Сёння “недармаеды” выходзяць на вуліцы ў Бабруйску, Брэсце, Оршы і Рагачове Фота Відэа Дапоўнена
12 сакавіка акцыі пратэсту супраць прэзідэнцкага Дэкрэта №3 пройдуць у чатырох гарадах Беларусі. Напярэдадні мясцовыя ўлады паспрабавалі нейтралізаваць мяркуемых актыўных удзельнікаў і перашкодзіць асвятленню “маршаў недарамаедаў”: інфармацыя пра затрыманні, ператрусы і блакаванне актывістаў і журналістаў зранку прыйшла з Оршы, Брэста, Бабруйска.
У Бабруйску акцыя распачалася а 12-й гадзіне на плошчы Перамогі. На пачатак сабралася 200 – 300 чалавек. Мяркуючы па настроі, людзі выйшлі, каб найперш выказаць сваё абурэнне беспрацоўем, пагаршэннем узроўню жыцця і падзяліцца набалелымі праблемамі, якія гадамі не вырашаюцца ў парадку звароту да чыноўнікаў і ў суды.
Актывіст Яўген Васьковіч, які выступіў з гукаўзмацняльнікам, заклікаў адмовіцца ад палітычных лозунгаў і заявіць “Баста!” Дэкрэту №3 і дзянням уладаў. Таксама час ад часу людзі скандуюць “Не Дэкрэту №3”, “Лукашэнка, сыходзь!”, "Жыве Беларусь!". “Бабры – не рабы” – напісана на плакатах мітынгоўцаў.
Удзельнікі мітынгу асудзілі прэвентыўнае затрыманне лідара прафсаюза РЭП Галіны Смірновай, скандуючы "Свабоду Галіне Смірновай!".
Пасля завяршэння мітынгу затрыманняў зафіксавана не было. Па ацэнках мясцовых праваабаронцаў, у адрозненні ад мінулай акцыі, гэтым разам дзяжурылі шмат людзей у цывільным. Таксама гэтым разам над плошчай, дзе сабраліся мітынгоўцы, быў заўважаны дрон - ёсць, меркаванне, што такім чынам улады вырашылі глушыць інтэрнэт-сігнал, паколькі журналісты незалежных медыя вядуць анлайны з акцыі.
У Брэсце а 12-й гадзіне людзі пачалі ісці да плошчы Леніна. Там сабралася шмат людзей ў чорнай форме, на кожным куце па тры чалавекі, правяралі заплечнікі ў моладзі.
На 12-30 на плошчы Леніна сабралася каля 200 чалавек. Прыходзілі міліцыянты, папярэдзілі аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, але людзі не разышліся.
А 13-й гадзіне пачалося шэсце. Каля 100 удзельнікаў прайшлі па Пушкінскай вуліцы, далей выйшлі на Савецкую. На вуліцах назіральнікі налічылі каля 100 супрацоўнікаў у цывільным, многія з іх разгрупаваліся па дварах.
Каля 14.00 акцыя ў Брэсце скончылася. Людзі разыйшліся.
У Оршы збор "недармаедаў" быў абвешчаны а 13-й гадзіне. Да пачатку акцыі плошча Леніна па перыметры была ачэплена людзьмі ў цывільным, таксама шпацыравалі супрацоўнікі АМАПу.
Калі людзі сабраліся і пачаўся мітынг, у дынаміках на плошчы ўзмацніўся гук, выступоўцаў пачалі "глушыць" папсой. У выступоўцаў узмацняльнікаў гуку няма. Як і ў Бабруйску, над плошчай лётаў дрон.
Тым часам людзей усё более, назіральнікі налічваюць да 500 чалавек . “Лісоўскі, выйдзі да народа!”, "Нам не трэба твой дэкрэт, ты - галоўны дармаед", "Жыве Беларусь!" – выкрыквалі мітынгоўцы.
Удзельнікі мітынгу з плошчы пайшлі па вуліцы Леніна да гарадской адміністрацыі з лозунгамі "Жыве Беларусь!", "Не бойцеся!", "Салідарнасць!". Па ходу калона павялічвалася, удзельнікаў шэсця - ад 700 да 1000 па розных ацэнках.
З гарадской адміністрацыі да мітынгоўцаў выйшаў прадстаўнік Савета дэпутатаў і прапанаваў выказаць сваё незадаволенне ў залі. Людзі адмовіліся, глушылі яго выкрыкамі "Далоў". Пасля гэтага кардынатары мітынгу зачыталі свае патрабаванні, выступіў Павел Севярынец і на яго прапанову выказаўся мясцовы жыхар:
"Ганьба!", "Ганьба ўраду!", "Орша, уставай!", "Выбары!", "Жыве Беларусь" - скандавалі мітынгоўцы. Людзі патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі.
Прадстаўнік БХК Васіль Бераснеў параіў аршанцам у выпадку пераследу за ўдзел у акцыі звяртацца да юрыстаў РЭП і БХК, якія працуюць у рэгіёне. Пасля завяршэння акцыі мясцовыя актывісты павялі Паўла Севярынца да машыны, каб яго не затрымалі, як было з палітыкамі ў Маладэчне.
Многія мясцовыя актывісты сцвярджаюць, што такіх шматлюдных акцыяў пратэсту ў Оршы не было з пачатку 90-х.
У Рагачове акцыя пачалася ў 16.00, заяўлена два месцы збору людзей. Людзі прыехалі з іншых гарадоў - Гомеля, Жлобіна, лідараў няма, людзі самі самаарганізуюцца, збіраюцца аб'яднацца групамі.
"Дармаеды ў нас служачыя, чыноўнікі і міліцыянеры. Тут міліцыянер ахоўвае, у міліцыі міліцыянер ахоўвае міліцыю, у судзе сядзіць міліцыянер ахоўвае. Я падлічыў - у Гомельскай вобласці 109 міліцыянераў сідзяць і толькі ахоўваюць. Гэта цэлы райаддзел дармаедаў!" - сказаў адзін з удзельнікаў.
Шмат пенсіянераў выйшла падтрымаць моладзь.
Калона ў Рагачове рушыла на плошчу, дзе ужо каля 100 чалавек сабралася.
Людзі аб'ядналіся і скандуюць: "Не дэкрэту №3, Лукашэнка сыходзь"
Адзін з удзельнікаў кажа, што цяпер самы час рабіць выбар з кім ты: з народам ці з урадам. Свой выбар ён ужо зрабіў.
Людзі ў Рагачове спрачаюцца паміж сабой, нават часам сварацца. Выказваюць сваю незадаволенасць у прамым эфіры Радыё "Свабода" і Беласату.
Праз дзве гадзіны ад пачатку мерапрыемства людзі пачынаюць разыходзіцца. У акцыі прымала ўдзел каля 500 чалавек. Затрыманняў не адбывалася.