Затрыманні на Брэстчыне
12 сакавіка праваабаронцы з рэгіянальных аддзяленняў “Вясны” паведамляюць пра затрыманні актывістаў у Брэсце і Кобрыне.
У Берасце прыкладна а 10-й раніцы быў затрыманы блогер Дзмітрый Гарбуноў, які вядзе "Народны рэпарцёр" на YouTube. Ад яго прыйшло смс: "Мяне ўзялі". На тэлефанаванне не адказвае. Па інфармацыі праваабаронцы Рамана Кісляка, затрыманы і другі аўтра блогу - Сяргей Пятрухін.
З 11-й гадзіны супрацоўнікамі Маскоўскага РАУС Брэста, якія з’явіліся ў цывільным, у сваім доме заблакаваны Павел Кінчак - выступоўца на першых дзвюх акцыях “недармаедаў”. На гэты раз яму забаронена выязджаць у горад да 16 гадзінаў.
Тым часам у Кобрыне затрыманы Алесь Мех з сябрам Васілём Андрэюком. Яны накіроўваліся на акцыю ў Брэст на машыне, якую спыніла кобрынская міліцыя нібыта для праверкі на прадмет таго, ці ні знаходзіцца аўтамабіль у вышуку. Іх адвезлі ў Кобрынскі РАУС, развялі па розных кабінетах. Капітан Міхаіл Шарапаў, які забраў Меха для допыту ў свой кабінет, прычыну не паведаміў, хоць актывіст неаднаразова запытваўся. З гэтай нагоды Алесь Мех піша скаргу ў пракуратуру.