viasna on patreon

Саннікаў: Мяне катавалі ў турме КДБ

2011 2011-05-13T10:55:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў заявіў сёння ў судзе, што даваў паказанні ў СІЗА КДБ пад катаваннямі. Фактычна, ён паўтарыў тое, што казаў раней Алесь Міхалевіч. Маці Саннікава заплакала, калі слухала гэта.

«Моцна збітага мяне адвезлі ў СІЗА, пратрымалі пяць гадзін у памяшканні без магчымасці нават схадзіць у туалет. Потым перавялі ў камеру без месцаў, пад нарамі, з хворай нагой, там было вельмі цяжка знаходзіцца».

У камеры вельмі холадна, — расказаў ён. — Нават калі далі месца, то ляжаў тварам да святла, прымушалі не мяняць позы. Калі я засынаў і пераварочваўся ў сне, то будзілі ўсю камеру і прымушалі легчы ў тую ж позу.

Зноў перавялі ў іншую камеру, пад нары. Цябе выводзяць з камеры з усімі рэчамі — матрац, пасцельныя прыналежнасці, гоняць па крутой лесвіцы ўніз, людзі ў масках. Яны былі добра падрыхтаваныя, агрэсіўныя. Калоцяць дубінкамі па лесвіцы, сценах, крычаць нечалавечымі галасамі. Заводзяць у сутарэнні, дзе раздзяваюць дагала. Ставяць на расцяжку да сценкі. Прымушаюць прысядаць, нягледзячы на тое, што ў мяне хворая нага.

Потым дазваляюць адзецца. У прысутнасці трох чалавек у масцы. Такое рабілася штодзённа. Я быў пазбаўлены права на перапіску.

Людзі ў масках дазвалялі ўдары дубінкамі па спіне, тычкі. Я быў у скоцкім стане, пад нарамі, з хворай нагой.

Рэкамендавалі пісаць заяву на імя Лукашэнкі, як іншых кандыдатаў. Я даведаўся, што майго сына хацелі скрасці службы апекі. Мне было сказана КДБшнікамі, калі я хачу дапамагчы жонцы, то я павінен даваць паказанні.

«31 снежня ў мяне была прымусовая гутарка з старшынём КДБ Вадзімам Зайцавым, які пагражаў жыццём і здароўем жонкі і дзіцяці. Калі я адмовіўся, то Зайцаў сказаў, што супраць іх будуць больш жорсткія метады. Я быў уражаны. І зразумеў, што ад мяне залежыць жыццё жонкі і дзіцяці.

Вось што, па словах Саннікава, было далей:

«Потым стаў працаваць аператыўнік Фяцісаў, які, згодна з заяўленымі Зайцавым тэмамі, рыхтаваў мяне да допытаў, казаў, якія тэмы яго цікавяць: пытанні фінансавання, кантактаў з замежнікамі. Перад першым допытам было абумоўлена, як я павінен асвятліць тыя ці іншыя тэмы.

Фяцісаў прыйшоў, каб пераканацца, што я буду даваць неабходныя паказанні. Быў складзены падрабязны план майго допыту і папярэдзіў, што спасылкі на Канстытуцыю, што я адмаўляюся ад паказанняў, не будуць прымацца.

У мяне моцна забалела печань перад першым допытам. Але я баяўся, што магу даць паказанні, якія дапамогуць жонцы. Мне было адмоўлена ў адвакацкай абароне.

Упершыню 22 сакавіка сам-насам я змог сустрэцца з адвакатам. Нават мае патрабаванні даць мне дакументы, Канстытуцыю і Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека не былі задаволеныя.

Адвакату на допытах адводзілася роля статыста. Забаранялі нават глядзець на адваката. На ўсіх допытах у мяне было дрэннае самаадчуванне, але я не адмаўляўся даваць паказанні.

Падчас усіх допытаў быў фізічны і псіхалагічны ціск. Цяпер я тлумачу, чаму мае паказанні ў ходзе папярэдняга следства не супадаюць з тымі, што я даю цяпер».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства