Партыю БНФ высяляюць з офісу
Гаспадарчы суд Менску прыняў рашэньне выселіць Партыю БНФ, грамадзкае аб'яднаньне "БНФ "Адраджэньне", а таксама іх менскую гарадзкую і абласную структуры з офісу на праспэкце Машэрава, 8 у Менску. Партыя арандавала гэтае памяшканьне з 1992 году.
З пазовам аб высяленьні структур Партыі БНФ выступіла ЖРЭА Савецкага
раёну Менску. У судзе яго прадстаўніца патлумачыла нежаданьне працягваць
арэнду офісу неабходнасьцю яго далейшага выкарыстаньня "для ўласных
патрэбаў". "Офіс ідэальна падыходзіць для разьмяшчэньня нашых уласных
службаў", – сказала яна.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў
паведаміў аб намеры абскардзіць рашэньне гаспадарчага суду. На яго
думку, верагоднасьць страты офісу вельмі вялікая. "Мы прапрацоўваем
розныя варыянты выхаду з сытуацыі, аднак цяпер усё ж сканцэнтраваны на
магчымасьці абараніць права на арэнду офісу ў судовым парадку", – сказаў
Кастусёў.
Тэрмін арэнды памяшканьня па праспэкце Машэрава, 8, у
якім знаходзяцца офісы Партыі БНФ, грамадзкага аб’яднаньня "БНФ"
Адраджэньне ", а таксама некалькі іх арганізацыйных структур, завяршыўся
31 сакавіка.
3 траўня 100 дзеячоў навукі, культуры, мастацтва,
праваабаронцаў, журналістаў падпісалі зварот да грамадзкасьці, старшыні
Мінгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі і в.а. начальніка ЖРЭА Савецкага раёну Алега Самуйліка з заклікам абараніць офіс Партыі БНФ.
Пытаньне
з офісам "выходзіць за рамкі спрэчкі гаспадарчых суб'ектаў",
падкрэсьлівалася ў звароце. "З высяленьнем офісу ЖРЭА ліквідуе
своеасаблівы востраў беларускасьці, на якім ішла актыўная грамадзкая і
культурная дзейнасьць... , дзе фармуецца грамадзянская супольнасьць
Беларусі", – падкрэсьлівалі аўтары звароту.
4 траўня гаспадарчы
суд Менску адмовіў грамадзкаму аб’яднаньню "БНФ" Адраджэньне "і Партыі
БНФ у пазове да ЖРЭА Савецкага раёну сталіцы адносна падаўжэньня арэнды
офісу.