Акцыі пратэсту праходзяць у рэгіёнах Дапоўнена
Акцыі пратэсту супраць Дэкрэта №3 аб сацыяльным утрыманстве, якія трапна названыя "Маршамі недармаедаў", запланаваныя сёння ў Мінску, Гародні, Віцебску, Магілёве.
ГАРОДНЯ:
Гарадзенскія ўлады не далі афіцыйнага дазволу на правядзенне ў горадзе мітынга 15 сакавіка. Яго планавалася правесці ў парку Жылібера ў 18 гадзін. Мясцовыя актывісты заявілі аб тым, што акцыя пратэсту супраць Дэкрэта №3 аб сацыяльным утрыманстве ўсё адно адбудзецца.
Напярэдадні гарадзенскія ўлады вырашылі збіць пратэстны настрой гарадзенцаў масавымі судовымі працэсамі. 14 сакавіка ў горадзе суды вынеслі 12 пастаноў, караючы ўдзельнікаў папярэдняй акцыі штрафамі ды арыштамі.
hrodna.life паведамляе, што ў “парку Жылібера ў аўторак 14 сакавіка пачалася пазапланавая ўстаноўка камер відэаназірання. Іх усталёўваюць каля летняй пляцоўкі і вялiкага фантана. Верагодней за ўсё такім чынам службы рыхтуюцца да недазволенага ўладамі мітынгу недармаедаў супраць дэкрэту №3, якi мае адбыцца ў парку 15 сакавiка”.
Цягам дня за здымачнай групай „Белсата” у Гародні сачылі невядомыя, паведамляе Радыё Рацыя:
– Увесь дзень за групай тэлеканала „Белсат” сачылі невядомыя, адзін з журналістаў тэлеканала заблакаваны ў сваім пад’ездзе, яму не даюць выйсці з хаты. Грамадскі актывіст БСДП Анатоль Мышкевіч таксама заблакаваны дома невядомымі. Гарадзенскіх студэнтаў, што планавалі выйсці на акцыю, сёння прымусілі выходзіць на заняткі.
Пра сітуацыю ў Купалаўскім універсітэце распавядае адзін са студэнтаў, якога прымусілі выйсці на заняткі ў другую змену:
– Мне патэлефанавалі з універсітэта, тэлефанавалі вельмі доўга, пакуль быў у душы, пакуль быў на кухні. Падняў дамашні тэлефон, сказалі, што заўтра я не павінен прысутнічаць на мітынгу, а павінен знаходзіцца на занятках з 16:25 да 21:10. У адваротным выпадку буду адлічаны за пропускі заняткаў.
На вуліцу Будзёнага 48а, дзе офісы партыйцаў Гарадзеншчыны, прыехалі машыны з міліцыяй, пакуль сядзяць і назіраюць
Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заблакаваны пад Лідай па шляху ў Гародню.
У Гароднi за 15 хвілін да пачатку заяўленай акцыi у парку амаль пуста. Пераважна у парку Жылібера - журналiсты, назiральнiкi і яшчэ з дзесятак чалавек.
На пачатак акцыі ў 18-00 назіральнікі налічылі каля 130 чалавек.
У парку Жылібера сабралася каля 300 чалавек, але прамаўляць няма каму. Паведамляюць, што знікла сувязь з актывісткай Ірынай Давідовіч. Колькасць мітынгоўцаў паволі ўзрастае, зараз у парку каля 500 чалавек, некаторыя стыхійна прамаўляюць. Акцыя праходзіць без транспарантаў, сцягоў і плакатаў. Людзі дружна пляскаюць у ладкі.
Нарэшце з'явіўся мегафон і людзей заклікалі пайсці маршам да гарвыканкама, каб перадаць свае патрабаванні. Прадстаўнік АГП зачытвае рэзалюцыю, заклікае адмяніць дэкрэт №3, змяніць выбрачы кодэкс, калі ўлады адмовяцца выканаць патрабаванні, то будуць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі. Людзі пляскаюць у ладкі.
ДАІ затрымала аўтамабіль журналіста Белсату Алеся Залеўскага. Пакуль ДАІшнікі ня могуць сфармуляваць прэтэнзіі. Кажуць, што затрыманне звязанае з апэрацыяй "Пошук". Колькасць удзельнікаў акцыі на плошчы Леніна складае 800 чалавек. Мітынгоўцаў запрасілі прайсці ў гарвыканкам на размову, аднак чыноўнікаў абсвісталі. Выйшла намесніца старшыні гарвыканкама і кліча ўсіх на прыём да начальніка, кажа, што зала ўмяшчальнасцю 200 чалавек. Людзі не хочуць.
Мітынг на плошчы Леніна вядзе прадстаўнік АГП Аляксандр Лаўрэнцьеў. Абвешчаная хвіліна маўчання па загінуўшых жанчынах на Скідзельскім цукровым камбінаце. Прамоўцы кажуць, што наступны раз збяруцца на плошчы з віламі, патрабуюць адстаўкі прэзідэнта і вызвалення арыштаваных актывістаў.
У Гродна затрымалі лідэра абласной арганізацыі “Справядлівы свет” Паўла Станеўскага. Акцыя завяршылася. Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне яшчэ траіх чалавек, якія былі на мітынгу ў медыцынскіх масках.
Пасля акцыі ў Гародні знайшлася актывістка Ірына Давідовіч. Яе ў раёне абеду затрымалі на выхадзе з гатэля і трымалі ў пастарунку, пакуль не скончылася акцыя. Таксама знайшоўся Станеўскі. Яго затрымалі ля хаты, як ішоў на мітынг, пратрымалі да канца мітынгу і адпусцілі, паведаміўшы што ён падобны да нейкага бандыта. У Гароднi Аляксандра Абуховiча выпусьцiлi з РАУС, ён на волi
Затрымалі таксама Аляксандра Лаўрэнцьева, актывіста АГП, які найбольш выступаў на мітынгу. Яго павезлі ў Ленінскі РАУС.
ВІЦЕБСК:
“Марш недармаедаў” у Віцебску запланаваны на 16 гадзін. Удзельнікаў мітынгу запрашаюць збірацца на Плошчы Перамогі. На папярэдняй акцыі, якая адбылася ў Віцебску 26 лютага, міліцыя затрымала пяць чалавек.
Вядома таксама, што суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 21 сакавіка разгледзіць адміністрацыйную справу ў дачыненні да рэгіянальнага каардынатара БХК Тацьцяны Севярынец. Яе абвінавачваюць у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП).
Заяўка праваабаронцы Леаніда Свеціка на правядзеньне мітынгу 15 сакавіка не задаволеная. Спасылаючыся на палажэньні рашэньня гарвыканкаму №881 2009-га году, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна акцыю забараніла, хоць яна мусіла прайсьці на пляцоўцы, якую гарадзкія ўлады адмыслова адвялі пад масавыя мерапрыемствы.
Актывісту Партыі БНФ Канстанціну Смолікаву прыйшла позва з выклікам на 15.00 у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі. Па якой справе спатрэбіліся сьведчаньні, у позьве да сьледчага, падпалкоўніка юстыцыі Івана Дземідовіча нічога не сказана. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец таксама паведаміла, што да яе ў кватэру спрабуюць трапіць міліцыянты зь Першамайскага РАУС — нібыта з тым, каб перадаць нейкую позву. Пра гэта расказалі відавочцы, сама спадарыня Тацяна цяпер ня дома.
Заяўленая акцыя ў Віцебску фактычна не адбылася. У 16-00 на плошчы сабраліся праваабаронцы, журналісты актывісты апазіцыйных партый. "Дармаеды" на плошчу Перамогі не з'явіліся.
У 17-00 усе прысутнія разышліся. Але машыну ў якой знаходзілась здымачная група Белсату была затрымана супроўнікамі ДАІ з-за падазрэння, што машына журналістаў нібыта значыцца ва ўгоне. Журналістаў даставілі ў Кастрычніцкі РАУС г. Віцебска, - паведамляюць праваабаронцы з Віцебску.
Каардынатар Руху «За Свабоду» у Віцебскай вобласці Леанід Гаравы затрыманы нібыта за парушэнне правілаў дарожнага руху і дастаўлены ў Гарадоцкі РАУС.
МАГІЛЁЎ:
Магілёўскі гарвыканкам таксама адмовіў заяўнікам у «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка. Заяўнікамі маршу выступілі Алег Аксёнаў, Уладзімер Шанцаў, Алесь Сілкоў і Ігар Барысаў.
Аднак 14 сакавіка ўлады вырашылі нейтралізаваць партыйных актывістаў: Алег Аксёнаў судом быў арыштаваны на 15 сутак, Уладзімера Шанцава ўчора змясцілі да суда ў ІЧУ, а сёння прысудзілі 15 сутак арышту, Ігара Барысава затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск-2”. Перад пачаткам акцыі Ігара Барысава міліцыя заблакавала ў кватэры.
Прыкладна ў 15 гадзін актывіста руху «За свабоду» з Магілёва Алеся Сілкова затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў РУУС.
У Магілёўскім офісе БНФ невядомыя асобы залілі замкі уваходнай дзвяры клеем.
Марш недармаедаў ў Магілёве плануецца правесці ў 18 гадзін. Збор удзельнікаў ад дому па вуліцы Ленінскай, 29.
Па стане на 18-20 сабралася каля 300 чалавек.
Радыё Свабода перадае, што ў Магілёве ў "Маршы недармаедаў" бяруць удзел каля 500 чалавек. Арганізатары праз гукаўзмацняльнікі нагадваюць, што чыноўнікі праводзяць асабісты прыём.
Свабода перадае: Пасьля сканчэньня акцыі аднаго з удзельнікаў затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў і пасадзілі ў міліцэйскае аўта. Іншыя пратэстоўцы перагарадзілі дарогу і не даюць машыне ехаць. Такім чынам яны спрабуюць перашкодзіць затрыманьню.
У Магілёве на вулічную акцыю прыходзіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Яму крычалі "Сыходзь!". Ён адказваў, што не разумее, чаму яны пратэстуюць, дзеянне ж дэкрэта прыпыненае. У выніку дэпутат пайшоў пад агульны свіст.
Мітынг працягваўся да 19 гадзін. Назіральнікі налічылі каля 400 удзельнікаў. Яны прайшліся шэсцем да плошчы Зорак, да 300 чалавек. Пасля разыйшліся. Міліцыя пачала затрыманні тых, хто выступаў на мітынгу.
Вядома пра затрыманне Дзмітрыя Люнтава, Алены Крэнь (шматдзетная маці), Канстанціна Чарнова, Наталлі Шкадун, агулам зараз не менш 6 чалавек затрымана. Затрыманыя дастаўлены ў Ленінскі РАУС.
Сярод затрыманых таксама актывіст Алег Мяцеліца, Ігар Чарняк і чалавек сталага веку Аляксандр Нажэнка, які выступаў пра льготы чарнобыльцаў. Сёння да яго ў РАУС прыязджаў сын, аднак сыну не сказалі ніякай інфармацыі акрамя таго, што сёння яго не адпусцяць. Магчыма, што сярод затрыманых і Аляксандар Страх.