“Беларусь павінна прызнаць права свайго народа на мірны пратэст і спыніць пераслед праваабаронцаў”
Міжнародныя арганізацыі FIDH і OMCT у сумеснай заяве асудзілі затрыманні праваабаронцаў, назіральнікаў і журналістаў у офісе ПЦ "Вясна" 25 сакавіка.
Жэнева - Парыж
25 сакавіка 2017 г.
Прынамсі 57 чалавек, задзейнічаных у маніторынгу бягучых мірных акцый пратэсту, у тым ліку замежныя грамадзяне з Францыі, Германіі, Украіны і Расіі, былі затрыманыя ў офісе Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў Мінску. Затрыманні адбыліся напярэдадні мірных акцый пратэсту, запланаваных на 25 сакавіка 2017 г. Затрыманні дэманстрантаў, журналістаў і назіральнікаў, як паведамляецца, працягваюцца.
А 13-й гадзіне 25 сакавіка 2017 года ўзброеныя супрацоўнікі спецыяльнага падраздзялення міліцыі ў масках уварваліся ў офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”, прымусілі прысутных легчы на падлогу, а потым даставілі іх на аўтобусе ў Першамайскі РАУС г. Мінска. Сярод затрыманых некалькі сябраў ПЦ “Вясна”, кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, каардынатарка Front Line Defenders Марыя Шышчанкова і адна з кардынатараў украінскай арганізацыі “Крым-SOS” Яўгенія Андрэюк. Група прымала ўдзел у нарадзе па каардынацыі маніторынгу акцый пратэсту.
Праз некалькі гадзінаў усе яны былі адпушчаныя без прад'яўлення абвінавачванняў. Спецыяльнае падраздзяленне міліцыі не мела санкцыі на ператрус у офісе. Канфіскацыі матэрыялаў або абсталявання не адбывалася.
“Калегі былі затрыманыя жорстка — іх кінулі на падлогу супрацоўнікі спецыяльнага падраздзялення міліцыі”, — сказаў старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.
Прынамсі адзін чалавек быў дастаўлены ў бальніцу.
Сяброўская арганізацыя FIDH у Беларусі ПЦ "Вясна" з'яўляецца адной з асноўных крыніцаў незалежнай інфармацыі аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, у сувязі з нядаўнім падаўленнем мірных пратэстаў супраць Дэкрэта прэзідэнта № 3, які ўвёў падатак на беспрацоўе.
“Забарона на права на свабоду мірных сходаў не з'яўляецца прыкметай сілы. Гэта хутчэй прыкмета слабасці і няўпэўненасці беларускага рэжыму”, — сказаў прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.
“Беларусь павінна прызнаць, што яе народ мае права на мірны пратэст, і яна павінна спыніць пераслед праваабаронцаў. Устанаўленне больш цесных сувязяў паміж ЕС і Беларуссю не можа служыць апраўданнем для адсутнасці ціску на краіну з боку міжнароднай супольнасці”, — сказаў Генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) Джэральд Стэйброк.
Маштабныя рэпрэсіі, найбуйнейшыя з часу 2010 года, калі ЕС і ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да Беларусі за масавыя парушэнні правоў чалавека, даказваюць адсутнасць якіх-небудзь зменаў у характары гэтага рэпрэсіўнага рэжыму.
Заяву таксама падпісала Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў.