viasna on patreon

Еўрадэпутаты заклікалі Еўракамісію і Савет ЕС увесці эканамічныя санкцыі

2011 2011-05-13T09:33:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

12 траўня абсалютная большасць прысутных на пленарнай сесіі ў Страсбуры еўрадэпутатаў прынялі чарговую рэзалюцыю па Беларусі. Еўрапарламент зноў заклікаў Еўракамісію, Савет ЕС і Высокага прадстаўніка па замежнай палітыцы "пашырыць абмежавальныя захады супраць беларускага рэжыму, уключна з увядзеннем кропкавых эканамічных санкцый".

Еўрапарламент лічыць усе абвінавачанні на падставе крымінальнай справы па масавых беспарадках адвольнымі і палітычна матываванымі. Рэзалюцыя падкрэслівае, што судовыя працэсы не мелі справядлівага характару: напрыклад, адвакатам перашкаджалі працаваць, ды віна абвінавачаных не была даказана як след.

Еўрапарламент лічыць абвінавачанні супраць Някляева, Рымашэўскага, Статкевіча, Уса і Саннікава незаконнымі і недапушчальнымі ды заклікае апраўдаць былых кандыдатаў. На гэтай падставе еўрадэпутаты заклікаюць да вызвалення ўсіх зняволеных мітынгоўцаў і зняцця з іх абвінавачанняў.

Дакумент таксама асуджае беларускія ўлады за неправядзенне незалежнага расследавання празмернай сілы міліцыянтаў і спецслужбаў супраць мітынгоўцаў, асабліва за адмову забяспечыць працу спецыяльнай місіі пад эгідай АБСЕ.

Асобную ўвагу еўрадэпутаты надзяляюць сітуацыі са СМІ. Яны адзначаюць ўсё большы ціск на незалежныя медыі і журналістаў, заклікаюць улады вызваліць журналіста Андрэя Пачобута, замарозіць працэдуры закрыцця “Народнай Волі” і “Нашай Нівы”, ды не абмяжоўваць доступ па інтэрнэт-сайтаў “Хартыя'97” і “Беларускі партызан”.

Апрача таго, рэзалюцыя заклікае не чыніць перашкодаў дзейнасці расійскіх і ўкраінскіх праваабаронцаў, а таксама не дыскрэдытаваць беларускіх, прыгадваючы нядаўнія словы Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўных СМІ пра “пятую калону ў краіне”.

Еўрадэпутаты звяртаюць увагу іншых органаў Еўрасаюза, што “ва ўмовах беспрэцэдэнтных рэпрэсій супраць апазіцыі ЕС мусіць знайсці шляхі дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці, апярэдзіць раскол палітычнай апазіцыі і падтрымаць палітычную альтэрнатыву Лукашэнку”.

 Нагадаем, сёлета Еўрапарламент у двух ранейшых рэзалюцыях (20 студзеня і 10 сакавіка) ужо заклікаў Еўракамісію і Савет ЕС да ўвядзення кропкавых эканамічных санкцый. Пакуль еўрапейскія замежныя міністры абмежаваліся візавымі абмежаваннямі на ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства