Уладзіслава Стараверава аштрафавалі на 875 тысяч рублёў
Судовы працэс, на якім віцебскі журналіст адмовіўся прысутнічаць, бо катэгарычна не прызнае сваю віну, скончыўся двума штрафамі: на 3 базавыя велічыні Уладзіслаў Старавераў аштрафаваны за нецэнзурную лаянку і на 22 – за непадпарадкаванне міліцыі падчас затрымання 26 красавіка.
Журналіста затрымалі падчас жалобнай акцыі да ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі, бо супрацоўнікам міліцыі не спадабалася, што іх, як і ўдзельнікаў, таксама фотаграфуюць.
Суддзя Алеся Жарыкава не задаволіла хадайніцтва Уладзіслава Стараверава, заяўленае ім яшчэ падчас першага судовага пасяджэння па гэтай справе, якое адбылося 27 красавіка. Журналіст прасіў, каб у судзе паказалі відэазапіс, зроблены міліцэйскім аператарам, бо на ім было бачна, ці былі факты правапарушэння з ягонага боку. Суддзя сказала, што праглядзець запіс немагчыма, і пастанову абгрунтавала на паказаннях сведкаў-міліцыянтаў і загадчыка ідэалагічнага аддзелу Кастрычніцкага райвыканкаму.
Паказанні віцебскіх актывістаў, таксама відавочцаў затрымання, прынятыя да ўвагі не былі, распавяла прысутная ў судзе Тацяна Севярынец:
-- Мы, усе пяцера, распавядалі, як на Уладзіслава Стараверава накінуліся са спіны без аніякіх папярэджанняў, як яго збівалі начальнік міліцыі грамадзкай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Скарыновіч і ягоны калега з Кастрычніцкага РАУС Аляксандар Каліноўскі. Мы казалі, што журналіст не брыдкасловіў і толькі прасіў выклікаць міліцыю, бо тыя, хто на яго накінуліся, нават не назвалі сябе, не тое, каб выказвалі нейкія патрабаванні! Але спадар Мацьвееў, галоўны раённы “ідэаолаг”, заявіў, што ўсе было наадварот: маўляў, да Стараверава падышлі міліцыянты, прадставіліся па ўсей форме і ветліва папрасілі іх не фотаграфаваць. А калі журналіст не спыніў сваіх дзеянняў, яго, гэтаксама ветліва, правялі да машыны”.
Тацяна Севярынец дадала, што суддзя Алеся Жарыкава прачытала сваю пастанову, нават не выходзячы з залы пасля сканчэння працэсу: відавочна, пастанова была гатовая загадзя, і не было патрэбы яе рыхтаваць з улікам паказанняў сведкаў.
Уладзіслаў Старавераў, не спадзеючыся на справядлівы прысуд, на працэс не з’явіўся і ўвогуле заявіў, што на няпэўны час пакідае Беларусь. Але ён падкрэсліў, што палітуцекачом быць не збіраецца і мяркуе працягваць журналісцкую дзейнасць.
“Праваабарончая хроніка”