Яшчэ адно «дробнае хуліганства»
Адзін з затрыманых учора ў Наваполацку актывістаў, Віктар Калеснік, аштрафаваны сёння на 70 тысяч беларускіх рублёў за «нецэнзурную лаянку».
Па словах Віктара, яго таварышаў Яўгена Парчынскага і Іллю Багданава пасля трохгадзіннага затрымання і напісання тлумачальных наконт іх месцазнаходжання апошнія некалькі гадзін адпусцілі з абяцаннямі хутка выпусціць і яго. Аднак самога Віктара правялі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе актывіст правёў ноч. На яго быў складзены пратакол за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы.
Раніцай на суд не з’явіліся сведкі-міліцыянты. Актывісту прапанавалі выбар: альбо ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання да таго часу, пакуль усе супрацоўнікі міліцыі не змогуць прыбыць у суд, альбо ён можа адразу заплаціць мінімальны штраф за дробнае хуліганства. Віктар Калеснік абраў штраф.
«Праваабарончая хроніка»