старэйшага ад будынку суду ў Баранавічах звезлі невядомыя ў цывільным, запіхнуўшы ў опель чырвонага колеру.

Праваабаронца Сяргей Гоўша патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што на яго вачах скралі чалавека. У адказ на гэта дзяжурны сказаў, што Мікалай Чарнавус ужо знаходзіцца ў іх, нібыта яго забралі на гутарку. Праваабаронца мае намер абскардзіць дзеянні міліцыянтаў у цывільным у пракуратуру.

Барыса Шырынгу і Міхаіла Стрэльчыка асудзілі да штрафаў у 15 базавых велічынь кожнага.

Радыё "Свабода" паведамляе, што аднаго з магілёўскіх заяўнікаў сённяшняга «Маршу недармаедаў», сябра руху «За свабоду» Аляксандра Сілкова завезлі ў пастарунак. Ён кажа, што чакае прафілактычнай гутаркі.

Да светлагорскага блогера Генадзя Жулегі прыходзілі ўвечары 14 сакавіка супрацоўнікі міліцыі, расшуквалі яго, запытвалі ў суседзяў, як яго можна знайсці. Сам блогер у гэты час дома не быў, а ў акцыях пратэсту супраць дэкрэту №3 увогуле не ўдзельнічаў, аднак адкрыта выказваўся на гэты конт у інтэрнэце.

Апошні з чатырох арганізатараў магілёўскага «Маршу недармаедаў», першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў заяўляе, што ён блакаваны ў кватэры. Паводле яго словаў, пад домам стаіць мікрааўтобус з супрацоўнікамі АМАП. Адзін з міліцыянтаў знаходзіцца ў падʼездзе. Актывіст спасылаецца на паведамленьні суседзяў пра «засаду», а таксама на словы жонкі, якая падыходзіла да мікрааўтобуса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства