viasna on patreon

Рэпрэсіі ў Беларусі: каля 200 затрыманых і арыштаваных за два тыдні. Заява FIDH і ПЦ “Вясна”

2017 2017-03-17T19:46:25+0300 2017-03-17T19:49:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minsk-15.03.2017a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Марш недарамаедаў" у Мінску 15 сакавіка. Фота ПЦ "Вясна"

"Марш недарамаедаў" у Мінску 15 сакавіка. Фота ПЦ "Вясна"

17 сакавіка 2017 г.

Парыж - Мінск

Новыя рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, якія адбываюцца ў цяперашні час у Беларусі, пацвярджаюць адсутнасць палітычных зменаў, адзначаецца ў сумеснай заяве FIDH і Праваабарончага цэнтра "Вясна". Праз год пасля таго, як ЕС зняў санкцыі супраць Беларусі, улады краіны вяртаюцца да жорсткіх і гвалтоўных рэпрэсій для падаўлення самых масавых пратэстаў з часоў прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года.

Хваля пратэстаў была выклікана будаўніцтвам бізнес-цэнтра каля ўрочышча Курапаты, месца масавых расстрэлаў у перыяд праўлення Сталіна, а таксама так званым «зборам з сацыяльных утрыманцаў» у адпаведнасці з Дэкрэтам прэзідэнта № 3, які ўвёў падатак на беспрацоўе. Сярод больш як 200 апазіцыянераў, журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў і звычайных грамадзянаў, затрыманых падчас пратэстаў з пачатку сакавіка, некалькі былых палітвязняў і лідараў апазіцыі. Павел Севярынец быў арыштаваны 12 сакавіка і асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у дэманстрацыі ў Воршы; Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька і Юрый Губарэвіч былі арыштаваныя 10 сакавіка і асуджаныя да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у дэманстрацыі ў Маладзечне, што перашкодзіла ўсім ім удзельнічаць у запланаванай і санкцыянаванай дэманстрацыі 15 сакавіка ў Мінску.

У сваю чаргу, шэраг іншых апазіцыйных і грамадзянскіх актывістаў былі арыштаваныя напярэдадні пратэстаў для прадухілення іх удзелу ў дэманстрацыях. Так, 12 сакавіка кіраўніку Аршанскай гарадской арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Валянціне Ігнаценка пагражалі арыштам і вымусілі яе застацца дома. Яшчэ адзін актывіст АГП з Магілёва, Уладзімір Шанцаў, быў падвергнуты прэвентыўнаму арышту напярэдадні акцый пратэсту 15 сакавіка, а раніцай 15 сакавіка быў арыштаваны актывіст АГП у Гомелі Уладзімір Няпомняшчых.

Нягледзячы на затрыманні, 15 сакавіка некалькі тысяч грамадзянаў выйшлі на вуліцы Мінска, Магілёва, Гродна, Віцебска і іншых гарадоў. Па меншай меры 70 пратэстоўцаў былі затрыманыя 15 сакавіка і 54 на наступны дзень былі асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў тэрмінамі да 15 сутак. Многія падвергліся адвольнаму затрыманню да пачатку дэманстрацый. Ім былі выстаўлены абвінавачанні, не звязаныя з акцыямі пратэсту: дробнае хуліганства, нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы і г.д. Іншыя былі затрыманыя пасля заканчэння дэманстрацый: альбо на бліжэйшых вуліцах, альбо ў грамадскім транспарце па дарозе дадому. Затрыманні праводзіліся невядомымі мужчынамі ў цывільным. Многія затрыманыя былі дастаўлены ў аддзяленнi мiлiцыi ў транспартных сродках без апазнавальных знакаў. Многія з іх, у тым ліку жанчыны і непаўнагадовыя, былі жорстка збітыя. Падчас дэманстрацыі былі заблакаваныя два незалежныя інтэрнэт-сайта («Хартыя-97» і «Беларускі партызан»), якія працуюць з-за мяжы.

У некалькіх гарадах былі праведзены ператрусы ў офісах апазыцыйных партый і рухаў, а таксама ў прыватных дамах і кватэрах.

Да 15 сакавіка, па інфармацыі сяброўскай арганізацыі FIDH ПЦ "Вясна", ахвярамі затрыманняў і іншых формаў пераследу сталі 126 чалавек, у сувязі з ажыццяўленнем імі права на свабоду мірных сходаў. Адзін чалавек быў змешчаны ў псіхіятрычную ўстанову на некалькі дзён, а затым вызвалены.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), толькi 12 сакавіка сярод затрыманых апынуліся 18 журналістаў і блогераў. Яны былі затрыманыя пры асвятленні масавых пратэстаў у некалькіх гарадах. Супрацоўнікі міліцыі выкарыстоўвалі розныя падставы, каб перашкодзіць працы журналістаў: праверка асобы, штраф за парушэнне правілаў стаянкі аўтатранспарту, падазрэнне ва ўгоне аўтамабіля, непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і парушэнне заканадаўства, звязанага са СМІ. Відавочна, што мэта палягала ў тым, каб не дапусціць атрыманне і распаўсюд журналістамі інфармацыі пра бягучыя падзеі. БАЖ асабліва падкрэслівае, што перашкоды ў працы СМІ ў той дзень, відавочна, каардынаваліся ўладамі. Акрамя таго, за два дні да гэтага пры вобшуку офісаў грамадзянскіх актывістаў у Бабруйску былі канфіскаваныя 155 асобнікаў газеты «Новы час». Два журналісты былі пасля асуджаныя да буйных штрафаў, трое былі асуджаныя да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а чацвёра яшчэ чакаюць суда.

Сёння, 17 сакавіка 2017 года, двух праваабаронцаў, сябраў Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна" Леаніда Судаленку і Анатоля Паплаўнага, судзілі за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту». Леанід Судаленка падаў больш за 200 скаргаў ад імя грамадзянаў на палажэнні Дэкрэта № 3, які, як мяркуюць, з'яўляецца прычынай масавых пратэстаў.

Акрамя рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі супраць «збору за беспрацоўе», іншыя актывісты былі затрыманыя за акцыю пратэсту супраць будаўніцтва гандлёвага цэнтра каля мемарыяльнага комплексу «Курапаты». 10 сакавіка 2017 году за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах былы палітвязень і лідар моладзевага руху «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч быў асуджаны да трох сутак адміністрацыйнага арышту. Яго затрыманне звязана з пратэстамі, якія ўспыхнулі 23 лютага 2017 года супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра побач з месцам пакарання смерцю і пахавання тысяч ахвяраў сталінскіх палітычных рэпрэсій. Улады, у канчатковым выніку, спынілі будаўніцтва. Акрамя таго, 7 сакавіка 2017 года да трох сутак адміністрацыйнага арышту быў асуджаны грамадзянскі актывіст Сяргей Пальчэўскі.

«Прэзідэнт Беларусі прыпыніў прымяненне спрэчнага Дэкрэта, а таксама будаўніцтва бізнес-цэнтра на фоне масавых акцый пратэсту: у нейкай ступені голас народа быў пачуты, - заявіў Дзімітрыс Хрыстопулас, Прэзідэнт FIDH. - Аднак у 2017 годзе іншадумства і свабода СМІ ў Беларусі не больш дапушчальныя, чым у 2010 годзе, калі ў дачыненні да краіны былі ўведзеныя санкцыі за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Рэжым захаваў сваю рэпрэсіўную прыроду, у той час як санкцыі ЕС былі зняты без пераканаўчых доказаў якіх-небудзь сістэмных і сістэматычных зменаў».  

Даведачная інфармацыя

Для атрымання дадатковай інфармацыі глядзіце даклады FIDH і ПЦ "Вясна":

Па адвольных адміністрацыйных затрыманнях у Беларусі і ўмовах утрымання пад вартай:

«Адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Беларусі»

ПЦ "Вясна": «Справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь, 2013 г.»

FIDH - HRC «Вясна»: «Умовы ўтрымання пад вартай у Рэспубліцы Беларусь, 2008 г.»

FIDH: «Беларусь. Абмежаванне палітычных і грамадзянскіх правоў грамадзян пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года»

Пра практыку прымусовай працы і паўсюдных парушэннях правоў працоўных у Беларусі:

«Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства