viasna on patreon

Пакаранне Васілю Палякову за адмову ад дактыласкапіі пакінута ў сіле

2011 2011-05-12T10:15:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vasil_paliakou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні АГП  Васіль Палякоў

Намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў

Суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Улога 11 мая разгледзеў скаргу старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова і пакінуў у сіле рашэнне суда Савецкага раёна аб прыцягненні яго да адказнасці за адмову ад дактыласкапіі.

13 красавіка суд Савецкага раёна прызнаў Васіля Палякова вінаватым у парушэнні артыкула 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне законнаму  распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) і пакараў яго штрафам у памеры 25 базавых велічынь (875 тыс. рублёў). Гэта быў першы ў Беларусі судовы прысуд за адмову ад дактыласкапіі. У Беларусі адмова ад дактыласкапіі не з'яўляецца правапарушэннем, такім чынам, ніякай адказнасці за гэта той, хто адмовіўся прайсці гэтую працэдуру, несці не павінны. Аднак суддзя Галіна Сыцько ўгледзела ў дзеяннях Васіля Палякова віну ў тым, што ён не падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўнікам міліцыі.

Васіль Палякоў сваю адмову ад праходжання дактыласкапіі патлумачыў тым, што, па-першае, лічыць яе праявай дыскрымінацыі, па-другое, яна не з'яўляецца абавязковай, а па-трэцяе, у міліцыі няма адмысловых прылад для гэтай працэдуры. Пры гэтым ён заўважыў у судзе, што закон аб абавязковай дактыласкапіі не прадугледжвае пакарання за адмову ад працэдуры.

Гомельскі абласны суд прызнаў правамоцнасць рашэння раённага суда.

«Рашэнне не было нечаканым, таму што гэта справа мае палітычную афарбоўку. Яшчэ да таго, як з'явіўся закон аб абавязковай дактыласкапіі, усіх гвалтам прымушалі здаваць адбіткі пальцаў. Зараз тым больш дадзеная працэдура ўзведзена ў ранг спраў дзяржаўнай важнасці. Суд і раённы, і абласны выконваюць функцыю караючага органа ў адносінах да людзей, якія не згодны з палітыкай дзяржавы», - лічыць Палякоў.

 

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства