У офісах “Белсата” ў Мінску адбыліся ператрусы, канфіскаваная тэхніка Дапоўнена
У двух офісах тэлеканала “Белсат” у Мінску ідуць ператрусы. Пра гэта паведамляе прэс-служба БАЖ. Па папярэдняй інфармацыі, ператрусы санкцыянаваныя пракуратурай. У адным з офісаў на момант прыходу міліцыянтаў знаходзіўся журналіст Алесь Любянчук.
У праграмны офіс каля станцыі метро “Акадэмія навук” прыйшлі міліцыянты з прадпісаннем пракуратуры.
10:23 З белсатаўскага офісу забралі тэхніку – паведамляе журналіст Алесь Залеўскі.
Пра ператрусы стала вядома ад журналісткі тэлеканала Кацярыны Ткачэнка, якую міліцыянты не пусцілі ў памяшканне.
Генеральны прадзюсар каналу Аляксей Мінчонак кажа Свабодзе, што прычыну ператрусаў на «Белсаце» ня ведаюць, але на ператрусы ёсць ордэры Генпракуратуры.
Кіраўнік аддзелу інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі звязвае ператрусы з актыўным асвятленнем у эфіры і на сайце тэлеканалу акцый пратэсту супраць Дэкрэту №3 і разгону Дня Волі.
«Гэта раззлавала ўлады, бо мы яшчэ маем такі рычаг і магчымасць вывесці “карцінку” на экран, а не толькі паказаць у інтэрнэце. Цяпер улады намагаюцца абмежаваць інфармацыю пра пратэсты. Першыя сімптомы гэтага мы бачылі яшчэ ў першай палове сакавіка, калі пачалі затрымліваць нашых журналістаў. “Белсат” гатовы да гэткіх дзеянняў. Навіны на нашым тэлеканале будуць выходзіць нягледзячы ні на што», – падкрэсліў Дзікавіцкі.
У офісе «Белсату» на вуліцы Кастрычніцкай 6 затрымалі апэратара Аляксандра Любянчука, паведаміў падчас жывога эфіру Алесь Залеўскі.
Міліцыя патлумачыла, што «праводзіцца праверка па факце незаконнага выкарыстання таварнага знака»
Па інфармацыі "Нашай Нівы", у пачатку сакавіка 2017 года ў Першамайскае РУУС г. Мінска паступіла заява ад праваўладальніка таварнага знака «BELSAT» (зарэгістраваны грамадзянінам Беларусі ў 2001 годзе) аб сістэматычным парушэнні яго выключных правоў на аб'ект інтэлектуальнай уласнасці.
У выніку праведзеных праверачных мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі вызначана кола асоб, якія выкарыстоўваюць ўказаны таварны знак у парушэнне ст.9.21 КаАП Рэспублікі Беларусь (Парушэнне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасці). Для правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў па месцах іх знаходжання праведзена канфіскацыя аўдыё- і відэатэхнікі, камп'ютарнага абсталявання.