Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (9-15 траўня)
На мінулым тыдні ў Менску судзілі рэкордную колькасць удзельнікаў Плошчы – 27 чалавек. Вынесены першы прысуд па крымінальнай справе па абвінавачванню ў арганізацыі масавых беспарадкаў – экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў пакараны пазбаўленнем волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на 5 гадоў. Іншыя ўдзельнікі паслявыбарчага мітынгу, якіх судзілі разам з палітыкам, асуджаныя: Алег Гнедчык – на 3,5 гады, Ілля Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў, Уладзімір Яроменка – на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Па тры гады калоніі строгага рэжыму за ўдзел у масавых беспарадках 19 снежня атрымалі Сяргей Казакоў, Віталь Мацукевіч, Яўген Сакрэт і Уладзімір Лобан, па тры з паловай – Дзмітрый Даронін і Алег Федаркевіч. Па-ранейшаму абмяжоўваецца свабода слова і асацыяцыяў, аказваецца адміністрацыйны ціск.
Палітычна матываваны крымінальны пераслед
11 траўня ў судах Менску адначасова пачаліся адразу пяць судовых працэсаў над 27 удзельнікамі акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 году.
У Ленінскім райсудзе пачаўся разгляд справаў былых кандыдатаў у прэзідэнты Міколы Саткевіча і Дзмітрыя Уса па абвінавачванню іх у арганізацыі масавых беспарадкаў, а таксама удзельнікаў акцыі Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава. Былі зачытаныя паказанні адсутных на паседжанні пацярпелых, у тым ліку намесніка камандзіра палка міліцэйскага спецназу Кашталанава. У той жа час пісьмовымі дакументальнымі крыніцамі траўмы міліцыянтаў, нібыта атрыманыя імі на Плошчы, у многіх выпадках не падцвярджаюцца. Пасля прагляду відэаматэрыялаў Класкоўскі заявіў пра мантаж стужкі ў КДБ.
11 траўня ў Завадскім райсудзе пачаўся працэс над сустаршынём аргкамітэту па стварэнні партыі БХД і кіраўніком перадвыбарчага штабу В.Рымашэўскага Паўлам Севярынцам; журналісткай, жонкай А. Саннікава Ірынай Халіп і кіраўніком перадвыбарчага штабу М.Статкевіча Сяргеем Марцалевым, абвінавачваемых у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 КК РБ). 13 траўня дзяржабвінаваўца запрасіў Севярынцу 3 гады абмежавання волі, Халіп і Марцалеву па 2 гады з адтэрміноўкай. Прысуд будзе абвешчаны 16 траўня. Суддзя Жанна Брысіна.
У Фрунзенскім райсудзе працягваўся працэс па справах былых кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, сяброў штабу У.Някляева Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Сяргея Вазняка і даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі. Яны абвінавачваюцца па ч. 1 арт. 342 КК РБ – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”, што караецца максімальным тэрмінам у тры гады.
12 траўня суддзя Маскоўскага райсуду Алена Шылько вынесла пакаранне удзельнікам Плошчы: Сяргею Казакову, Віталю Мацукевічу, Яўгену Сакрэту, Уладзімеру Лобану – па тры гады калоніі строгага рэжыму, Дзмітрыю Дароніну і Алегу Федаркевічу – па тры з паловай гады. Усе яны прызнаныя віноўнымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ). Праваабаронцы падрыхтавалі аналітычны агляд судовага працэсу і лічаць прысуд незаконным і палітычна матываваным, жорсткім і непрапарцыйным пакараннем у параўнанні са здзейсненымі імі правапарушэннямі, тым больш, што ў дзеяннях Мацукевіча ўвогуле прысутнічаюць толькі прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння.
14 траўня ў Партызанскім
райсудзе завяршыўся працэс супраць Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега
Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменкі. Суддзя Наталля Чацвертакова абвясціла прысуд: Саннікаў атрымаў мінімальнае пакаранне па прад’яўленаму яму артыкулу – ч. 1
арт. 293 КК РБ – пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на 5 гадоў;
Гнедчык асуджаны на 3,5 гады, Васілевіч, Мірзаянаў і Яроменак – на 3 гады
калоніі ўзмоцненага рэжыму.
10 траўня адбыўся суд над экс-прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Беларусі прафесарам Іванам Куліковым, які зняў сваю кандыдатуру на этапе збору подпісаў. Заводскі райсуд сталіцы прызнаў загадчыка лабараторыі Інстытута энэргетычных і ядзерных даследванняў "Сосны" І. Кулікова віноўным у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым ў буйным памеры (ч. 3 арт. 201 КК РБ), і пакараў на 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады.
Старшыня спецыяльнай рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі Ута Цапф не змагла патрапіць на судовы працэс над экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам. 10 траўня яна даведалася пра адмову ў атрыманні беларускай візы.
12 траўня абсалютная большасць прысутных на пленарнай сесіі ў Страсбургу еўрадэпутатаў прынялі чарговую рэзалюцыю па Беларусі. Еўрапарламент зноў заклікаў Еўракамісію, Савет ЕС і Высокага прадстаўніка па замежнай палітыцы "пашырыць абмежавальныя захады супраць беларускага рэжыму, уключна з увядзеннем кропкавых эканамічных санкцый".
Затрыманні і адміністрацыйныя пакаранні
Позна ўвечары 10 траўня ў менскім метро былі затрыманыя студэнткі ЕГУ Кацярына Клімко (пасля 19.12 была арыштавана на 10 сутак) і Наталля Дрыленка. Міліцыянты з пункту аховы правапарадку на ст.м. "Кастрычніцкая" заявілі, што на дзяўчын будуць складацца пратаколы за нецэнзурную лаянку, аднак у 4 раніцы нечакана адпусцілі.
12 траўня адзін з затрыманых напярэдадні ў Наваполацку актывістаў Віктар Калеснік аштрафаваны на 2 б.в. (70 тыс. руб) за «нецэнзурную лаянку».
13 траўня ў Вілейцы адбыўся суд над мясцовым актывістам Валянцінам Суслам. За адмову здаць адбіткі пальцаў ён пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. руб). Пакаранне ў выглядзе штрафу старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васілю Палякову за адмову ад дактыласкапіі касацыйная інстанцыя таксама пакінула ў сіле.
13 траўня ў Гомелі супрацоўнікі міліцыі затрымалі дэмакратычнага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых ў адным з камерцыйных банкаў, дзе ён стаяў у чарзе, каб набыць валюту. Прычынай затрымання сталі надпісы на майцы «За Беларусь без Лукашэнка», і «Хватит, достал», а таксама значак з надпісам «Купю нестабільную валюту».
14 траўня ў Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі і даставілі ў Першамайскі РУУС намесьніка старшыні “Маладога Фронту” Міколу Дземідзенку. У чым яго абвінавацілі пакуль невядома, але актывіст да суду змешчаны ў ізалятар на Акрэсціна.
Абмежаванні свабоды слова
Карэспандэнт польскай «Газэты выборчай» Андрэй Пачобут пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Яму выстаўлена абвінавачанне па двух артыкулах КК РБ: 368 (частка І) — «абраза» і 367 (частка І) — «паклёп» у адносінах да прэзідэнта. Па першым з іх прадугледжана пакаранне да двух гадоў зняволення, па другім — ад двух да чатырох гадоў. Ад 6 красавіка А. Пачобут утрымліваецца за кратамі.
10 траўня касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду адхіліла скаргу "Аўтарадыё", у якой радыёстанцыя прасіла прызнаць несапраўдным судовае рашэнне ад 29 сакавіка. Тады Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанню пра спыненне вяшчання гэтай радыёстанцыі.
10 траўня Кастрычніцкі райсуд Віцебску на падставе двух адміністрацыйных пратаколаў пакараў рэгіянальнага журналіста Уладзіслава Стараверава штрафам у сукупным памеры 25 б.в.(875 тыс. руб): 3 б.в. за нецэнзурную лаянку і 22 – за непадпарадкаванне міліцыі падчас затрымання 26 красавіка. На судовы працэс журналіст адмовіўся ісці, бо не меў спадзеваў давесці сваю рацыю ў судзе: суддзя Алеся Жарыкава не задаволіла хадайніцтва, каб паказалі відэазапіс, зроблены міліцэйскім аператарам, ці былі факты правапарушэння з ягонага боку.
Справу па зыску Мінінфармацыі да «Нашай Нівы» прыпынілі: 11 траўня Вярхоўны гаспадарчы суд падчас папярэдняга паседжання па справе аб закрыцці незалежнага выдання “Наша Ніва” задаволіў хадайніцтва адказчыка пра перанос разгляду да моманту абскарджвання трэцяга папярэджання, вынесенага Міністэрствам інфармацыі газеце, што мае адбыцца 18 мая.
На 17 траўня перанесена падрыхтоўчае судовае паседжанне па іску Мінінфармацыі да газеты “Народная Воля” у сувязі з камандыроўкай юрыста, які будзе прадстаўляць у судзе інтарэсы незалежнага выдання.
Больш за дзвесце подпісаў сабралі актывісты бабруйскай арганізацыі АГП пад патрабаваньнем спыніць пераслед незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Паводле кіраўніка партыйнай арганізацыі Віктара Бузінаева, сто семдзесят подпісаў ужо адпраўленыя заказным лістом міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму.
Магілёўская абласная пракуратура адмяніла папярэджанне, якое было вынесена Крычаўскай раённай пракуратурай рэдактару незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргею Няроўнаму.
Катаванні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжання
13 траўня падчас разгляду крымінальнай справы ў судзе экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў заявіў, што даваў паказанні ў СІЗА КДБ пад катаваннямі. Фактычна, ён паўтарыў тое, што казаў раней Алесь Міхалевіч: распраналі данага, ставілі на расцяжку ля сцяны, прымушалі прысядаць, нягледзячы на хворую нагу, людзі ў масках дазвалялі ўдары дубінкамі па спіне, тычкі, пазбаўленне перапіскі і г.д. Падчас усіх допытаў аказваўся фізічны і псіхалагічны ціск.
Асуджаны Аляксандр Атрошчанкаў падчас сустрэчы з жонкай у калоніі "Віцьба-3" таксама падцвердзіў словы Алеся Міхалевіча пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ. “Менавіта пасля выступу Міхалевіча катаванні спыніліся. Магчыма, у КДБ спужаліся гэтага розгаласу», – мяркуе Дар’я Корсак. Таксама, па словах палітвязня, у якасці псіхалагічнага ціску выкарыстоўвалі электрашокеры: шчоўкалі імі над вухам, каб спалохаць зняволеных і атрымаць патрэбныя паказанні.
Абмежаванні права на свабоду асацыяцый
Гаспадарчы суд
Менску задаволіў пазоў ЖРЭА Савецкага раёну сталіцы аб высяленні Партыі БНФ, грамадскага аб'яднання "БНФ "Адраджэнне", а
таксама іх менскай гарадской і абласной структуры з офісу па адрасу пр-кт
Машэрава, 8. Партыя арандавала гэтае памяшканьне з 1992 году.
"Праваабарончая хроніка"