Дар’я Корсак: У КДБ вязняў палохалі электрашокерамі
Пра гэта жонка палітычнага вязня Аляксандра
Атрошчанкава даведалася ад мужа, калі ў калоніі «Віцьба-3» праходзіў дзень
адкрытых дзвярэй.
«Адміністрацыя спецустановы была вельмі ветлівая. Сваякам арыштаваных
арганізавалі экскурсіі ў сталоўку, медычную частку і ў пакоі, дзе жывуць
зняволеныя. Бачна, што карпусы толькі пасля рамонту і кіраўніцтва калоніі
вельмі ганарыцца сваёй гаспадаркай», – распавяла «Белсату» Дар’я Корсак.
Паводле жанчыны, паразмаўляць з мужам ёй удалося падчас канцэрту самадзейнасці
вязняў. «Саша пацвердзіў, што ўсё, пра што гаварыў Алесь Міхалевіч, – гэта
праўда. Болей за тое, менавіта пасля выступу Міхалевіча катаванні спыніліся.
Магчыма, у КДБ спужаліся гэтага розгаласу», – мяркуе Дар’я.
Аляксандр Атрошчанкаў таксама распавёў, што ў якасці псіхалагічнага ціску
выкарыстоўвалі электрашокеры: шчоўкалі імі над вухам, каб спалохаць затрыманых
і атрымаць патрэбныя паказанні.
Дар’я Корсак раней падала заяву ў пракуратуру, каб там праверылі факты
катаванняў. І як ёй стала вядома ад Аляксандра, у калонію прыязджаў следчы
пракуратуры: «Калі Саша пачаў распавядаць пра тое, што адбывалася у КДБ, следчы
парваў пратакол і пачаў пагражаць. Тады муж заявіў, што будзе з ім размаўляць
толькі ў прысутнасці адваката».
Дар’я гаворыць, што днямі атрымала ліст з пракуратуры. У ім пазначана, што
Аляксандр Атрошчанкаў адмовіўся даваць паказанні па выкладзеных ёю фактах. Але
жанчына зноў збіраецца скардзіцца ў пракуратуру на дзеянні яе супрацоўніка і з патрабаваннем праверкі па новых абставінах.
Нагадаем, прэс-сакратара кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава Аляксандра Атрошчанкава пакаралі чатырма гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму за «ўдзел у масавых беспарадках».